Паглядзець цалкам “Іржавы пакой з белымі шпалерамі”... назва прыйшла праз адну падзею. Неяк так адным вечарам я самотна жлукціў і гартаў Арцюра Рэмбо, дзе патрапіў на верш “Венера Андыямэна”, які пачынаўся словамі “З іржавай ванны, быццам з труны бляшанай...”, і так мне гэтыя словы закінуліся, што я нават пад раніцу, прачнуўшыся з хвораю галавою, у шэрым пакоі з нейкімі белымі шпалерамі, адразу ўспомніў радкі, і вырашыў, як мая новая кніга будзе называцца. “Іржавы пакой” даволі вялікі ― 400 старонак і 57 апавяданняў, і складзены з дзвюх частак: збору апавяданняў і літаратурнага праекту. Большую частку гэтай кнігі я мушу скончыць у Веймары, гэта нягледзячы на тое, што паралельна пішу раман і падарожныя занатоўкі… Чаму пад адну вокладку патрапілі адразу так бы мовіць два розныя праекты? Таму, што выдаваць у Беларусі адразу дзве кнігі – гэта дурная раскоша, няма грошай ні ў выдаўцоў, ні ў пісьменнікаў, ні ў фундатараў і спонсараў, карацей ― гамон! Першая частка кнігі, збор апавяданняў “Волкі хлеб”, аб’яднаная адным героем, якога завуць Гераня Латураў. І ён фігуруе амаль ва ўсіх апавяданнях, за выключэннем трох ці чатырох, лічыць дакладна не буду. Гэты збор апавяданняў досыць рознакаляровы як па апавяданнях, так і па эстэтыцы і тэматыцы, часта праз галоўнага героя чуюцца словы аўтара, часта наадварот, ідзе нейкі ўнутраны маналог, наканаваны прыхаваць сапраўдныя думкі, ідэі… Шмат якія апавяданні патрапілі пад уплыў тых ці іншых пісьменнікаў, якіх я сам знаходжу досыць цікавымі. Я, вядома не буду казаць нічога канкрэтнага пра гэтыя апавяданні, але працытую Сэліна, які заўжды на пытанне пра новую кнігу казаў так: “Што я тут магу сказаць, чаго вы ад мяне хочаце, вунь, кніга ўжо напісаная, усё (!), трэба яе браць і чытаць!” І казаў ён гэта звычайна эмацыйна і нават пакрыўджана. Адзінае, што я дадам пра першую частку кнігі, гэта тое, што яна ў некаторых месцах досыць метафарычная, складаная і мае ў сабе некалькі слаёў сюжэтнага і інтэрпрэтацыйнага матэрыялу, ну і па-першае ― цытаванне і метафарычнасць пачынаюцца як з імёнаў і прозвішчаў, так і з месцаў і сюжэтных паваротаў. Я пазмагаўся за тое, каб чытаць было не проста цікава, але ў некаторых момантах была магчымасць нешта расшыфроўваць і цытаваць… Што тычыцца другой часткі, літаратурнага праекта “Апранутыя апавяданні”, то тут усё можа быць яшчэ складаней, бо за асноўную задуму я ўзяў раман Пітэра Грынуэя “Золата” і зрабіў інтэрпрэтацыю на свой лад, дзе асноўнай канвой, альбо так бы мовіць “завязкай” да аповеду, з’яўляецца вопратка, праз якую пачынаецца падарожжа па краінах, жыццях і лёсах людзей, гэта хутчэй штосьці кшталту вялікай гутаркі пра сэканд-хэнд на ўзроўні рэлігіі, містыкі, казачнасці, прыпавесці... апранутыя апавяданні насычаны гульнёй, героямі, пачуццямі, тэмпам развіцця сюжэта... Сяргей Календа, для knihi.by пра "Іржавы пакой"