Кантрастыўны семны слоўнік аптатыўнай лексікі беларускай і англійскай моў = Contrastive Seme Dictionary of Optative Lexics of Belarusian and English / Вольга Гапеева. – Мінск : МДЛУ, 2019. – 156 с.

ISBN 978-985-460-932-4.
У слоўніку змешчаны лексічныя адзінкі са значэннем жадання, супастаўленыя на семным узроўні, што спрыяе эфектыўнаму вырашэнню задачы выбару перакладной адзінкі. Дадатак утрымлівае англа-беларускі і беларуска-англійскі слоўнік парэмій, параўнанняў і пажаданняў.
Адрасуецца лінгвістам, перакладчыкам, выкладчыкам устаноў вышэйшай адукацыі, студэнтам, а таксама тым, хто цікавіцца пытаннямі мовы, перакладу і культуры маўлення.
У афармленні вокладкі выкарыстана карціна Хільмы аф Клінт “Серыя VII. No 3”.
ПРА СЛОЎНІК Паглядзець
Што такое кантрастыўны семны слоўнік?
Адной з самых распаўсюджаных памылак студэнтаў і прафесійных перакладчыкаў з’яўляецца няправільны выбар перакладнога адпаведніка. Асабліва яскрава гэта праяўляецца падчас працы з тымі лексемамі, якія ў мове арыгінала і мове перакладу не супадаюць ў аб’ёмах сваіх значэнняў, а таксама пры наяўнасці шэрагу сінанімічных адзінак. Несупадзенні такога кшталту можна акрэсліць наступным чынам: а) аб’ём значэння лексемы ў адной мове шырэйшы за аб’ём значэння адпаведніка ў іншай мове; б) значэнне лексемы ў адной мове абмежавана адным лексіка-семантычным варыянтам (ЛСВ), у той час як у іншай мове мае некалькі ЛСВ; в) значэнні словаў у мове арыгінала і мове перакладу знаходзяцца ў гіпера-гіпамінічных стасунках; г) значэнне слова ў адной мове абмежавана пэўнымі стылістычнымі рэгістрамі, у іншай – мае нейтральную канатацыю; д) у адной мове значэнне лексічна свабоднае, у іншай – лексічна звязанае.
Прымяненне вынікаў семантычнага аналізу пры параўнанні адзінак мовы перакладу і арыгінала з’яўляецца важным крокам для вызначэння ступені эквівалентнасці, таму што, калі “не разбіць значэнні на мінімальныя адрозныя прыметы, можна атрымаць толькі агульнае ўражанне пра іх адпаведнасць і дарэчнасць” . Асноўным дапаможнікам для перакладчыкаў (студэнтаў ці прафесіяналаў) выступае перакладны слоўнік. Аднак двухмоўныя слоўнікі прапануюць абагульненыя (не кантэкстуальныя) адпаведнікі ці адразу некалькі варыянтаў, што часта не аблягчае, а, наадварот, ускладняе працэс выбару. Перакладныя слоўнікі асабліва важныя на першым этапе вывучэння мовы, калі ідзе назапашванне слоўнікавага запасу навучэнцаў і неабходна разуменне значэнняў шляхам усталявання сувязі паміж словам на роднай мове і словам вывучаемай мовы. Аднак выкарыстанне толькі перакладных слоўнікаў (білінгвальных) або толькі тэзаўрусаў (моналінгвальных) не можа ў поўным аб’ёме забяспечыць патрэбы тых, хто працуе з перакладам ці вывучае замежныя мовы. У дадзеным выпадку больш мэтазгодным бачыцца ўкараненне ў практыку іншага тыпу слоўніка, а менавіта, кантрастыўнага семнага слоўніка.
Кантрастыўны семны слоўнік – гэта “тып слоўніка, дзе поўнасцю апісаны семны склад значэння слова зыходнай мовы і ў адпаведнасці з гэтым семным апісаннем пастаўлена апісанне значэння яго перакладных адпаведнікаў”. Бясспрэчнай вартасцю такога слоўніка з’яўляецца той факт, што ён на семным узроўні дэманструе нацыянальную спецыфіку моў супастаўлення.
Адной з цяжкасцей складання слоўнікаў такога тыпу выступае яго працаёмкасць, бо неабходна правядзенне семнага аналізу для кожнай асобнай адзінкі мовы арыгіналу і ўсіх магчымых адпаведнікаў мовы перакладу. Мэта слоўніка – запоўніць лакуну ў сферы кантрастыўнай лексікаграфіі Беларусі і паспрыяць удасканаленню працы з двухмоўнымі крыніцамі.
Пры дапамозе кампанентнага аналізу на базе дэфініцый адзінак аптатыўнасці англійскай і беларускай моў з тлумачальных, энцыклапедычных, двухмоўных і сінанімічных слоўнікаў на парадыгматычным узроўні выдзяляліся інтэгральная і дыферэнцыяльныя семы для кожнай лексемы, што дало магчымасць дасканала апісаць як асобныя лексічныя адзінкі, так і сувязі паміж імі.
Такім чынам, назву слоўніка можна расшыфраваць наступным чынам: кантрастыўны – у ім параўноўваюцца і супастаўляюцца беларускія і англійскія адзінкі; семны – параўнанне ідзе на ўзроўні семаў (г. зн. Мінімальных элементаў значення слова); і аптатыўны – лексемы, якія прадстаўлены ў слоўніку, звязаны з паняццем аптатыўнасці ці жадання.
Будова слоўніка.
Слоўнік складаецца з 2 асноўных частак і 3 дадатковых. Першая, беларуска-англійская частка, утрымлівае аптатыўныя адзінкі беларускай мовы і іх адпаведнікі ў англійскай мове. У табліцах прыведзены семны склад беларускіх і англійскіх лексем. Лексемы, якія маюць іншыя значэнні, апроч за аптатыўнае, разглядаюцца толькі з пункту гледжання свайго аптатыўнага значэння (напрыклад, лексема dream разглядаецца ў значэнні ‘марыць/мара’, а не ‘сніць сны’ ці ‘сон’). Па такім жа прынцыпе пабудаваная другая частка слоўніка – англійска-беларуская, дзе прыводзяцца англійскія аптатыўныя лексемы з іх беларускімі адпаведнікамі.
Пасля кожнай часткі падаюцца прыклады перакладаў, адабраныя з фактычнага матэрыялу і са слоўнікаў. У некаторых выпадках, калі прыклад перакладу неабходнай адзінкі адсутнічаў, прапаноўваўся пераклад, выкананы спецыяльна для мэтаў слоўніка.
У дадатку прыведзеныя парэміі беларускай і англійскай моў, якія ўтрымліваюць у сабе аптатыўныя лексемы, з перакладам на адпаведную мову, а таксама параўнанні з аптатыўным значэннем.
Кантрастыўны семны слоўнік аптатыўнай лексікі выяўляе нацыянальна-спецыфічныя рысы ў значэннях, дапамагаючы тым самым зрабіць больш слушны і лінгвістычна абгрунтаваны выбар адзінкі перакладу.
Адзначым, што некаторыя выразы, пададзеныя ў кнізе, утрымліваюць дыялектныя словы.
Слоўнік такога тыпу будзе запатрабаваны не толькі сярод прафесійных перакладчыкаў і студэнтаў, але і сярод тых, хто вывучае замежныя мовы, бо выданне дапамагае глыбей пранікнуць у сутнасць слова і лепш зразумець семантычныя адрозненні, якія прысутнічаюць у адзінках розных моў.
Падзяка.
Аўтарка выказвае словы шчырай падзякі шаноўным калегам і сябрам, якія дапамагалі ў стварэнні слоўніка на розных этапах яго падрыхтоўкі: Н. Ю. Паўлоўскай, А. У. Таболіч, Т. М. Сушы, Т. Тулуш, Л. Дарошчанка, Э. Ратэрфорд, Ул. Іванову, Н. С. Шакун і рэцэнзентам Н. А. Капачовай і Г. К. Чахоўскаму.
ЗМЕСТ Паглядзець
Пра слоўнік
Умоўныя скарачэнні
Умоўныя паметы і знакі
ЧАСТКА I: Беларуска-англійскі слоўнік
Хацець/хаценне
Жадаць/жаданне
Прагнуць
Быць ахвочым
Зычыць
Рупець
Свярбець
Карцець
Цягнуцца
Марыць/мара
Падмываць
Быць ласым
Юрыць
Нецярпецца
Прыклады перакладаў
ЧАСТКА ІІ: Англійска-беларускі слоўнік
Want
Wish
Desire
Lust
Crave
Covet
Hanker
Yearn
Will
Long
Would like
Itch
Pine
Dream
Eager
Ache
Thirst
Hunger
Reluctant
Прыклады перакладаў
ЧАСТКА ІІІ: Беларускія парэміі і ідыёмы з аптатыўнымі лексемамі, іх англійскія адпаведнікі
ЧАСТКА ІV: Англійскія парэміі і ідыёмы з аптатыўнымі лексемамі, ix беларускія адпаведнікі
ЧАСТКА V: Беларускія параўнанні з аптатыўным значэннем і іх тлумачэнні на англійскую мову
Лексікаграфічныя крыніцы