Prose
У зборнік увайшлі найбольш папулярныя апавяданні англійскага класіка Г. К. Чэстэртана, у якіх тэма спрадвечнага змагання паміж дабром і злом раскрываецца на прыкладзе шматгадовага супрацьстаяння паміж святаром Браўнам і сусветна вядомым злачынцам па прозвішчу Фламбо. Бліскучы талент аўтара, багацце мовы, невычэрпная выдумка ў пабудове дэтэктыўных сюжэтаў па-свойму вырашаюць спрадвечную задачу літаратуры: абвясціць чалавека найвялікшай каштоўнасцю Сусвету і веру ў Бога наймагутнейшай сілай дабра.
У іранічнай і лірычнай аповесці Андрэя Горвата персанажы стамляюцца быць кардоннымі фігуркамі, стараюцца не патануць у шматслойнасц Існавання і вучацца казаць: «Je vis. Я жыву».
Кніжка «Адважныя вандроўнікі» — гэта падарожжа ў чароўны свет лясных жывёл, якія сябруюць з чалавекам і маюць з ім агульныя забавы і клопаты — займальныя і вясёлыя.
«Падслуханая казка» Андрэя Федарэнкі развівае творчае мысленне, выхоўвае любоў да прыроды і пачуццё патрыятызму.
Журналіст, дворнік, дармаед, гаспадар, пісьменнік. Аўтар гэтай кнігі – чалавек, які шукае сваё месца ў гэтым свеце. Такім месцам магла б стаць утульная рэдакцыя сталічнага часопіса або модны хіпстарскі каворкінг. Але стала дзедава хата на Палессі, на ўскрайку Беларусі, на перакрыжаванні сусветаў. Гэта кніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, саджаць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэта кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сябе. Можа быць, яна пра тое, як вярнуцца да каранёў, да роднай моўнай і культурнай стыхіі і пра тое, як важна не згубіць бабуліны аповеды. А можа, пра тое, як стаць сваім для самога сябе.
Гэта кніга пра Нараўлянскі палац – стары дом на беразе Прыпяці, напоўнены любоўю, фартэпіяннай музыкай і сямейнымі сакрэтамі. Гэта літаратурнае даследаванне, у якім біяграфія палаца пераплятаецца з асабістай гісторыяй аўтара. Таксама гэта аповед пра людзей, якія называлі палац сваім домам, і пра эпохі, што праносіліся за яго вокнамі.
«Знахар» — польскі бэстсэлер 1937 года. Меладраматычны раман Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча расказвае пра выбітнага варшаўскага хірурга, прафесара Рафала Вільчура, які пасля страты памяці і шматгадовых бадзянняў пад імем Антонія Касібы трапляе ў рытуал на млын у мястэчку на Браслаўшчыне, дзе нечакана выяўляе ў сабе невытлумачальную здольнасць лячыць людзей.
Маральны трылер з крымінальнай загадкай, дэтэктыў без традыцыйнага следства. Галоўная гераіня – інжынер на пенсіі, настаўніца ангельскай мовы, экзальтаваная абаронца жывёльнага свету, аматарка паэзіі Уільяма Блэйка, карт Таро і астралогіі – ад самага пачатку ўпэўненая, што ведае, чаму ў акрузе адбываюцца забойствы мужчын, якія захапляюцца паляваннем. Але ёй ніхто не верыць - ні суседзі, ні паліцыя, ні будучыя ахвяры...
У гэтым выпуску чытачоў чакаюць творы Андрэя Хадановіча, Адама Міцкевіча, Ларысы Геніюш, Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча, Віктара Казька, Лесі-Стэфаніі Міхалевіч і многа іншае.
Анакрэон (каля 572 – каля 485 гг. да н. э.) – старагрэцкі паэт, жыццялюбная лірыка якога, дайшоўшы да нашчадкаў у невялікіх фрагментах, натхняла новыя і новыя пакаленні паэтаў у самых розных краінах свету. У дадатку змешчаны ўзоры іншай грэцкай анакрэантычнай паэзіі.
out of stock
Раман Яхіма Топала "Цэх д'ябла" – гэта літаратурныя раскопкі вусцішнай гісторыі ХХ стагоддзя, пераплеценыя з сюррэалістычным дзеяннем, якое вялікай часткай адбываецца ў Беларусі, праўда, Беларусі фантомнай, але, тым не менш, лёгка распазнавальнай. Раман быў выдадзены ў 2009 годзе, і з таго часу выйшаў у розных краінах у перакладах амаль на два дзясяткі моваў. Яхім Топал (нар. у 1962 г.), адзін з найбольш вядомых у сучасным свеце чэшскіх пісьменнікаў, за гэтую кнігу быў уганараваны прэміяй Яраслава Сайферта і прэміяй Міжнароднага ПЭН-клуба.
У другім выпуску літаратурна-мастацкага альманаха “Апостраф” Вас чакаюць: Адвечная песня – апавяданні Віктара Казько; Скачок з парашутам – аповесць Міхася Зізюка; аповеды Уладзіміра Сцяпана, Юры Несцярэнкі і Давіда Шульмана; вершы Уладзімера Арлова, Антаніны Хатэнкі, Валянціны Аксак. Змітра Вішнёва, Сяргея Ваганава і Валерыя Герасімава; а таксама пераклад “Пейзаж з вепруком” Сігітаса Гяда ад Ціхана Чарнякевіча; лісты Янкі Саламевіча да Сяргея Чыгрына; словы Адама Глобуса пра мастака Мікалая Крукава; эсэ Вольгі Бабковай і Уладзіміра Ягоўдзіка ды шмат іншых цікавостак.
Кніга цудаў і хаджэнняў, раман «Падарожжы Беньяміна III» пра выбітнага ваяжора і яго адданага збраяносца, аўтарства Мэндэлэ Мойхер-Сфорыма з Капыля, усмешлівага пачынальніка сур'ёзнай яўрэйскай літаратуры, заснавальніка легендарнай Дармаедаўкі, стольнага мястэчка Ідышлэнду.
Аляксандр Чакс – латышскі паэт і празаік. Друкаваўся з 1925 г. Прызнаны урбаніст, пясняр прадмесцяў, дзе жыў звычайны працоўны люд; майстар вольнага верша. Найбольш плённы перыяд яго творчасці – 30-я гады ХХ стагоддзя, эпоха першай латвійскай незалежнасці. Вершы і паэмы Чакса публікуюцца ў перакладзе выбітнага беларускага творцы Васіля Сёмухі.
Перад намі ў класічны раман посткласічнай беларускай літаратуры, у якім тутэйшая рэчаіснасць разглядаецца праз магічны крышталь сноў і мрояў. У трэцюю, разгорнутую і пашыраную версію рамана дададзеныя дзве новыя гісторыі («Восень у Гародні» і «Дзюры»), а таксама «Заўвагі выдаўца», якія пры ўважлівым разглядзе аказваюцца нататкамі невядомага чытача, знойдзенымі аўтарам у Архіве Клакоцкага ў 2023 годзе.
«Ніхто дабром не дасць збаўлення» – трэцяя кніга з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Мы працягваем сачыць за лёсамі ўжо знаёмых нам герояў менскіх зладзеяў Аліка Барана, Яся Нацэвіча і Філіпа Лысага.
«Гляну я ў аконца...» – другі раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніцаў зладзейскае асяроддзе Менска пачатку ХХ стагоддзя.
«Яблычак» – першы раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, слыннага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніцаў зладзейскае асяроддзе Менску пачатку ХХ стагоддзя. Дзеянне ў рамане разгортваецца ранняй вясною 1918 года, калі Першая сусветная вайна пераўтварыла Менск ў прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Еўропы і былой Расейскай імперыі з надзеяй на хуткі заробак сцягнуліся злодзеі, прастытуткі і махляры. Раман, які спалучае гумар і трагізм, апісвае зладзействы і ўнутраны свет злачынцаў, захапляе з першых старонак, трымаючы ў напружанні да апошняга сказу.
Гэта кніга раскажа вам пра дзяўчынку Віку, якая каляднай парой гасцюе ў хроснай і трапляе ў свет неверагодных дзівосаў і цудоўных пераўтварэнняў. Урэшце і сама яна становіцца маленькай чараўніцай.
Эля і Ёнатан, звычайныя ізраільскія школьнікі, трапляюць у залюстроўе, у паралельную з нашым сусветам цывілізацыю Вавілонскай імперыі, дзе, суладна пераплятаючыся, уладараць магія і навуковыя тэхналогіі. Падлеткі павінны вырваць бацьку з цэпкіх лап злачынных падарожнікаў між сусветамі і іх фармакалагічнага кодла, а таксама выцягнуць маму з бяздоннай прорвы душэўнай хваробы. У Вавілоніі герояў падпільноўваюць цмокі-кракадзілы, утрапёныя служкі змрочных культаў, небяспечныя паўстанцы, зухаватыя кантрабандысты, а самі героі паспытаюць здраду, расчараванне, сяброўства і каханне.Створаны аўтаркай сусвет шмат у чым грунтуецца на міфалогіі і культурных кодах цывілізацый Старажытнага Усходу: сумерскай, акада-вавілонскай і ханаанскай.













