Зборнік інтымнае прозы. Другое выданне. — Мінск: I. П. Логвінаў, 2012. — 264 с. — (Сэрыя “Я кнігу маю”).
ISBN 978-985-562-013-7.
У кнігу лірычнай прозы Адама Глобуса “Толькі не гавары маёй маме…” сабраныя кароткія аповесці пра каханне і суперажыванне, пра лютасць і мужнасць, пра здзіўленне і гідкасць. Ёсць у кнізе і аповесць іранічная, а таксама — кароткі раман пра лёгкае расчараванне.
Упершыню кніга “Толькі не гавары маёй маме…” была надрукаваная ў 1995 годзе ў выдавецтве “Сучасная літаратура”.Артыкул пра аўтара ў “Вікіпэдыі”Блог аўтара ў “LiveJournal”ЗМЕСТТрохкутнік
(аповесць пра першае каханне)Артэк
(іранічная аповесць)Сінема
(аповесць пра суперажыванне) 1. Алкаголь
2. Дом кіно
3. Эротыка
4. У кадры
5. Правінцыя
6. Карыда
(падарожная аповесць пра лютасць)Гісторыя ката
(аповесць пра мужнасць)Амарыліс
(апавяданне пра дзіцячыя страхі)Млосці
(аповесць пра гідкасці)Толькі не гавары маёй маме...
(раман пра здзіўленне)“Дарагі мой сябра Адам...”
(раман пра лёгкае расчараванне)Фрагмент з кнігі Паглядзець
Кажу табе: нічога адметнага не было, ніхто не застрэліўся. У іншых здараецца страшнае, і яны трапляюць у лякарні, і труцяцца, і вешаюцца, а ў мяне... Ну, калі ты настойваеш, скажу так: мне было семнаццаць.
Лядачы ўзрост, асабліва калі вясна, травень, і табе семнаццаць, і ўсе дзяўчаты прыгожыя. А тая, што да цябе бліжэй за ўсіх, — самая прыгожая. А бліжэй за астатніх да мяне была Вольга Пакроўская. За адным сталом на занятках сядзелі. Яна займалася на скульптурным, а я на жывапісным, але на ўсіх фізіках-хіміях мы побач сядзелі, толькі на ангельскай мове я сядзеў адзін, бо Вольга вывучала французскую. І на беларускую літаратуру яна не прыходзіла, дзецям вайскоўцаў дазвалялася не вывучаць бел. літ. і бел. мову. Яна і не вучыла. Але на ўсіх астатніх грамадазнаўствах, матэматыках, красленнях мы сядзелі разам.
Другі год сядзелі побач, і калі ў мяне ўзнікалі розныя думкі, дык я іх праганяў з дзіўнай лёгкасцю. Ну, мала што каму захочацца ці прымроіцца на занудлівых занятках па вайсковай справе, калі маёр Мухін у соты раз разбірае і збірае аўтамат Калашнікава, а потым прымушае гэта рабіць усіх па чарзе. А аўтамат адзін. І калі дойдзе чарга, дык адчуеш, як ад Мухіна пахне спіртам. Звычайна на вайсковай справе я чытаў. А Мухін не любіў тых, хто чытаў. Ён і дзяўчат не любіў, і барадатых не любіў, а тых, хто насіў даўгія валасы, ненавідзеў. Ён — маёр Мухін, пехацінец — любіў спірт і аўтамат Калашнікава. А я любіў чытаць пра мастакоў, пра розных там Радэнаў і Сезанаў. Ну, і калі чытаў пра тое, як Агюст Радэн прымушаў сваіх натуршчыц разгульваць па майстэрні аголенымі... Ён, Агюст, не мог маляваць, калі натуршчыца сядзела ці ляжала. Чалавек — сабор, які рухаецца, так ён казаў. I мне ўяўляліся гэтыя аголеныя, што гуляюць па скульптурнай майстэрні сярод станкоў і каркасаў.
У семнаццаць і не такое ўяўляецца. У суседнім доме, наш дом з суседнім вокны ў вокны стаяў, адзін мужчына прымушаў сваю жонку мыць падлогу, і не проста так мыць, як усе мыюць, а распранацца дагала і мыць. А сам ён сядаў на канапу і глядзеў, як яна шаруе дошкі сагнуўшыся. А ў мяне быў бінокль, і я сачыў за імі з-за фіранак. А потым, яна і дамыць не паспявала, ён рабіў з ёй розныя рознасці. Эксгібіцыяністы чортавы. Я іх на вуліцы баяўся сустракаць. Ідзе такая прыстойная парачка, заходзяць у хлебную краму і купляюць палову чорнага і батон. І ўсё ветліва, з усмешкамі, і ніхто нічога, а я чырванею. Натуральна, і, здаецца, усе на мяне глядзяць, нібыта ведаюць, што я з-за кухоннай фіранкі за людзьмі ў бінокль падглядаю. І даводзіцца ўцякаць з крамы, нічога не купіўшы, бо кроў на шчоках так і пульсуе. А тыя нудзісты кватэрныя хоць бы хны. Добра, што я толькі чырванеў, а то ўяві, каб хто мог думкі чужыя чытаць ці мроі бачыць… (Трохкутнік. Аповесць пра каханне)
Пра аўтара Паглядзець
Адам Глобус (сапраўднае — Уладзімір Адамчык) нарадзіўся ў 1958 годзе ў мястэчку Койданава (Дзяржынск).
Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскай мастацкай вучэльні (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі ўніверсітэт (1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам у часопісе “Родник”. Цяпер займаецца выдавецкай дзейнасцю (выдавецтва “Сучасны літаратар”).
Удзельнік таварыства “Тутэйшыя” (1986—1990). Сябра СП СССР (з 1988), СП БССР (з 1989).
Вершы і апавяданні А. Глобуса перакладзены на асноўныя мовы свету, а таксама на асецінскую і каталонскую, друкаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Славеніі, Чэхіі, Польшчы і Расіі (“Оборотни” (1991), “Demonokameron” (1993), “Лирика by” (выбраныя паэтычныя і празаічныя творы ў расійскім перакладзе, 2007)).