
Пераклад з нямецкай Вольгі Гапеевай. — Мінск: Логвінаў: 2013. — 80 с.
ISBN 978-985-562-074-8
Пераклад зроблены па выданні: Robert Walser „Der Spaziergang. Prosastucke und Kleine Prosa“, Suhrkamp Verlag, Zurich und Frankfurt am Main, 1985.Апавяданне “Шпацыр” выдатнага швейцарскага пісьменніка Роберта Вальзера — гэта светлае і змрочнае, лёгкае і невыноснае падарожжа ў свет вонкавы і свет унутраны. Напісанае яшчэ ў 1916 г., яно застаецца актуальным і сёння.
Роберт Вальзер нарадзіўся ў 1878 г. у г. Білі (Швейцарыя), памёр у 1956 г., правёўшы апошнія 23 гады свайго жыцця ў якасці пацыента клінікі для псіхічна-хворых.
Артыкул пра аўтара ў ВікіпедыіСтася Русецкая. Дарога ў адзін шпацыр (рэцэнзія на кнігу ў альманаху pARTisan)Цэнтр Роберта Вальзера
Фрагмент з кнігі Паглядзець
Даводжу да ведама, што аднойчы цудоўным ранкам, не памятаю ўжо дакладна, а якой гадзіне, калі мяне ахапіла жаданне прайсціся, я надзеў капялюш, пакінуў свой кабінет, поўны занатовак і прывідаў, збег па лесвіцы, каб хутчэй апынуцца на вуліцы. Дадаць мог бы, што на лесвіцы мне сустрэлася кабета, на выгляд гішпанка, перуанка ці крэолка. Яна дэманстравала нейкую невыразную пабляклую веліч. Аднак забараніць сабе павінен найстражэйшым чынам хоць на дзве секунды затрымацца ля гэтай бразільянкі ці хто яна там, бо права не маю марнаваць ні прасторы, ні часу. Наколькі сёння, пішучы гэта, магу прыгадаць, я, выйшаўшы на шырокую, светлую і радасную вуліцу, знаходзіўся ў рамантычна-авантурным душэўным стане, які рабіў мяне глыбока шчаслівым. Ранішні свет, што раскінуўся перад маімі вачыма, падаўся такім цудоўным, нібыта бачыў я яго ўпершыню. На што б я ні зірнуў, усё выклікала прыемнае ўражанне прыветлівасці, дабрыні і маладосці. Тут жа забыўся я, што ў сваім пакоі наверсе яшчэ зусім нядаўна змрочна гарбеў над белым аркушам паперы. Увесь смутак, увесь боль і ўсе цяжкія думкі як зніклі, хаця пэўную сур’ёзнасць, бы нейкі гук, я ўсё яшчэ выразна адчуваў перад сабой і за сабой. Радасна чакаў я сустрэчы з тым, што магло неяк трапіцца ці напаткацца мне на шпацыры. Я ішоў размераным і спакойным крокам і, наколькі памятаю, тое, як я крочыў па сваёй дарозе, выяўляла вельмі годную істоту. Свае пачуцці я люблю хаваць ад вачэй навакольных, не прыкладаючы, аднак, для гэтага празмерных намаганняў, што сам палічыў бы за вялікую памылку і абсалютнае глупства. Не прайшоўшы і дваццаці ці трыццаці крокаў па шырокай ажыўленай плошчы, я незнарок спаткаў прафесара Майлі, велічыню першай ступені…