Проза
У кнігу Барыса Пятровіча ўвайшлі ўпершыню сабраныя разам фрэскі, у якіх верлібры дапаўняе рытмізаваная проза.
Гэта кніга для тых, хто любіць смакаваць словы, задумвацца над будзённым і надаваць увагу дэталям. Першыя накіды для гэтай кнігі выйшлі ў электронным выглядзе, аднак тэма настолькі паглынула аўтарку, што яна вырашыла працаваць далей. І вось вынік – 31 гісторыя, напоўненая нетрывіяльнымі разважаннямі і трапнымі назіраннямі, дзе героямі робяцца відэльцы і нажы, яблыкі і пяльмені... Перанесеныя ў сферу філасофіі, яны, тым не менш, пачуваюцца там як дома, даводзячы, што і ў самым звычайным ёсць неверагодная прыгажосць думкі.
Жыццё Хайка — гэта «хулс». Калі яго лепшага сябра моцна збілі і ён захацеў выйсці з групоўкі, Хайка лічыць гэта здрадай. Бо наперадзе іх чакае новая гульня — паўфінальны матч за кубак Германіі — і новая бойка з заклятымі супернікамі з Браўншвайга.
Марыя жыве ў правінцыйным постсавецкім горадзе, насельнікі якога ізаляваныя ў сваіх камерах-адзіночках – разам з успамінамі, траўмамі мінулага і штучнымі каханкамі. Недзе на перыферыі іх свядомасці паступова распальваецца грамадзянскі канфлікт, але пакуль ніхто на яго не зважае. Марыя прадчувае: нешта неўзабаве павінна адбыцца…
За гэтую кнігу аўтар уганараваны прэміяй імені Ежы Гедройца за 2018 год.
Падзеі дэтэктыўнага рамана вядомай польскай пісьменніцы беларускага паходжання Катажыны Бонды адбываюцца ў падляшскім мястэчку Гайнаўка і наваколлі. У ім некалькі сюжэтных ліній, адной з якіх з’яўляецца трагічная гісторыя забойства ў 1946 годзе некалькіх дзясяткаў сялян-беларусаў жаўнерамі Арміі Краёвай з атрада небезвядомага Рамуальда Райса “Бурага”.
Акрамя імя аўтара і агульнай вокладкі, тэксты, што ўвайшлі ў гэтую кнігу, аб'ядноўвае тое, што ўсе яны напісаныя ў дваццаць першым стагоддзі. Некаторыя апавяданні — пад сапраўдным імем аўтара — друкуюцца ўпершыню.
Гэта дэбютная кніга аўтаркі, тэксты якой пісаліся цягам дваццаці гадоў. Апавяданні вытрыманыя ў традыцыйна-класічным стылі і строга адпаведныя яму па сваёй літаратурнай форме. Узаемаадносіны паміж людзьмі ў постсавецкім грамадстве, іх думкі, пачуцці і ўчынкі, якія фармуюць філасофію жыцця беларускага этнасу – галоўная ідэйная скіраванасць твораў пісьменніцы. Артыкулы і эсэ, што складаюць другую частку выдання, распавядаюць пра жыццё вядомых людзей нацыянальнай і сусветнай літаратур (А. Васілевіч, А. Асташонак, С. Унсет), а таксама пра мастацкую творчасць, цесна звязаную з навакольным светам і жывой прыродай.
Гэта кніга складаецца з трох казачных гісторый. А аб’ядноўваюцца яны тым, што ў кожнай з іх дзейсныя асобы — жыхары вадаёмаў. Магчыма, таму, што аўтарка нарадзілася і вырасла ля возера, якое дагэтуль лічыць найпрыгажэйшым у Беларусі. Водная прастора заўсёды захапляла яе. Пісьменніца любіла доўга-доўга ўглядацца ў глыбіні, уяўляючы сабе жыццё падводнага свету. Ёй заўжды было цікава паглядаць на сусвет не толькі сваімі вачыма, бо вакол кожную хвіліну адбываецца столькі цудаў, на якія чалавек часам не звяртае ўвагі. У выніку з’явіліся вось гэтыя казачныя гісторыі.
У кнігу ўвайшлі вершы і малая проза, створаныя аўтарам цягам апошніх гадоў, а таксама выбраныя творы з папярэдняй кнігі вершаў “Крушня”.
Гістарычны раман “Беларускі палкоўнік” раскрывае драматычную панараму падзеяў сярэдзіны XVII ст. на ўсходзе Беларусі. Малады магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі, былы ротмістар войска Вялікага Княства Літоўскага, атрымлівае ліст з Запароскай сечы, які зьмяняе ўсё яго жыцьцё. Гэта кніга пра вернасьць і здраду, любоў да Бога, каханьне да дзяўчыны і складаныя жыцьцёвыя выклікі з якімі сутыкаюцца героі твора.
У чарговую кнігу прозы Віктара Казько ўвайшоў аднайменны раман “Бунт незапатрабаванага праху”. У цэнтры ўвагі пісьменніка — мастацкае даследаванне драмы чалавечай душы на пераломе XX і XXI стагоддзяў, калі адной з найважнейшых функцый літаратуры з’яўляецца папярэджанне і прароцтва.
У кнізе Анатоль Бароўскі засяродзіў сваю ўвагу на каханні кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Вікенція Канстанціна Каліноўскага і яго нарачонай, Марыі Ямант, якое яны пранеслі праз віхуры і здзекі, вытрымаўшы і перамогшы, выстаяўшы і даказаўшы, што вышэй Кахання нічога ў Сусвеце не існуе.
Зборнік складаюць 10 апавяданняў рознай тэматыкі, сярод якіх вылучаецца навела “Восень у Вільні”, у якой апавядаецца пра падзеі, звязаныя з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі.
Кніга прозы Міхася Андрасюка (беларускага пісьменніка з Польшчы) знаёміць з мінуўшчынаю і сучаснасцю каларытных герояў белавежскіх вёсак і мястэчак. Апавяданням уласцівыя метафарычнасць стылю, ласкавая іронія і псіхалагічны лірызм.
Ліліт, першая жонка Адама, пакінула рай і не прыжылася ў пекле. За гэта Бог і Д’ябал змусілі яе падпісаць угоду, паводле якой Ліліт мусіць бясконца ўвасабляцца ў зямных жанчын і жыць сярод людзей. Пабадзяўшыся па свеце, Ліліт урэшце трапляе ў сучасны Мінск. Тут яна сустракае журналіста газеты "Наша Нядоля", які марыць пра літаратурную славу, папулярную блогерку, якая вучыць жанчын абуджаць у сабе Багіню, дэмана, які спакушае жанчын ды анёла, які ўдзень працуе праграмістам і складае гараскопы, а ўначы гуляе па дахах. Таксама Ліліт сустракае вучонага ката, здольнага адрозніць оперы Вівальдзі ад італьянскага Гендэля, а яшчэ дзяўчыну-псіхолага, якой дапамагае раскрыць рэдкі дар з дапамогаю картаў Таро.
У кнігу прозы Макса Шчура, лаўрэата прэміі Гедройца 2016 году за раман “Завяршыць гештальт”, увайшлі апавяданні, напісаныя ў 2011–2017 гг., а таксама аповесць “Чалавек з футаралам.
Творы ў кнізе вострасюжэтныя, з загадкамі, містыкай і нечаканымі паваротамі. І, вядома, са зваротам да гісторыі — куды без яе? Апавяданне "Яйкі птушкі Рух" і дэтэктыўная аповесць “Голем з Малой Мар'ямпольскай” маюць у сабе больш містычных матываў. Аповесць “Вуаерыст” — бліжэй да дэтэктыву ў жанры “нуар” з гістарычнымі паралелямі. Станоўчых герояў у “Вуаерысце” практычна няма, затое ёсць эротыка, спецслужбы і пошукі золата.
Гісторыка-прыгодніцкі раман Людмілы Рублеўскай “Дагератып” мае незвычайную структуру: дзеянне Кнігі знешняга кола перацякае ў Кнігу ўнутранага кола, з сучаснасці ў гістарычнае мінулае з непаўторнай атмасферай дэкадансу. Два зрэзы ў часе непарыўна звязаныя між сабою.