Навуковы, навукова-папулярны, грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. — Менск, 2016. — 480 с.
ISSN1392-9682
Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага неразрыўна звязана з дзейнасцю шэрагу магнацкіх родаў. Гэтая дзейнасць мела як станоўчыя, так і адмоўныя наступствы для гісторыі Княства. Да такіх родаў можна аднесці Гаштаўтаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Сапегаў, Вішнявецкіх, Агінскіх, Пацеяў, Чартарыйскіх і іншых. Сярод гэтых родаў Сапегі займаюць у гісторыі ВКЛ адно з першых месцаў.
ЗМЕСТ Паглядзець
ПРАДМОВА
АНДРЭЙ МАЦУК. Род Сапегаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага
ПАЛІТЫКА
АНДЖЭЙ КАМЕНСКІ. Сапегі ў дачыненнях з Брандэнбургам-Прусіяй у 1674—1696 гг.
ДЫЯНА КАНЕЧНАЯ. Паміж Пацамі, Радзівіламі і Сапегамі: нялёгкі выбар Аляксандра Гілярыя Палубінскага ў часы яна III Сабескага
ГІНТАЎТАС СЛЕСАРУНАС. Збліжэнне Сапегаў і Радзівілаў у 1696—1697 гг. Соймікі часоў бескаралеўя
Перадканвакацыйныя соймікі
Канвакацыйны сойм 1696 г.
Вайсковая канфедэрацыя
Рэляцыйныя, грамнічныя, перадэлекцыйныя соймікі 1696—1697 гг.
ДЗМІТРЫЙ ВІЦЬКО. Галоўны Трыбунал ВКЛ 1698 г.: судовая расправа над Сапегамі
Дэпутацкія соймікі
Адкрыццё паседжанняў
Судаводства
АНДРЭЙ МАЦУК. Сапегі ў панаванне Аўгуста III
АДАМ ДАНІЛЬЧЫК. “Свабода — наш дэвіз, дабрабыт грамадства — наша мэта”. Пачатак палітычнай кар’еры Казіміра Нестара Сапегі
ВАЙСКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ
АНДЖЭЙ ГЖЭГАЖ ПШЭПЮРКА. Вайскова-палітычная дзейнасць Аляксандра Дажбога Сапегі падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гг.
ПШЭМЫСЛАЎ ГАЎРАН. Удзел Сапегаў у падрыхтоўцы інфлянцкай кампаніі 1625 г.
АНДЖЭЙ АДАМ МАЕЎСКІ. Павел Сапега ў дачыненнях з прыдворнай групоўкай у 1656—1660 гг.
АЛЯКСАНДРА ЗЁБЕР. Сяброўства каралевіча і маладога магната — Уладзіслаў Жыгімонт Ваза і Ян Станіслаў Сапега
ДАРЫЮШ РОЛЬНІК. Казімір Нестар і іншыя Сапегі ў эпоху Станіслава Аўгуста (1764—1795): успрыманне і ацэнка роду ў мемуарнай літаратуры
АГНЕ РАЙЛАЙЦЕ-БАРДЗЕ. Генеалагічная свядомасць Сапегаў і яе адлюстраванне ў геральдыцы
Генеалагічная самасвядомасць Сапегаў
Асаблівасці геральдыкі Сапегаў
Высновы
УЛАДАННІ
НАТАЛЛЯ СЛІЖ. Дзярэчын: ад маёнтка да графства (XV — першая палова XIX ст.)
Уладальнікі Дзярэчына да Сапегаў
Дзярэчынскія храмы
Дзярэчын у валоданні Сапегаў
Дзярэчынскія падданыя
КАРАЛЬ ЖОЙДЗЬ. Захады Сапегаў па атрыманні ўладанняў Яна Караля Хадкевіча пасля яго смерці
ДЫЯРЫУШ
ДЗЯНІС КАНДАКОЎ. Французскае жыццё Тэафіліі і Юзафа Сапегаў (1775—1776 гг.)
ТЭАФІЛІЯ З ЯБЛАНОЎСКІХ САПЕГА. Дзённік за 1775—1776 гг.
ПРАДМОВА Паглядзець
Род Сапегаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага
У кожнай дзяржаве годнаму чалавеку
нічога не можа быць даражэйшае за свабоду
Леў Сапега. З прадмовы да Статута ВКЛ 1588 г.
Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага неразрыўна звязана з дзейнасцю шэрагу магнацкіх родаў. Гэтая дзейнасць мела як станоўчыя, так і адмоўныя наступствы для гісторыі Княства. Да такіх родаў можна аднесці Гаштаўтаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Сапегаў, Вішнявецкіх, Агінскіх, Пацеяў, Чартарыйскіх і іншых. Сярод гэтых родаў Сапегі займаюць у гісторыі ВКЛ адно з першых месцаў.
Першым дакладна ўстаноўленым прадстаўніком роду Сапегаў з’яўляецца Сямён Сапега (Сапіга), які жыў у першай палове XV ст. Ад двух яго сыноў, Багдана і Івашкі, пайшлі дзве галіны роду Сапегаў: чарэйска-ружанская і коданская.
Прадстаўнікі коданскай галіны Сапегаў доўгі час, фактычна да другой трэці XVIII ст. не адыгрывалі вядучай ролі ў ВКЛ. Сапегі чарэйска-ружанскай галіны сярод найбольш значных родаў замацаваліся толькі напрыканцы XVI ст., дзякуючы дзейнасці Льва Сапегі. Менавіта ён заклаў тыя эканамічныя і палітычныя асновы, якія далі магчымасць роду Сапегаў заставацца ў складзе эліты ВКЛ да канца існавання Рэчы Паспалітай. Леў Сапега быў вельмі неардынарнай асобай. Ён быў выдатным палітыкам, вядомым фундатарам, паспяховым дыпламатам. Менавіта таму, калі кажуць пра Сапегаў, то ў першую чаргу адразу ўспамінаюць Льва Сапегу. Увогуле, іншыя прадстаўнікі роду ў пэўным сэнсе знаходзяцца сёння ў цяні знакамітага канцлера і вялікага гетмана ВКЛ. Па гэтай прычыне перадусім з іх дзейнасцю мае на мэце пазнаёміць чытача дадзены нумар “ARCHE”.
Са смерцю бяздзетнымі сыноў Льва Сапегі здавалася, што гэты род чакае поўны заняпад у ВКЛ. Аднак Сапегі здолелі ўтрымацца ў першых шэрагах палітычнай эліты Вялікага Княства, хаця і саступалі доўгі час спачатку Радзівілам, а затым Пацам. Войны сярэдзіны XVII ст. нечакана далі шанец аднавіць магутнасць роду, калі магнаты і шляхта ВКЛ, якія не хацелі прызнаваць ні шведскай, ні маскоўскай улады, сабраліся на заходніх рубяжах Вялікага Княства. У такіх крытычных абставінах існавання Рэчы Паспалітай кароль і вялікі князь Ян Казімір надаў урад вялікага гетмана ВКЛ віцебскаму ваяводу Паўлу Яну Сапегу, які ўзначаліў супраціўленне захопнікам. Так да Сапегаў перайшоў найвышэйшы ўрад ВКЛ, што дало ім магчымасць аднавіць свае пазіцыі.
Напрыканцы XVII ст. Сапегі выходзяць на першыя ролі ў грамадска-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Гэта адбываецца пры актыўным спрыянні і падтрымцы Яна ІІІ Сабескага, які спадзяваўся з іх дапамогай падарваць гегемонію ў ВКЛ магнацкага роду Пацаў. Па гэтай прычыне кароль зрабіў стаўку на сыноў Паўла Яна Сапегі, з якіх Бенядзікт Павел становіцца вялікім падскарбіем ВКЛ, а Казімір Ян — вялікім гетманам. Сканцэнтраваўшы ў сваіх руках найвышэйшыя ўрады ў Княстве, Сапегі перастаюць быць каралеўскімі прыхільнікамі, а становяцца зацятымі ворагамі Яна ІІІ Сабескага ды ўсімі сіламі імкнуцца яму перашкодзіць, навязаўшы таксама цеснае супрацоўніцтва з магнацкай апазіцыяй у Кароне. Кароль пачынае падтрымліваць і фармаваць групоўку незадаволеных дамінаваннем Сапегаў у ВКЛ магнатаў і шляхты. У выніку ўжо пры новым каралю Аўгусце ІІ Ветыне Сапегі церпяць паражэнне ва ўзброенай барацьбе са сваімі ворагамі, і такім чынам прыходзіць канец іх дамінаванню ў ВКЛ. Гэта прымушае іх звязаць свой лёс у гады Вялікай Паўночнай вайны са Швецыяй і паспрабаваць пры дапамозе шведскай зброі аднавіць свае пазіцыі ў Вялікім Княстве. Гэтаму перыяду ў гісторыі роду, які змясціў узлёт Сапегаў і падзенне іх значэння ва ўнутрыпалітычным жыцці Княства (другая палова XVII — пачатак XVIII ст.), прысвечана адразу некалькі артыкулаў дадзенага нумара. Яны дапамагаюць адсачыць працэсы, якія прывялі да ўзрастання магутнасці Сапегаў, прасачыць іх знешнепалітычныя кантакты і ўзаемаадносіны з іншымі родамі ВКЛ, а таксама лепш зразумець прычыны паражэння гэтага роду.
У XVIII ст. род Сапегаў па-ранейшаму займае ганаровае месца сярод эліты ВКЛ, але не адыгрывае ўжо вядучай ролі. Пасля Вялікай Паўночнай вайны ў іх не атрымалася вярнуць свае ўрады ў Вялікім Княстве, якіх яны былі пазбаўленыя. Апошнія пераходзяць да іх нядаўніх сапернікаў: Вішнявецкіх, Агінскіх і Пацеяў. Але нечакана ў гэты час шляхта, якая нядаўна выступала супраць дамінавання Сапегаў, менавіта іх бачыць абаронцамі “шляхецкіх вольнасцяў” падчас Тарнагродскай канфедэрацыі 1715—1717 гг. Аднак Сапегам не ўдаецца вярнуцца на ранейшыя пазіцыі. Паражэнне ў барацьбе з Радзівіламі за “нойбургскія ўладанні” не дае магчымасці аднавіць фінансавы і эканамічны патэнцыял роду. У выніку да канца панавання Аўгуста ІІ Сапегі застаюцца на другіх пазіцыях у Княстве, будучы сярод лідараў апазіцыі каралю.
У пачатку панавання Аўгуста ІІІ памірае некалькі лідараў роду з чарэйска-ружанскай галіны Сапегаў і галоўнымі прэтэндэнтамі на іх уладанні аказваюцца Радзівілы, якія ў той час дамінавалі ў ВКЛ. Утрымаць свае ўладанні і перамагчы Радзівілаў у Сапегаў атрымліваецца дзякуючы падтрымцы прыдворнай групоўкі Чартарыйскіх. У той жа час нечакана ўдалую кар’еру робіць лідар коданскай галіны Ян Фрыдэрык Сапега, які атрымаў урад канцлера ВКЛ. З яго смерцю, аднак, гэтая галіна роду Сапегаў зноў апынулася ў цяні.
Сапегі працягваюць змаганне за палітычныя ўплывы ў Вялікім Княстве Літоўскім падчас панавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага, аднак можна ўпэўнена сцвярджаць, што толькі двое з іх — польны гетман, а потым канцлер ВКЛ Аляксандр Міхал Сапега (чарэйска-ружанская галіна) і генерал артылерыі ВКЛ Казімір Нестар Сапега (коданская галіна) — пакінулі значны след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя складаныя часы панавання Ветынаў і Станіслава Аўгуста прадстаўлены ў дадзеным нумары “ARCHE” трыма артыкуламі па гісторыі роду, якія дазваляюць лепш зразумець ролю, якую адыгрывалі Сапегі ў апошняе стагоддзе існавання ВКЛ.
Можна адзначыць, што апошнім часам у грамадстве павялічылася зацікаўленасць гісторыяй магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку і Сапегаў. З’явілася шмат працаў па гісторыі гэтага роду і асобных яго прадстаўнікоў, праводзяцца канферэнцыі і выставы. У дадзеным нумары ўдалося сабраць артыкулы вядучых гісторыкаў Беларусі, Літвы і Польшчы, якія займаюцца гісторыяй роду Сапегаў. Спадзяемся, што дзякуючы гэтаму нумару “ARCHE” чытачы значна пашыраць свае веды па гісторыі згаданага роду, як і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага.
Андрэй Мацук