Мастацкая літаратура
Сямейная сага чатырох пакаленняў ізраільцаў. Гісторыя пачынаецца ў 1920-х, у забалочанай Ізрээльскай даліне, куды прыбываюць габрэі-рэпатрыянты Магілёўшчыны, Міншчыны, Чарнігаўшчыны, Кіеўшчыны, а таксама іншых куткоў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
Забойства ва «Усходнім экспрэсе» — адзін з найбольш папулярных раманаў каралевы брытанскага дэтэктыва. Раман Агаты Крысці, што перажыў больш за дзясятак перавыданняў на мове арыгінала, шмат пастановак і дагэтуль натхняе рэжысёраў на экранізацыі, дайшоў да носьбітаў больш чым ста моў, а цяпер ёсць і ў нас — па-беларуску.
Адрыян — юнак з незвычайным дарам: ён умее чытаць думкі коней. Здавалася б, ад такога ўмення карысці няшмат. Але менавіта ад коней хлопец даведваецца пра чужыя сакрэты. Адрыян ведае, як адшукаць скарбы, і чакае, што яму за гэта добра заплоцяць. Аднак усё ляціць дагары нагамі, калі чарговы конь аказваецца аднарогам, а замоўца — хітрым разбойнікам…
Прыгодніцкае фэнтэзі для падлеткаў і дарослых, якія дагэтуль любяць казкі.
Тэмай сёлетніх “Запісаў” стала ўласна літаратура, ня толькі эміграцыйная, а беларуская цалкам. Тэксты літаратурнай тэматыкі публікуюцца ў розных разьдзелах нумару.
“Запрашэнне” — дэбютны паэтычны зборнік Ніны Лістоты. Яе вершы даюць надзею і натхненне кожнаму, у ix адчуваецца юнацкі давер будучыні. Гэтая кніга прапануе сустрэць разам світанне на даху шматпавярховіка — як у аднайменным вершы. Гэта — запрашэнне адчуць той свет, які прыдумала паэтка.
У гэтай кнізе Іны Снарскай жывуць яе родныя, суседзі, сябры з вёсак яе маленства на Полаччыне. Кожны аповед напісаны сэрцам, з вялікай любоўю да сваіх герояў. Завяршае кнігу аповесць, прысвечаная памяці маці, яе няпростаму лёсу і каханню.
Цяпер усё апублікаванае А. Бабарэкам пры жыцьці выглядае толькі надводнай часткай айсбэргу, бо большая частка таго, што стваралася пісьменьнікам, у друк ня трапіла. Шмат што засталося ў чарнавіках, накідах, плянах–схемах. Такім чынам, сёньня зьявілася магчымасьць адэкватнай ацэнкі творчасьці і асобы Адама Бабарэкі, а таксама літаратурнага працэсу 1920—30–х гг. увогуле.
У кнігу выдатнага майстра беларускай прозы Анатоля Кудраўца ўвайшлі выбраныя апавяданні і аповесць, якія раскрываюць змястоўнае багацце, стылістычную каларыстыку і грамадзянскую актуальнасць яго прозы. Наклад кнігі цалкам прададзены .
У кнігу «Зямныя эцюды», выхад якой прымеркаваны да 70-годдзя аўтара, увайшлі новыя вершы паэта, у якіх новыя перажыванні і фарбы настрояў, а таксама — адноўленыя ўспаміны аб пройдзеным ды перажытым.
Творы геніяльнага Кабзара — гэта своеасаблівыя пасланні “апостала праўды і навукі” не толькі яго землякам і сучаснікам, але і нам, сённяшнім беларусам, якіх ён вучыць любіць “свабоду, родны край і мову” (Янка Купала). Упершыню літаральна ўся ўкраінскамоўная паэзія Тараса Шаўчэнкі прадстаўлена ў класічных перакладах на беларускую мову.
У том 2 гэтага выдання увайшлі апошнія 12 песень (XIII—XXIV) «Іліяды» разам з каментарамі, змешчанымі ў зносках, слоўнікамі і спісам дадатковых крыніц дзеля больш поўнага разумення твора сучасным чытачом.
Гэтая кніга – амаль поўнае зьліцьцё аўтарскага голасу з наўкольнымі зыкамі: шаргаценьнем лістоты, яблыкападам, рэхам зьдзічэлых садоў. Але найперш – з птушынымі сьпевамі. І пераўвасабленьнем ва ўлюбёных арлоў, шлюбныя гульні якіх выкрасаюць у небе абрысы васьмёрак. Восем – лічба, за якою бясконцасьць.
Віктар Казько адлюстроўвае пошукі чалавекам тых сіл, што дапамогуць выстаяць у свеце, напоўненым трагічнымі падзеямі, і дадуць штуршок для руху наперад, да лепшага жыцця. Ён папярэджвае, што без беражлівага захавання спадчыны продкаў, чэрпання з яе адвечнай мудрасці не будзе будучыні ні ў народа, ні ў чалавецтва наагул.
Гэта кніга раскажа вам пра дзяўчынку Віку, якая каляднай парой гасцюе ў хроснай і трапляе ў свет неверагодных дзівосаў і цудоўных пераўтварэнняў. Урэшце і сама яна становіцца маленькай чараўніцай.
Дваццаць гісторый кахання рэальных людзей… Дваццаць спроб даведацца, што ж такое яно, каханне па-беларуску. Унікальнасць зборніка ў тым, што вы патрапляеце не толькі ў мастацкі свет, але і нібыта ў рэаліці-шоу. Вы пачуеце шчырыя споведзі і вядомых асобаў – мастакоў, тэатралаў, музыкаў, і звычайных, на першы погляд, людзей – але любові і жарсцям паміж імі маглі б пазайздросціць нават галівудскія зоркі.
У кнігу Анхелы Эспіноса Руіс “Колер крылаў” увайшлі паэтычныя творы (як новыя, так і выбраныя з ранейшых кніг), а таксама апавяданні, калумністыка. Асобным раздзелам прадстаўлены пераклады з бенгальскай, ангельскай, іспанскай, польскай, рускай, чэшскай і японскай моў. Літаратурная прэмія Міхася Стральцова 2019 года!
„У творчасці паэта ёсць адзін важны верш” - так піша Надзея Артымовіч у сваім эсэ „Паэзія – гэта вольнасць”, змешчаным у яе апошнім зборніку «Жоўтая музыка», выдадзеным нашай рэдакцыяй у 2005 годзе. Я не ведаю, які верш з'яўляецца гэтым адзіным, самым важным для яе самой. Спадзяюся, што ён увесь час пішацца. Але ж усё напісанае дагэтуль Надзеяй Артымовіч дае кожнаму з нас магчымасць адшукаць у яе паэзіі менавіта той самы, адзіны, важны верш – твой верш. Верш, які будзе ўсплываць у тваіх думках у розных неспадзяваных хвілінах і месцах. Верш – мантра, малітва, замова. Замова, мова, слова. Маўчанне – ці ж не самае таемнае і характэрнае для сакрум і прафанум ейнага жыццёва лёсу?
У кнігу ўвайшлі ўспаміны пра забаўныя гісторыі, досціпы і гумар Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вобраз нашых класікаў з выключна сур’ёзнага, "акадэмічнага" пераўтвараецца ў блізкі, непасрэдны. Нашыя песняры маглі з іроніяй успрымаць розныя жыццёвыя сітуацыі.