Першая беларуская гаспадарча-кулінарная энцыклапедыя / Пераклад з польскай мовы П. Казлоўскага, В. Нядзвецкай; прадмова А. Мальдзіса. — Мінск: Беларусь, 2012. — 383 с. Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-01-0914-9
Пераклад падрыхтаваны па выданні:
GOSPODYNI LITEWSKA, czyli Nauka utrzymywania porządnie domu I zaopatrzenia go we wszystkie przyprawy, zapasy kuchenne, apteczkowe i gospodarskie, tudzież godowania I utrzymywania bydła, ptastwa i innych żywiołów, wedlug sposobów wypróbowańszych i najoświadczeńszych, a razem najtańszych I najprostszych. Wilno: Drukiem Józefa Zawadzkiego, 1858.Гэтая кніга — своеасаблівая энцыклапедыя і каштоўная крыніца звестак аб тым, як вялі гаспадарку беларускія жанчыны (беларусы аж да пачатку XX стагоддзя называліся літвінамі). Утрымлівае шмат надзвычай цікавых і карысных парадаў і рэкамендацый: як зберагчы ў належным стане дом, як захоўваць, сушыць, саліць, марынаваць гародніну і садавіну, як варыць варэнне, як улічваць даходы і расходы ў гаспадарцы, як засцерагчыся ад пажару, як заставацца прывабнай…
Перавыдавалася ў Вільні на польскай мове неаднойчы. Першы раз пабачыла свет у 1848 годзе. На беларускай мове ўпершыню выходзіла ў 1993 годзе.
ЗМЕСТ (скарочаны)
Паглядзець цалкам
Слоўца да чытача
Ад выдавецтва
Прадмова
Гаспадарчы дзённік і штотыднёвік — гэта значыць агульныя правілы ўтрымання ў добрым стане хаты і розных частак гаспадаркі
Аб утрыманні кароў і валоў
Аб гадаванні і ўтрыманні авечак і аб карысці ад іх
Аб свіннях
Аб гадаванні і ўтрыманні птушкі
Аб захоўванні вяндліны і саленні розных відаў мяса і рыбы
Аб прыгатаванні, сушцы, саленні, марынаванні ўсялякай гародніны і садавіны
Розныя сакрэты і веды
Аб тым, як варыць варэнне і жэле цукровыя і мядовыя, а таксама як пячы пернікі
Аб тым, як гнаць спірт, запраўляць гарэлкі і лікёры, а таксама аб прыгатаванні розных він
Аб малочных прадуктах, вырабе масла і сыроў
Аб тым як малоць муку і розныя крупы, а таксама аб выпечцы хлеба і здобы
Хатнія сакрэты
Касметыка і духмяныя рэчывы
Фарбаванне і бяленне пражы з шэрсці
Аб вырошчванні льну, прыгатаванні валокнаў, бяленні палатна, мыцці бялізны і каляровых рэчаў, а таксама аб вывядзенні розных плямаў і яшчэ шмат аб чым
Дадатак
СЛОЎЦА ДА ЧЫТАЧА Паглядзець цалкам
Перад вамі, шаноўныя спадарыні і спадары, незвычайная, унікальная кніга. Яна магла б выйсці падбольш дакладным падзагалоўкам — не "Літоўская гаспадыня", а "Беларуская гаспадыня", бо ў ёй акумуляваны гаспадарча-кулінарны вопыт не продкаў сённяшніх літоўцаў (у XIX стагоддзі іх называлі пераважны жмудзінамі), а жыхароў Міншчыны, якую ў адпаведнасці з гістарычнай прыналежнасцю да Вялікага Княства Літоўскага ў тым жа XIX стагоддзі залічалі да Літвы (прыгадаем, што і Мінск тады зваўся Літоўскім, і Брэст — Літоўскім). Кніжка гэтая магла б з’явіцца не ананімна, як выходзіла раней і выходзіць цяпер, а з указаннем прозвішча аўтара, дакладней — аўтаркі. Ды такая ўжо была воля аўтаркі, каб усе шэсць выданняў "Літоўскай гаспадыні — і прыжыццёвае (1848), і пасмяротныя (1851, 1856, 1858, 1862, 1873) — убачылі свет ананімна. Таму воля тае захоўваецца і зараз.
Дык хто ж яна, таямнічая аўтарка першай беларускай гаспадарча-кулінарнай энцыклапедыі, няхай і апранутай — у адпаведнасці з тагачаснай рэальнасцю — у полькамоўную апратку?! Прызнацца, доўгі час яе прозвішча не ведаў і я. Экзэмпляр "Літоўскай гаспадыні" віленскага выдання 1858 года, з якога зроблены гэты пераклад, трапіў да мяне выпадкова. Неяк у 1970 годзе я чытаў лекцыю ў Магілёўскай абласной бібліятэцы. Пасля мяне папрасілі паглядзець і вызначыць каштоўнасць польскіх кніг, што стаялі ў запасніках. А калі работа была скончана, дазволілі як "ганарар" узяць нешта з дуплетаў. Выбар мой паў на "Літоўскую гаспадыню", бо, па-першае, я разумеў, што пад словам "літоўскі" тут хаваецца беларускі падтэкст, па-другое, у іншых бібліятэках яна мне не сустракалася. Чаму? Мабыць таму, што пры частым ужытку зачытвалася тымі ж гаспадынямі "да дзірак", а вучоныя мужы, якім раней было даверана камплектаванне бібліятэк, лічылі выданне занадта "несур’ёзным", каб захоўваць яго для нашчадкаў…
Вярнуўшыся з кнігай у Мінск, я адразу ж паказаў яе Уладзіміру Караткевічу. Зацягваючыся беламорынай, ён доўга гартаў пажаўцелыя ад часу старонкі, потым нешта выпісваў ("бач ты, ужо тады ўмелі"). Асабліва, памятаецца, спадабаўся яму рэцэпт лікёра ("ліквора") з крываўнікам, блакітнага па колеры.
— Слухай, стары, — сказаў мне мой госць, — гэта ж абавязкова трэба перакласці на нашу мову. Такое багацце, такая смаката… А кажуць жа, што ў нас нічога не было — толькі лапці і каўтун у галаве… Пацікаўся, стары, дзе ў паперах хто напісаў гэтую кніжэнцыю. Бо трэба было б сказаць колькі добрых слоў пра "аўтарку", а мы нават прозвішча яе не ведаем. Не іголка ж у стозе сена… Так што шукай у сваіх там архівах!
Выконваючы пажаданне сябра, я і шукаў у віленскіх зборах, у паперах выдаўца Юзафа Завадскага. Але без прозвішча цяжка. І толькі выпадак дапамог выйсці на след. У артыкуле беларускага пісьменніка і добрага знаўцы Міншчыны Аляксандра Ельскага "Сілуэты жанчын з-над Нёмана, Дняпра і Дзвіны", змешчаны ў газеце "Дзённік Віленьскі" ў 1906 годзе (№27, 31, 32), прыведзены звесткі пра асветніц Еву Фялінскую, Ганну Цюндзявіцкую і Габрыелю Горват, якія ў першай палове XIX стагоддзя жылі на Міншчыне і клапаціліся пра беларускіх сялян, адкрываючы для іх шпіталі і школкі, навучаючы рацыянальнаму гаспадаранню.
Пра Ганну Цюндзявіцкую ў артыкуле сказана, што яна з’яўляецца аўтаркай выдадзенай ананімна "Літоўскай гаспадыні" (высветлілася, што ёсць і яе рускі пераклад), падрыхтавала да друку "Гаспадарчы штогоднік" (Вільня, 1854, 1861). У рукапісе застаўся трэці яе твор — пра лячэнне сялян (гісторыкам медыцыны варта яго пашукаць). Пра самую ж Цюндзявіцкую згадвалася наступнае. Нарадзілася яна ў 1803 годзе ў Каралішчавічах пад Мінскам. Выйшаўшы замуж за маршалка шляхты Барысаўскага павета, апекавалася сялянамі, збірала народныя рэцэпты і правярала іх на практыцы. Памерла ў 1850 годзе.
Артыкул Аляксандра Ельскага , несумненна, узрадаваў бы Уладзіміра Караткевіча. І не толькі таму, што Ганна Цюндзявіцкая аказалася карэннай жыхаркай Міншчыны, але і таму, што такое прозвішча было добра яму вядома. У сувязі з гісторыяй паўстання 1863 года аўтар “Каласоў пад сярпом тваім” займаўся асобай артылерыйскага прапаршчыка Міхала Цюндзявіцкага, расстралянага ў Мінску за агітацыйную работу сярод сялян і чытанне для іх “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага. Бацькі прапаршчыка жылі ў маёнтку Вільянова Барысаўскага павета (цяпер Кішчынаслабодскі сельсавет). І калі б у судовых дакументах захавалася імя яго маці (на жаль, там указаны толькі імёны бацькі, братоў і сясцёр), то цяпер, у гэтай прадмове, можна было б упэўнена засведчыць, дзе ж канкрэтна пісалася “Літоўская гаспадыня”. Бо па датах жыцця аўтарка кнігі магла даводзіцца маці аднаму з паплечнікаў Каліноўскага. Ці так? Каб адказаць на гэтае пытанне, патрэбны дадатковыя пошукі.
На жаль, няма ўжо з намі незабыўнага Генадзя Васільевіча Кісялёва. У яго “паўстанцкіх картатэках”, напэўна, адшукалі б адказы на пытанні. Але “картатэкі” засталіся! Вось што паведаміла ўдава Кісялёва Яніна Міхайлаўна:
— У картачцы на Міхаіла Цюндзявіцкага пазначана, што нарадзіўся ён 16 (28) чэрвеня 1839 года, меў двух братоў, Аляксандра і Яўгенія, і чатырох сясцёр. Бацька іх, уладальнік маёнтка Вільянова, зваўся Мельхіёрам, меў у Барысаўскім павеце каля 3200 дзесяцін зямлі коштам 50 000 рублёў. У вайну 1812 года служыў у расійскай арміі, за храбрасць атрымаў залатую шаблю, выйшаў у адстаўку палкоўнікам і таму, несумненна, мог выбірацца прадвадзіцелем дваранства. Маці ж паходзіла з роду Багдановічаў, бацькам яе быў уладальнік Стаек Вінцэнт Багдановіч…
А Стайкі знаходзяцца непадалёку ад Каралішчавіч. Значыць, усё сыходзіцца. Значыць, паўстанец Міхаіл — сын аўтара “Гаспадыні Літоўскай”. Болей жа Цюндзявіцкіх на Барысаўшчыне не было! А Вільянова, відаць, было куплена і забудавана, як сведчыць назва, пасля адстаўкі Мельхіёра. Тады ж ён і ажаніўся.
Чаму ж Ганна Цюндзявіцкая не пажадала, каб тагачасныя чытачы ведалі яе прозвішча? Ды, відаць, па той простай прычыне, што жанчыне быць пісьменніцай, літаратаркай, тады лічылася нечым… непрыстойным, асабліва для прадстаўніцы заможных колаў. Таму Габрыэля Гюнтэр, жыхарка Смаргоншчыны, сціпла падпісвалася: “Аўтарка кнігі “У Божае імя”, таму польская і беларуская паэтэса Зоф’я Трашчкоўская хавалася за імя і скарочанае прозвішча свайго бацькі Адама Манькоўскага (Адам М-скі). Псеўданім жа Адэлі з Устроні, які стаіць пад беларускай паэмай “Мачаха” (1850), так і застаўся неразгаданым… Толькі Эліза Ажэшка асмелілася падпісвацца ўласным прозвішчам. Але было тое значна пазней, на хвалі жаночай эмансіпацыі. А тады, у першай палове стагоддзя? Не зразумелі б, абсмяялі б, асабліва калі ты — жонка маршалка мясцовай шляхты…
Дык якой жа была яна, аўтарка “Літоўскай гаспадыні”? Артыкул Аляксандра Ельскага дае нам вельмі і вельмі скупыя звесткі. Аднак іх можна папоўніць, уважліва чытаючы кнігу. Нягледзячы на вонкавую бясстраснасць, атрымалася яна залішне індывідуальнай. Ганна Цюндзявіцкая не хавала свайго асабістага “я”, свайго густу, сваіх сімпатый і антыпатый. Найперш яна абапіралася не на чужыя, друкаваныя крыніцы (хоць выкарыстоўвала і іх), а на ўласны вопыт, таксама і вопыт сваіх бацькоў, суседзяў, мясцовых сялян. Да гэтага вопыту (напрыклад, кармленне падсвінкаў сыроваткай або таўчэнне суравых нітак у ступе) яна ішла праз сумненні, праз памылкі. Галоўным для яе было не прыдуманае ў галаве “баламуцтва”, а паўсядзённая практыка, мажлівасць паўтарыць набытае чытачамі ў іншых умовах. Ганна Цюндзявіцкая, несумненна, стала б вучоным ў галіне аграноміі, заатэхнікі ці медыцыны. Веды яе былі шматгранныя, энцыклапедычныя. Яна выкарыстоўвае рускія, украінскія, польскія крыніцы, побач з мясцовымі назвамі раслін прыводзіць лацінскія. Правяраючы той або іншы варыянт, аналітычна супастаўляе з’явы, праводзіць, па сутнасці, эксперыменты. І таму асобныя раздзелы твора (пра тое, як гадаваць авечак ці вырошчваць лён) чытаюцца, нібы навуковыя трактаты.
Несумненна, можна зрабіць вывад, што аўтарка “Літоўскай гаспадыні” самастойна вяла вялікую гаспадарку (муж або займаўся грамадскімі справамі, або яго ўжо не было ў жывых). Не дужа дбаючы пра асабістыя справы (да касметыкі — адносіны стрыманыя ці нават скептычныя), яна вышэй за іх ставіла агульнае, грамадскае. Адсюль такая павага ў кнізе да прыгоннага сялянства, імкненне даць яму асвету (“кухцікам” у вольны час належыць чытаць і пісаць”). Адсюль і мясцовы патрыятызм (“мы, літвіны”), і беларусізмы ў тэксце польскага арыгінала (услед за “паспольствам”: грудзіна, грузды, брусніцы, чарніцы, журавіны, саладуха, дзірван і інш.).
Нягледзячы на тое, што “Літоўская гаспадыня” напісана больш за 150 гадоў таму, многія яе мясціны гучаць сёння, на новым этапе нашага развіцця, вельмі і вельмі актуальна. Аўтарка ўвесь час заклікае весці гаспадарку рацыянальна, эканомна, каб нічога “не глумілася”, каб усюды быў парадак, каб кожны за нешта адказваў, каб усё падлічвалася. Возьмем для прыкладу самы звычайны гной. Колькі ў нас яго марнуецца, колькі сплывае ў рэчкі, забруджваючы ўсё навокал. І ў той жа час мы труцім палі і сябе мінеральнымі ўгнаеннямі… Дык ці не лепш рабіць такія (альбо больш мадэрнізаваныя) “гнаярні”, якія прапануюцца ў “Літоўскай гаспадыні”?!
Я ўпэўнены, што сучасны селянін, дачнік і асабліва фермер знойдуць у кнізе шмат для сябе карыснага. І няхай чытача не бянтэжыць яе арыентацыя на гаспадара заможнага. Бо, уласна кажучы, такімі гаспадарамі павінны стаць сённяшнія арандатары і фермеры. Менавіта заможныя сяляне ў стане пракарміць не толькі сябе, але і народ, краіну!
Хаця Ганна Цюндзявіцкая сціпла адрасавала сваю кнігу жанчынам (маўляў, не хацелася б ёй павучаць “мудрэйшых” мужчын), аднак верыцца, што не толькі на кухні знойдзе яна сваіх прыхільнікаў. “Літоўская гаспадыня” павінна зацікавіць і мужчын — тых самых маладых і энергічных прадпрымальнікаў, якія сёння гадуюць або яшчэ збіраюцца гадаваць кароў і авечак, свіней і індыкоў, нарыхтоўваюць усялякую садавіну і гародніну ці ўжо адчыняюць уласныя кавярні і корчмы. Уяўляеце, наколькі лягчэй будзе перамагчы канкурэнтаў таму бармэну, у чыім меню з’явяцца старадаўнія беларускія кумпяк і шынка (толькі з гэтай кнігі я па-сапраўднаму даведаўся, якая паміж імі розніца), грушкі ў мёдзе ці аер у цукры, а ў дадатак да іх — чарка моцнай кмяноўкі ці таго ж лікёру з крываўнікам!
Будзе з кнігі карысць і для вучоных-гісторыкаў. Асабліва тых, што даследуюць гісторыю нашай матэрыяльнай культуры. Як вялі гаспадарку нашы продкі, якую жывёлу і птушку трымалі, чым харчаваліся, як малолі муку і пяклі хлеб — пра ўсё гэта, а таксама пра шмат што іншае сказана ў “Літоўскай гаспадыні” грунтоўна і вобразна. Часам кніга чытаецца як гістарычнае (падзеі 1812 года, паморак быдла 1844 года) або белетрыстычнае апавяданне.
Не ведаю, як хто, а я асабіста закончыў чытанне “Літоўскай гаспадыні” з гордасцю і, адначасова, з сумам. З гордасцю — ад таго, што былі сярод нашых продкаў разумныя людзі, добрыя гаспадары (і ніякія не забітыя — нармальныя людзі). А з сумам — ад таго, што не збераглі, растрацілі мы іх багаты вопыт. І толькі цяпер прыходзім да усведамлення, што вяртаць яго трэба, збіраць па драбніцы.
То — няхай на карысць ідзе вам гэты вопыт! На спор у гаспадарцы. І… на здароўе!
Адам Мальдзіс, доктар філалагічных навук
АД ВЫДАВЕЦТВА Паглядзець цалкам
У кнізе захаваны састарэлыя тэрміны для абазначэння адзінак вагі, даўжыні, лічэння, якія зараз зразумелыя не ўсякаму чытачу. Таму лічым неабходным даць ім тлумачэнне.
Асьміна — мера сыпкіх рэчываў, што разнялася прыблізна 18 гарцам, 1/8 бочкі віленскай.
Гарнец — мера сыпкіх рэчываў і вадкасці. Малы (шынковы) складаў прыблізна 3,28 літра.
Гран — адзінка аптэкарскай вагі, роўная 62 міліграмам.
Драхма — старажытная адзінка аптэкарскай вагі, якая складала 3,73 грама.
Капа — адзінка лічэння: шэсцьдзесят штук чаго-небудзь.
Кварта — адзінка вымярэння сыпкіх і вадкіх рэчываў. Складала чацвёртую частку гарца, 0,7 літра.
Локаць — мера даўжыні, якая раўнялася 54,96 сантыметра.
Лот — адзінка вагі, што складала 1/32 фунта, ці 11,71 грама.
Міля — адзінка вымярэння адлегласці. У Вялікім Княстве Літоўскім адпавядала 7,798 кіламетра.
Пуд — мера вагі, роўная 40 фунтам, ці 16 1/3 кілаграма.
Унцыя — адзінка аптэкарскай вагі, роўная прыблізна 30 грамам.
Фунт — мера масы. У Вялікім Княстве Літоўскім велічыня фунта вагалася ад 360 да 450 грама, з 1766 года — 374,82 грама.
Фут — мера даўжыні, якая раўнялася прыблізна 12 дзюймам, або 30,48 сантыметра.
Цаля — мера даўжыні, што складала 2,54 сантыметра.
Чвэрць — мера даўжыні, роўная 17,775 сантыметра.
Шаснаццатка — мера сыпкіх рэчываў. У Вялікім Княстве Літоўскім складала паўасьміны.
ПРАДМОВА Паглядзець прадмову цалкам
У нас складзена шмат кніг аб жаночай гаспадарцы, але ні адна з іх поўнасцю не адпавядае зададзенай мэце. Метады і парады, змешчаныя ў тых пісаннях, у большасці сваёй надуманыя, яны нарадзіліся толькі ў галаве таго, хто піша, і не пацверджаны практыкай. Сярод дзясятка кніг знойдзецца не болей адной сапраўды карыснай, парады якой льга было б ужываць у нашай хатняй гаспадарцы. З-за блытаніны і неразбярыхі ў такіх кнігах ніхто не можа іх выкарыстоўваць. Перыядычныя выданні маюць яшчэ і той недахоп, што адсылаюць чытача ад тома да тома, стамляюць яго, нарэшце наганяюць нудоту. І так ахвотна купленая кніга хутка апынаецца сярод тых, якія дарэмна займаюць месца на паліцы.
Толькі пра сад і кухню ў нас ёсць здавальняючыя творы Струмілы і Шытлера. Маючы такія кнігі, маладая гаспадыня ў стане ўжо сама давесці да ладу стол і агарод, аднак іншыя часткі гаспадаркі ёй зусім невядомыя. І ўсё таму, што сучаснае моднае выхаванне, прысвечанае толькі набыццю ведаў і развіццю здольнасцей, зусім не пазнаёміла жанчыну з абавязкамі гаспадыні дома.
Слугі ж нашыя ў большасці сваёй не ўмеюць самастойна ўдумвацца ў справы шматлікіх бакоў гаспадаркі, дзейнічаюць толькі машынальна. І калі ім удаецца выпадкова зрабіць што-небудзь добра, потым яны самі ж тое дзесяць разоў пашкодзяць.
Таму я маю намер ў гэтым невялікім сачыненні даць слушныя і карысныя парады і правілы. Калі кожная гаспадыня стане кіравацца імі, жывёла і птушка яе заўсёды будуць добра ўтрымлівацца і пладзіцца пры найменшых стратах. Яна знойдзе тут ўсё дакладна і надзейна адзначаныя меры і вагу, зможа найлепшым чынам і штогод аднолькава, беспамылкова папаўняць сваю камору і аптэчку не толькі самымі вытанчанымі ласункамі, варэннямі, лікёрамі, але і, што важна, такімі, здаецца, простымі (а на самай справе гэткімі складанымі) для прыгатавання вырабамі — вэнджанымі, салёнымі і квашанымі. Таму спадзяюся, што “Літоўская гаспадыня” сумесна з “Паўночнымі садамі” і “Умелым кухарам” зробіцца незаменнай дарадчыцай кожнай гаспадыні.
Я пісала толькі для жанчын і аб жаночай гаспадарцы, не маючы ніякага намеру вучыць больш умудроных за мяне мужчын-гаспадароў. Калі ў кнізе я змясціла раздзелы, якія датычаць земляробства, дык зрабіла гэта толькі таму, што сумныя абставіны вымушаюць шмат жанчын займацца гаспадаркай як жаночай, так і мужчынскай. Ім я прысвячаю сваю працу. Няхай яна будзе для іх такой жа карыснай, як шчырым з’яўляецца маё жаданне дапамагчы ім у цяжкіх клопатах.
КОЛЬКІ РАЦЭПТАЎ З КНІГІ Паглядзець
Агурэчная вада для скуры (з раздзелу “Касметыка і духмяныя рэчы”)
Свежыя агуркі, ачышчаныя ад лупіш, наразаюць і кладуць ў бутэлькі. Запоўніўшы посуд да паловы, агуркі заліваюць гарэлкай і ставяць на сонцы. Праз дванаццаць дзён выносяць на сухі склеп. Ужываюць так: вымыты і сухі твар выціраюць тонкім ручніком, намочаным ў гэтай вадзе. Яна ня толькі асвяжае скуру, але і ўмацоўвае вочы.
Мыццё рэчаў бульбай (з раздзелу “Аб вырошчванні льну, прыгатаванні валокнаў, бяленні палатна, мыцця бялізны і каляровых рэчаў, а таксама аб вывядзенні розных плям і яшчэ шмат аб чым”)
Добра вымытую бульбу труць на тарцы і гэтай гушчай, як мылам, націраюць не толькі плямы, а і ўсю рэч. Найлепш тады ўжываць халодную ваду. Калі так мыць паркаль і палатняныя тканіны, яны не толькі страцяць колеру, але і ад крухмалу, што ёсць у бульбе, набываюць цвёрдасць і выгляд новых.
Прасаванне бялізны (з раздзелу “Аб вырошчванні льну, прыгатаванні валокнаў, бяленні палатна, мыцця бялізны і каляровых рэчаў, а таксама аб вывядзенні розных плям і яшчэ шмат аб чым”)
Прасуюць бялізну не зусім яшчэ сухую. А калі яна ўжо перасохла, апырскваюць чыстай вадой, складваюць ў кучу, абвязваюць палатном, каб усюды аднолькава ўвільготнілася, інакш добра не адпрасуецца. А залішне намочаныя рэчы ад гарачага праса запарацца і пажаўцеюць.
Прасаваць належыць па магчымасць на свежым паветры, бо пара, якая выдзяляецца пры гэтым, надта шкодная для таго, хто прасуе.
Жэле з яблык дыннага колеру (з раздзелу “Як варыць варэнне і жэле цукровыя і мядовыя, а таксама як пячы пернікі”)
Кіслыя яблыкі добрага сорту, амаль што паспелыя, абабраныя з аднаго дрэва, трэба ачысціць ад лупіны і асяродка і адразу кінуць у ваду, каб не чарнелі. Затым змяніць яе і паставіць варыць, пакуль плады ня зробяцца мяккімі, а вада — кіслай. Пасля ваду сцадзіць і гатаваць, зазначыўшы колькасць яе палачкай.
Цукру бяруць столькі ж, колькі соку, вады — каб пакрыць яблыкі. Вельмі добра запраць жэле ваніллю.