Кнігі дзеткам
З вамі ізноў Дзюнэ! Самая шчаслівая дзяўчынка ў свеце. Сёння яе апошні дзень у першым класе. Усе дзеці падрыхтаваліся да свята заканчэння школы. Але раптам нехта грукае ў дзверы класа і кліча Дзюнэ ў калідор. Здарыўся няшчасны выпадак. Дзюнэ нерухомее...
У сына Дзеда Мароза ёсць праблема: ён зусім не любіць зімы, катання на каньках і гарачага чаю. Куды больш яму падабаюцца вясна, зайцы і каляровыя яйкі! І ён марыць стаць Велікодным Дзедам, калі вырасце. Але ягоны бацька не можа з гэтым змірыцца. Дзед Мароз вельмі шануе сямейныя традыцыі…
Вулкан Нга-Муры ажывае. Пачынаецца вывяржэнне, усе бягуць з маленькае выспы. Усе, акрамя пастуха Пу, які адмаўляецца кінуць тры сотні сваіх кароў. Разам з каровамі ён глядзіць, як чаўны сяброў ператвараюцца ў кропачкі на даляглядзе мора. Але хутка ў Пу зʼяўляецца новы сябар – цялятка, што нарадзілася ў яго на вачах...
sale
Гісторыя пра дыназаўра Джа, які збіраў дзівосныя рэчы: пёркі, ракавінкі, камяні. Яго родны востраў захапілі жорсткія монстры, якія занялі найлепшыя для жыцця мясціны і забаранілі памятаць пра мінулае. Аднак жа Джа паміж спакоем і змаганнем выбраў барацьбу, і ўрэшце захопнікам давялося хавацца па слізкіх норах.
У мястэчку каля рэчкі. На вузенькай вулачцы. У доме з дворыкам, зарослым калючым павойнікам з фіялетавымі кветкамі. Жыве дзяўчынка, што не мае мамы. І таты таксама. І братоў, і сястрычак. Жыве яна там са сваёй бабуляй, сляпой на правае вока, з трыма катамі, сямю пацукамі, куніцай і качканосам...
Усім вядомы славуты класічны твор. Культавая вершаваная казка “Айболит” упершыню выдаецца на беларускай мове! Нашага Айбаліта завуць Будзь-Здароў (і гэта, адзначаюць чытачы, гучыць нашмат аптымістычней). Знакамітай кнізе Карнея Чукоўскага неўзабаве споўніцца сто гадоў, таму перакладчыку давялося сёе-тое асучасніць. Так, Будзь-Здароў паказвае хворым зверанятам мульцікі і лечыць іх не толькі ад малярыі, але і ад кавіду. Але рытм, дух, настрой арыгінальнага твора перададзеныя дасканала.
Ты хочаш абрэзаць коскі, але бабуля кажа, што “лысенькія” ходзяць толькі хлопчыкі? А вось і няпраўда. Хлопчыкі, калі захочуць, могуць адрасціць сабе хаер ці пракалоць вушы. І памяняць сваю машынку на тваю ляльку. Бо гуляцца трэба з тым, што падабаецца. Галоўнае, каб было цікава!
А ці можна маме заблытацца, а тату стаміцца? Мама заснула, не папрасаваўшы табе кашульку? Тата забыў, што ты любіш чупа-чупсы, і не любіш, калі ён не ў гуморы? Што паробіш, мамы і таты – таксама людзі! І маюць свае правы ;) Права не быць ідэальнымі, памыляцца і стамляцца. Быць самімі сабой.
Унікальная развівальная кніжка з рухомымі элементамі, якая заахвоцяць дзіця да заняткаў.
Вершаваная казка вядомага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзя Бураўкіна (1936–2014) вучыць свайго маленькага чытача асновам дабрыні і спагады.
Адрыян — юнак з незвычайным дарам: ён умее чытаць думкі коней. Здавалася б, ад такога ўмення карысці няшмат. Але менавіта ад коней хлопец даведваецца пра чужыя сакрэты. Адрыян ведае, як адшукаць скарбы, і чакае, што яму за гэта добра заплоцяць. Аднак усё ляціць дагары нагамі, калі чарговы конь аказваецца аднарогам, а замоўца — хітрым разбойнікам…
Прыгодніцкае фэнтэзі для падлеткаў і дарослых, якія дагэтуль любяць казкі.
Аднойчы раніцай Вавёрка атрымлівае вельмі важны ліст і мусіць як мага хутчэй дабрацца ў патрэбнае месца... Кніга для тых, хто рушыў у дарогу, каб прыбыць у ідэальны момант.
Гэта кніга раскажа вам пра дзяўчынку Віку, якая каляднай парой гасцюе ў хроснай і трапляе ў свет неверагодных дзівосаў і цудоўных пераўтварэнняў. Урэшце і сама яна становіцца маленькай чараўніцай.
sale
У займальнай і даступнай форме мастацкага апавядання аўтары распавядаюць пра спосабы і адзінкі вымярэння. Яскравыя ілюстрацыі дапамогуць дзецям лепш засвоіць веды, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці.
У гэтай кнізе чароўных казак, мой дарагі дружа, ты разам з беларускай дзяўчынай Анэляй трапіш у тыя даўнія і таямнічыя часы, каб зазірнуць у сусвет душы сваіх продкаў, адчуць сілу і прыгажосць зямлі, на якой жывуць беларусы.
Хто такая Кусяндра і адкуль яна з'явілася ў пакоі? Навошта ёй вострыя кіпцюры? І, галоўнае, чаму яе проста распірае ад злосці? Яна сама не ведае, і нават кот на шафе не дае адказу. Кусяндры хочацца ламаць усё вакол, але сярод трэску і грукату ёй чуецца загадкавае «тук-тук»... Зубастая і пухнатая кніжка для маленькіх чытачоў і іх бацькоў.
У зборнік увайшлі казкі вядомых англійскіх пісьменнікаў Эдыт Нэсбіт, Кенэта Грэхэма, Лэслі Поўлза Хартлі, на якіх выхоўвалася не адно пакаленне дзяцей у розных краінах свету. На беларускую мову перакладаюцца ўпершыню.
У ілюстраванай кнізе сабраныя беларускія народныя прыказкі і прымаўкі на тэмы прыроды, сям’і, працы, навучання, сяброўства ды інш. Зборнік будзе цікавы дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, бацькам, выхавальнікам ды настаўнікам.
sale
Казка славутага фінскага пісьменніка Сакрыса Тапеліюса апавядае пра старажытнага Ледзянога Волата, які прачнуўся пасля стогадовага сну. Ён быў перакананы, што няма на свеце нікога дужэйшага і разумнейшага за яго. Але неспадзявана Волат сутыкнуўся з невядомымі вынаходкамі людской цывілізацыі. Выявілася, што чыгунка — гэта зусім не замерзлы чыгун, а гумавыя галёшы цвёрдыя на зуб і зусім нясмачныя…













