Дзеткам

Кнігі

Калядны падарунак

Коміксы

Часопісы і альманахі

Казкі

Аўдыёкнігі

Выдавецтвы

Календары

Музыка

Рознае

Аўтары

Тапонімы распавядаюць
2.80 руб.
Вага: 570 г

Purchase

Няма на складзе
Навуковая літаратураНавукова-папулярная літаратураЗвязда (ex-Літаратура і Мастацтва)Лемцюгова Валянціна

Апісаньне

Навукова-папулярныя эцюды. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2008. – 416 с. ISBN 978-985-6720-54-6 Выданне змяшчае каля трох тысяч навукова-папулярных эцюдаў пра паходжанне назваў беларускіх паселішчаў (айконімаў). Апрача таго, у працэсе аналізу задзейнічана шмат назваў рэк, азёр, балот (гідронімаў), палёў, сенажацей, лясных урочышчаў (мікратапонімаў), уласных асабовых імён і прозвішчаў (антрапонімаў), сэнс якіх таксама тлумачыцца. Пры назвах падаюцца геаграфічныя, гістарычныя і этнаграфічныя звесткі, народныя легенды і паданні, старажытныя і сучасныя варыянты, вядомыя і зусім новыя навуковыя версіі. Кніга будзе цікавай кожнаму, хто хоча як мага больш даведацца пра мінулае сваёй малой і вялікай Радзімы. ЗМЕСТ Ад аўтара Тэрміны, ужытыя ў кнізе Вытокі беларускай тапаніміі Навукова-папулярныя тапанімічныя эцюды İмёны і прозвішчы, сэнс якіх тлумачыцца пры асобных назвах паселішчаў Прынятыя скарачэнні Скарачэнні ў спасылках на літаратуру Скарачэнні назваў абласцей Скарачэнні назваў раёнаў Скарачэнні тыпаў паселішчаў Крыніцы тапаніміі Літаратура Ад аўтара У кнізе высвятляецца паходжанне больш за тры тысячы беларускіх геаграфічных назваў (або тапонімаў ад грэч. топас 'месца, мясцовасць' і оніма 'імя, назва'). Сярод іх ёсць і тыя, што зараз ужо згадваюцца толькі ў спісах зніклых, але ўяўляюць сабою сталую нацыянальную каштоўнасць, паколькі з'яўляюцца рэдкаснымі ці нават адзінымі экзэмплярамі на тэрыторыі Беларусі, усходніх славян або на абшары Славіі (Гавязна, Газа, Гуляйполе, Мыза, Парня, Прапойск, Радацэнь). У агульным ліку і некалькі назваў колішніх беларускіх гарадоў, якія воляю лёсу аказаліся за межамі сваёй этнічнай Радзімы (Беласток, Вільнюс, Смаленск). Тапонімы ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Жыццёвыя абставіны змушалі чалавека адрозніваць адзін прыродны аб'ект ад другога (балота ад ракі, даліну ад узвышша, лес ад паляны). Міналі стагоддзі, колькасць тапонімаў на зямным шары няўхільна расла, і зараз ужо ніхто не ў стане іх падлічыць. Тапонімы адвеку спраўна выконваюць сваю адрасную функцыю. Але тапонім – не толькі адрас, фармальны знак, але і слова, якое абазначае або некалі абазначала пэўнае паняцце. Бессэнсоўных назваў у свеце практычна не існуе. Дапытлівыя лінгвісты, гісторыкі, этнографы ўжо даўно задумваліся над сэнсам і навуковай перспектывай уласных геаграфічных назваў. Два стагоддзі таму назад выдатны вучоны İ. П. Філевіч трапна назваў тапанімію "мовай зямлі". "Мова зямлі, – пісаў ён, – значыць для нас больш, чым творы старажытных і сярэднявечных аўтараў, больш, чым сведчыць пра сваю гісторыю сам народ... Яна не паддаецца фальсіфікацыі. Тут нічога не прыдумаеш, нічога не сачыніш. Мінулыя эпохі, зніклыя народы і культуры даверылі "мове зямлі" берагчы памяць пра сябе. İ яна свята і сумленна зберагла і пранесла яе праз вялікія перасяленні, праз вякі эвалюцый і трансфармацый, праз зрушэнні і перавароты" (Фил.: 31). У тапонімаў дзве інфармацыйныя часткі – аснова і фармант. Асновай для тапонімаў служылі звычайныя і ў свой час зразумелыя словы. Аднак многія з іх не дажылі да нашых дзён, выйшлі з актыўнага ўжытку або страцілі сваю колішнюю семантыку. Таму ўстанавіць сэнс тых слоў, якія выкарыстоўвалі нашы продкі ў якасці тапонімаў, сёння зусім не проста. Неабходна перш за ўсё адказаць на пытанне, у якую эпоху фарміраваліся назвы, паколькі ў розныя гістарычныя перыяды для абазначэння геаграфічнага аб'екта выбіраліся неаднолькавыя прыкметы. Затым доказна раскрыць тыя прычыны, якія абумовілі гэты выбар. Там, дзе не стае ведаў, абуджаецца фантазія. Амаль у кожным населеным пункце знойдзецца чалавек, які раскажа легенду ці паданне пра паходжанне назвы свайго горада, вёскі, пачутыя ад прадзеда, дзеда, бацькоў. Ёсць яшчэ нямала людзей, якія шчыра перакананыя, што назву нашай сталіцы даў млынар-асілак Менеск (гл. Мінск), што Магілёў паходзіць ад словазлучэння "магіла льва", у якой пахаваны разбойнік Машэка (гл. Магілёў), што ў аснове назвы Ружаны імёны дзвюх дачок віленскага канцлера і ваяводы Льва Сапегі – Ружа і Анна (гл. Ружаны). Безумоўна, гэтыя версіі далёкія ад навукі. Але нацыянальная тапанімія ў сваёй аснове – плод народнай творчасці, наша духоўная спадчына. Таму і яе, і ўсё, што з ёй звязана, неабходна берагчы і шанаваць, як і іншыя творы чалавечага духу і чалавечых рук. Дзеля гэтага шмат робяць нашы пісьменнікі, паэты, вучоныя. У 1994 г. выйшла кніга Кастуся Тарасава "Памяць пра легенды", у 2002 г. – кніга "Магілёўшчына ў легендах і паданнях" А. М. Ненадаўца, у 2006 г. – кніга "Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў" Кастуся Цвіркі. Не трэба забываць, што і сучасная навука пра ўласныя геаграфічныя назвы – тапаніміка – нараджалася менавіта ў лоне народнай этымалогіі і многія тапанімісты (асабліва пачаткоўцы) не раз траплялі ў палон наіўных фантазій. Практыка паказала, што найбольш плённых і аб'ектыўных вынікаў можна дасягнуць толькі пры вывучэнні тапаніміі навуковымі метадамі. Усе тапанімічныя праблемы знаходзяцца зараз у кампетэнцыі тапанімікі – комплекснай навуковай дысцыпліны, якая сфарміравалася на сумежжы некалькіх навук: лінгвістыкі, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі і фалькларыстыкі. Тапаніміка ўстанаўлівае генетычныя і семантычныя сувязі ўласных геаграфічных назваў з іх агульнамоўнымі эквівалентамі. Важнейшым паказчыкам магчымасці або немагчымасці пераходу слова ў разрад уласнага імя з'яўляецца яго семантыка. Усе сувязі з рэальнай рэчаіснасцю закладзены менавіта ў семантыцы. А таму зусім недастаткова звесці назву да таго ці іншага яе лексічнага адпаведніка. У аснову тапоніма кладзецца не проста слова, а адна са стадый яго семантычнай эвалюцыі, абумоўленай інтэнсіўным уздзеяннем сацыяльна-эканамічных фактараў. Чым больш разнастайнай інфармацыяй даследчык будзе валодаць пра аб'ект, які абазначае тапанімізаваная лексема, тым дакладней ён зможа ўстанавіць, якое з яе значэнняў замацавалася ва ўласнай назве. Але ўнутрылінгвістычныя з'явы, як правіла, дыктуюцца і рэгулююцца пазалінгвістычнымі фактарамі. Галоўнымі пабуджальнымі матывамі найчасцей з'яўляюцца грамадскія ўмовы. У якім бы аспекце не вывучаліся тапонімы, іх нельга ўявіць у адрыве ад сацыяльна-эканамічнай і палітычнай гісторыі грамадства, ад яго культурных каранёў. На ўсіх этапах лёс тапонімаў вызначаецца формай сацыяльнай арганізацыі, характарам грамадскіх і вытворчых адносінаў, асаблівасцямі сістэмы земляробства, землеўладання і землекарыстання. Прымяненне метаду гістарычнага аналізу істотна дапамагае раскрыццю сэнсу тапоніма. Дзякуючы яму можна высветліць эвалюцыю і трансфармацыю тапоніма, узнавіць сацыяльнае асяроддзе, якое абумовіла яго з'яўленне. Сёння даследчыкі дэманструюць сваю нязменную ўвагу да тапаніміі як да важнага навуковага аб'екта, які валодае высокай ступенню інфарматыўнасці. Кніга, што прапануецца чытачу, уяўляе сабою звод тапанімічных нататак, прысвечаных асобным назвам (Мінск..., Гомель...) або групам назваў з агульным субстантыўным ці атрыбутыўным кампанентам (Астромічы, Астромічы Каралеўскія, Астромічы Шляхецкія...; Красны, Красны Рог, Красная Дуброва, Краснае Сяло...). Даследаванне мае на мэце выявіць сэнс матывавальнай асновы тапонімаў на стадыі іх станаўлення, паказаць сувязь нацыянальнага тапанімікона з гістарычным мінулым Беларусі, з гаспадарчай і духоўнай дзейнасцю яе народа, з яго самабытнымі мовай і культурай, з яго непаўторнай імена-слоўнай сістэмай, звычаямі, абрадамі, вераваннямі, сімволікай. Дзеля ажыццяўлення задумы ў даследчым працэсе задзейнічаны паказанні шматлікіх і разнастайных крыніц: лінгвістычных, гістарычных, геаграфічных, этнаграфічных, фальклорных, антрапанімічных, энцыклапедычных, літаратурных твораў і сучаснай перыёдыкі, вусныя сведчанні мясцовых старажылаў і ўласныя назіранні аўтара. У тэксце кнігі яны даюцца ў скарачэнні (гл. Спіс прынятых скарачэнняў). Тыя ж выданні, дадзеныя якіх выкарыстоўваліся ў кнізе рэгулярна, пазначаны ў рубрыцы "Літаратура". Да іх належаць: Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах і Справочник личных имён народов РСФСР пад рэдакцыяй А. В. Суперанскай. Асаблівае значэнне надаецца заснаванай на вывучэнні ўзаемадзеяння чалавека і ўласнай геаграфічнай назвы культурна-гістарычнай абумоўленасці розных тыпаў тапонімаў. Чытайце і дасылайце свае пытанні і заўвагі на адрас: 220072, г. Мінск, вул. Сурганава, 1, корпус 2. İнстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Аўтару кнігі. Падрабязней пра аўтарку тут.

Водгукі

Неабходны Лагін або Рэгістрацыя, каб напісаць водгук.

Раім паглядзець

Саўка Зьміцер
Даведнік змяшчае інструкцыі для перадачы па-беларуску іншамоўных найменняў: імёнаў, тапонімаў ды іншых уласных назваў – тых адзінак, напісанне якіх практычна не рэгулюецца падручнікамі і слоўнікамі. Сярод трох дзясяткаў табліцаў – правілы практычнай транскрыпцыі для самых розных моваў: англійская, нямецкая, іспанская, кітайская, нідэрландская, венгерская, вʼетнамская ды іншыя.
Дзятко Дзмітры
У манаграфіі абгрунтоўваецца канцэпцыя поліаспектнага апісання беларускага металінгвістычнага кантынуума на падставе сістэматызацыі храналагічных, структурна-кантэнтных і тыпалагічных характарыстык беларускіх слоўнікаў лінгвістычных тэрмінаў. Вывучаецца гісторыя ўкладання аўтаномных і інкарпараваных слоўнікаў, вызначаюцца іх мега-, макра-, мікраструктурныя параметры, функцыянальныя асаблівасці і спецыфіка метамовы. Распрацоўваецца тыпалогія існуючых тэрмінаграфічных крыніц.