Кнігазбор (выдавецтва)

У гэтай кнізе Іны Снарскай жывуць яе родныя, суседзі, сябры з вёсак яе маленства на Полаччыне. Кожны аповед напісаны сэрцам, з вялікай любоўю да сваіх герояў. Завяршае кнігу аповесць, прысвечаная памяці маці, яе няпростаму лёсу і каханню.
У кнігу выдатнага майстра беларускай прозы Анатоля Кудраўца ўвайшлі выбраныя апавяданні і аповесць, якія раскрываюць змястоўнае багацце, стылістычную каларыстыку і грамадзянскую актуальнасць яго прозы. Наклад кнігі цалкам прададзены .
Гэтая незвычайная кніга складаецца з запісаў, зробленых у далёкім студзені 1993 года, калі аўтар раптам вырашыў весці дзённік, а таксама штодзень пісаць кароткую прозу ў прыдуманых ім «жанрах». У выніку атрымаўся адзін месяц жыцця, асветлены з розных бакоў, – асабістага, грамадскага, творчага...
Гэтая кніга – амаль поўнае зьліцьцё аўтарскага голасу з наўкольнымі зыкамі: шаргаценьнем лістоты, яблыкападам, рэхам зьдзічэлых садоў. Але найперш – з птушынымі сьпевамі. І пераўвасабленьнем ва ўлюбёных арлоў, шлюбныя гульні якіх выкрасаюць у небе абрысы васьмёрак. Восем – лічба, за якою бясконцасьць.
Віктар Казько адлюстроўвае пошукі чалавекам тых сіл, што дапамогуць выстаяць у свеце, напоўненым трагічнымі падзеямі, і дадуць штуршок для руху наперад, да лепшага жыцця. Ён папярэджвае, што без беражлівага захавання спадчыны продкаў, чэрпання з яе адвечнай мудрасці не будзе будучыні ні ў народа, ні ў чалавецтва наагул.
У кнізе змешчаныя пераклады Кастуся Цвіркі польскамоўных паэтаў XIX стагоддзя, пераважна нараджэнцаў Беларусі: Францішка Карпінскага, Юльяна Урсына Нямцэвіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча, Антонія Гарэцкага, Яна Баршчэўскага, Міхала Рукевіча, Аляксандра Ходзькі, Антонія Эдварда Адынца, Ігната Легатовіча, Тадэвуша Лада-Заблоцкага, Уладзіслава Сыракомлі, Адама Плуга.
Гэтая кніга — і пэўнае падсумаванне, і працяг шляху паэта, які запомніўся чытачам адметнай вобразнасцю, яскрава-нацыянальнай метафорыкай, пазбаўленай мудрагельства філасафічнасцю. “Паэтычнае мысленне Міхася Скоблы цэласнае, у ім не разарваныя зямля і неба, жыццё і смерць, карані і вецце; там усё жывое, і ўсё — адно ў адным” (У. Някляеў). Асобны раздзел склалі пераклады з польскай, украінскай і літоўскай паэзіі.
Кніга прысвечаная 90-годдзю беларускага дзеяча ў ЗША, гісторыка і журналіста Янкі Запрудніка. Выданне заснаванае на архівах юбіляра, , а таксама зборах газеты “Беларус”. Тут падаецца зрэз, асобныя ўзроўні, на якіх адбываліся кантакты паміж дыяспарай і метраполіяй: ад праваабарончай дзейнасці да пошуку сваякоў, ад афіцыйных лістоў кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь да рукапіснага аркуша з маленькай вёсачкі на ўсходзе краіны. Сабраныя разам матэрыялы адлюстроўваюць, чым жыла Беларусь, як змянялася яна ў часе і змянялася стаўленне да эміграцыі.
Дваццаць гісторый кахання рэальных людзей… Дваццаць спроб даведацца, што ж такое яно, каханне па-беларуску. Унікальнасць зборніка ў тым, што вы патрапляеце не толькі ў мастацкі свет, але і нібыта ў рэаліці-шоу. Вы пачуеце шчырыя споведзі і вядомых асобаў – мастакоў, тэатралаў, музыкаў, і звычайных, на першы погляд, людзей – але любові і жарсцям паміж імі маглі б пазайздросціць нават галівудскія зоркі.
У кнігу Анхелы Эспіноса Руіс “Колер крылаў” увайшлі паэтычныя творы (як новыя, так і выбраныя з ранейшых кніг), а таксама апавяданні, калумністыка. Асобным раздзелам прадстаўлены пераклады з бенгальскай, ангельскай, іспанскай, польскай, рускай, чэшскай і японскай моў. Літаратурная прэмія Міхася Стральцова 2019 года!
sale
У займальнай і даступнай форме мастацкага апавядання аўтары распавядаюць пра спосабы і адзінкі вымярэння. Яскравыя ілюстрацыі дапамогуць дзецям лепш засвоіць веды, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці.
sale
Кніга складаецца з літаратуразнаўчых нарысаў, прысвечаных розным жанрам, аўтарам і творам айчыннага пісьменства. Сярод аб’ектаў цікавасці даследчыка беларускай эміграцыі і архівіста з Нью-Ёрку — творчасць З. Бядулі, Ю. Віцьбіча, Я. Дылы, У. Караткевіча, Р. Крушыны, В. Ластоўскага, Я. Юхнаўца і іншых. Пры гэтым паэзія і проза эміграцыйных ды метрапольных аўтараў разглядаецца ў непарыўнай сувязі, як неад’емныя элементы беларускай літаратуры.
Зборнік "Макар Краўцоў (Касцевіч)" — і першае кніжнае выданне выбраных твораў пісьменніка, і спроба першага аднаўлення яго біяграфіі. Аўтар слоў знакамітага "Ваяцкага маршу" ("Мы выйдзем шчыльнымі радамі") да сёння застаецца асобай малавядомай не толькі шырокай публіцы, але і спецыялістам. Кніга адлюстроўвае разнастайную (паэтычную, літаратурна-крытычную, публіцыстычную, мемуарную) спадчыну Макара Краўцова (Касцевіча), а таксама распавядае пра пакручасты лёс творцы.
У кнігу паэта Алеся Каско ўвайшлі выбраныя вершы, напісаныя на працягу мінулых дзесяцігоддзяў, а таксама новыя творы, у якіх аўтар шчыра, прачула і па-майстэрску выяўляе свае душэўныя пачуцці і грамадскія перажыванні пра жыццё, творчасць і беларускую будучыню.
Зборнік складаюць 10 апавяданняў, у якіх аўтар піша пра нашы дні, а таксама згадвае часы сваёй маладосці.
Зборнік “Мікола Равенскі” — першая кніга, прысвечаная жыццю і творчасці выбітнага кампазітара, аўтара музыкі да песні “Люблю наш край” і гімна “Магутны Божа”. Лёс дзеяча адлюстраваны ў яго аўтабіяграфічных і даследчых тэкстах, а таксама ва ўспамінах суродзічаў як міжваеннага, гэтак і паваеннага-эміграцыйнага часу. Выданне ілюстравана ўнікальнымі архіўнымі дакументамі і фотаздымкамі.
Паэзія Ванды Марцінш душ Рэйш дужа рэдкая, анамальная з’ява. Свае вершы Ванда Марцінш праз усё жыццё пісала “ў стол”, “для сябе”, “для душы”, пісала, арыентуючыся хіба на беларускую й замежную класіку. І гэтая “ізаляцыя” толькі пайшла ёй на карысць. Калі я ўпершыню прачытаў творы паэткі, мне здалося, што я чытаю нейкую “прапушчаную” старонку беларускай класікі…
Творчасць Алега Мінкіна прагучала яшчэ ў 1980-я: яго першая кніга паэзіі “Сурма” сталася адной з найважнейшых з’яваў тагачаснай беларускай літаратуры, вярнуўшы ў лірыку класічнасць радка, прыгажосць і таямнічасць вобразнасці, тонкую эмоцыю, засяроджаную на метафізічным перажыванні. Гэтая кніга віленскага беларуса Алега Мінкіна — збор найлепшых ягоных твораў у лірыцы, кароткай прозе і перакладах.