№3 (158)-2018. Навуковы, навукова-папулярны, грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. — Менск, 2018. — 96 с.
ISSN 1392-9682
Гэтым разам рэдакцыя прадставіла часопіс у цалкам новым фармаце: новы дызайн, новая канцэпцыя.
Аўтары нумару Томаш Кемпа, Лена Глагоўская, Збігнеў Карпус, Вальдэмар Рэзмер, Алена Гапава, Альміра Усманава, Себастыян Штопэр, Магдалена Валігурска.
ЗМЕСТ Паглядзець
Валер Булгакаў. Пара мяняцца! Прадмова да новага “ARCHE”
Томаш Кемпа. Стаўленьне рускага магнацтва да Люблінскай уніі 1569 г.
Лена Глагоўская. Гасан Канапацкі – татарскі камандуючы беларускага войска
Збігнеў Карпус, Вальдэмар Рэзмер. Слуцкае паўстанне 1920 г. у святле польскіх вайсковых матэрыялаў
Алена Гапава, Альміра Усманава. Каханне і сэкс у БССР (Аляксандр Гужалоўскі. Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг. Мінск: Выдавец А. Янушкевіч, 2017. – 257 с.)
Себастыян Штопэр. Дзіцячая вёска Скобраўка. Савецкія дзеці як донары крыві падчас Другой сусветнай вайны.
1. “Загаспадаранне чалавечых рэсурсаў” у зоне 9-й арміі
2. Вярбоўка
3. Лагер
4. Міф
Магдалена Валігурска. Памяць пра Халакост на лініях разломаў паміж усходне- і заходнееўрапейскай культурамі памяці. Новы мемарыяльны комплекс у Трасцянцы
Уводзіны
Памяць пра Халакост у Беларусі
Трасцянец
Ініцыятыва па стварэнні мемарыяла
Два мемарыялы
Трасцянец як месца еўрапейскай памяці
Перанос мемарыяльных парадыгмаў
Назваць ахвяр пайменна
Гукавая дарожка памяці
Высновы
ПАРА МЯНЯЦЦА! Прадмова да новага “ARCHE” Паглядзець
Дарагія чытачы! Вы трымаеце ў руках нумар “ARCHE”, выдадзены ў новым фармаце. У некага з вас адразу паўстане пытанне: навошта мы пайшлі на такую змену і наколькі доўгатрывалым будзе гэты паварот.
Прычын такой эвалюцыі багата. Пералічу найважнейшыя: пасля вялікай паўзы, якая доўжылася ад 2004 года, ужо больш як год як наш часопіс ізноў прадаецца ў кіёсках. У ранейшым фармаце ён проста губляўся на фоне стракатай і маляўнічай прадукцыі, прадстаўленай на іх вітрынах. Яго амаль не заўважалі і слаба куплялі.
Фактычна макет нашага выдання не мяняўся за 20 гадоў свайго існавання. Як мы пачалі выдаваць яго ў 1998, так і працягвалі ў 2017. Але за гэты час адбылася тэхналагічная рэвалюцыя: каляровы друк перастаў быць надзвычай дарагім і, адпаведна, эксклюзіўным; паралельна, рэзка павысіліся тэхналагічныя магчымасці для вёрсткі выданняў.
Але да самага апошняга часу мы не зважалі на гэты тэхнічны прагрэс. У выніку выданне ў плане афармлення выглядала адчувальна састарэлым. Відаць, у 2017 г. гэта было адзінае незалежнае, г.зн. не звязанае з дзяржавай і афіцыйнай акадэмічнай сферай выданне папулярна-гістарычнага профілю ва Ўсходняй Еўропе, якое выходзіла ў такім выглядзе родам з другой паловы XX ст.
Але гэтая змена — не даніна модзе і новым тэхналагічным павевам. Каб выжываць, нам трэба змяняцца. Змяніўшы фармат і спосаб падачы матэрыялаў, мы хочам павялічыць прыцягальнасць выдання, а ў выніку — яго наклад і аб’ём чытацкай аўдыторыі.
Мы таксама зыходзім з таго, што рост чытачоў папяровага выдання немагчымы пры захаванні старых, фактычна наўпадпольных спосабаў дыстрыбуцыі. Мы будзем рабіць усё, каб вярнуцца да нармальнасці, г. зн. каб часопіс прадаваўся толькі і выключна праз падпіску, а таксама ў кіёсках, кнігарнях і іншых прызначаных для гэтага месцах.
У нашых планах — вяртанне да штодвухмесячнай перыядычнасці выхаду ўжо ў другой палове наступнага года.
Стары “ARCHE” быў прадуктам сваёй гістарычнай эпохі, якая незваротна адышла ў нябыт. Таму гэтая змена — доўгатэрміновая. Вяртанне да старога ўжо не будзе. Іншая справа, што цяжка прадказаць, ці здолее абноўлены “ARCHE” дынамічна развівацца, знайсці сваю нішу на
медыйным рынку і вытрымліваць канкурэнцыю.
Як вы можаце пабачыць ужо ў гэтым нумары, змяніўся не толькі макет выдання. Рэзка ўрасла колькасць ілюстрацый: цяпер перад вамі ўжо не толькі часопіс для чытання, але і часопіс для глядзення. У цэлым пераемнасць на ўзроўні тэкстаў застаецца: мы працягваем друкаваць навуковыя тэксты са зноскамі, напісаныя не журналістамі або краязнаўцамі, а прафесійнымі гісторыкамі. “ARCHE” застаецца адзінай пляцоўкай у краіне, дзе рэгулярна друкуюцца здабыткі замежнай беларусістыкі, таму як і раней у нас будзе шмат аўтараў, якія пішуць на беларускія тэмы, не жывучы ў Беларусі.
Пераход у новы фармат робіць немагчымы працяг старой практыкі, калі ў часопісе друкаваліся вялікія манаграфіі або тэксты пад сотню старонак. Як вынік, фіксаванага аб’ёму аднаго нумару не існавала. Цяпер тэматычная структура будзе больш уцямнай, а аб’ём нумару — стандартным. Раней бывала так, азнаёміўшыся з нейкім нумарам “ARCHE” адвольнага аб’ёму і напаўнення, не ўзнікала жадання працягваць знаёмства, бо ў новым нумары маглі быць апублікаваныя матэрыялы, ніяк тэматычна з папярэднім не звязаныя і таму канкрэтнаму чытачу нецікавыя.
“ARCHE” цяпер становіцца перыядычным выданнем у сціслым значэнні гэтага слова, а не зборнікам навуковых прац розных эпох і дысцыплінарнасцяў. Мы спадзяёмся, што тым самым часопіс будзе больш прадказальным, і ў чытачоў стане меней прычын для растання.
Валер Булгакаў
Колькі старонак з гэтага нумару (частка 1) Паглядзець
Колькі старонак з гэтага нумару (частка 2) Паглядзець