Штурмуючы будучыні аванпосты. Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919-1929) / Аляксандр Гужалоўскі. — Мінск: Цымбераў Р.М., 2025. — 280 с.: іл.

ISBN 978-985-7334-72-8.
Першае ў айчыннай гістарыяграфіі комплекснае даследаванне радыкальных змен у сямейна-шлюбных адносінах і сэксуальным жыцці беларускага савецкага грамадства на працягу першага дзесяцігоддзя яго існавання. Разгляданы час характарызаваўся неверагоднай нават па сённяшніх мерках свабодай нораваў. Сэксуальная рэвалюцыя кінула выклік традыцыйнаму сямейна-шлюбнаму ладу, трансфармавала інстытут шлюбу і заснаваную на ім мараль, паставіла сэксуальнасць у грамадскі дыскурс.
Кніга напісана на багатым фактычным матэрыяле, з прыцягненнем новых архіўных крыніц і тагачасных перыядычных выданняў. Будзе цікавай як спецыялістам, так і шырокаму колу чытачоў.
ЗМЕСТ Разгарнуць
Уводзіны
Глава 1. СПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА
Класікі кідаюць выклік
Тэарэтычныя пошукі ў Савецкай Беларусі
За справу бяруцца юрысты
Глава 2. «НОВЫ БЫТ»: ПАМІЖ ІДЭЯЙ І ЎВАСАБЛЕННЕМ
Канструяванне «новага быту»
Рух за стварэнне камун
Сэксуальныя эксперыменты
Глава 3. МОЛАДЗЬ У АВАНГАРДЗЕ
Кахаць па-камсамольску
Эрас і адукацыя
«Новая мараль» у мастацкім увасабленні
Глава 4. ЖАНЧЫНА Ў ВІХУРЫ СЭКСУАЛЬНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ
Галоўны штаб рэвалюцыі
На шляху да «новай сям'ї»
Беларуская валькірыя рэвалюцыі
Глава 5. СТЫГМАТЫЗАВАНЫЯ
Каханне на продаж
Барацьба з прастытуцыяй
Іншыя стыгматызаваныя
Заключэнне
Імянны паказальнік
Спіс скарачэнняў
УВОДЗІНЫ (фрагмент) Разгарнуць
Пытанні сэксуальнасці займаюць цэнтральнае месца ва ўсіх чалавечых культурах. Аднак стаўленне да гэтай агульначалавечай уласцівасці ў розных частках свету ў розныя часы істотна адрознівалася. У выніку сацыяльнага ўздзеяння біялагічна сыры матэрыял палавога жыцця і ўзнаўлення чалавека набываў пэўныя канвенцыйныя формы, незалежна ад таго, наколькі яны нам сёння падаюцца дзіўнымі і мудрагелістымі.
Старажытныя грэкі, якія ўяўлялі прыроду чалавека гермафрадытнай, а жыццё андрагінным, без перадузятасці ставіліся да платных сэксуальных паслуг, самазадавальнення і «трыбадызму» (аднаполага жаночага кахання). Каханне дарослых мужчын да хлопцаў-падлеткаў лічылася найважнейшым сродкам выхавання і адным з падмуркаў старажытнагрэчаскай этыкі. У этнічнай групе арусі народа гала, што пражывала на тэрыторыі Эфіопіі, бацька жаніха абавязаны, са згоды апошняга, знайсці для яго будучай жонкі каханага, які мае фактычна ўсе правы сапраўднага мужа. Дзяўчынкі ціхаакіянскага племені ціві, дзе існуе звычай дарэння немаўляці, выходзяць замуж адразу пасля нараджэння.
Таталітарныя дзяржавы, якія існавалі ў ХХ ст., кінулі выклік усім бакам чалавечага жыцця, і сэксуальнасць не была выключэннем. Разам са спробамі ўсталяваць кантроль над сэксуальнасцю яны праектавалі нормы паводзін, стваралі сацыякультурныя прадпісанні адносна таго, якімі павінны быць мужчына і жанчына, фармавалі гендарны лад грамадства. У СССР сэксуальнасць і сэксуальныя паводзіны людзей імкнуліся змяніць у залежнасці ад змены правіцеляў і палітычнага курсу краіны. Сэксуальнасць у Савецкім Саюзе прайшла цыкл ад нечуванай свабоды 1920-х гг. праз кансерватызм эпохі сталінізму і адносна ліберальныя дзесяцігоддзі «развітога сацыялізму» да сэксуальнага буму канца 1980-х — пачатку 1990-х гг. У традыцыйным грамадстве культурная норма звязвала сэксуальнасць з рэпрадуктыўнай функцыяй, якая рэалізоўвалася ў форме сям'ї. Кожны чалавек, акрамя сацыяльнага і маёмаснага статусу, этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, з моманту нараджэння і да канца жыцця валодаў такой характарыстыкай, як сямейна-шлюбнае становішча. Менавіта таму стварэнне сям'і для кожнага чалавека лічылася з'явай неабходнай і натуральнай. Калі малады чалавек ці дзяўчына, дасягнуўшы пэўнага ўзросту, не бралі шлюб, то гэта выклікала здзіўленне і плёткі. Заключэнне шлюбу кантралявалася, з аднаго боку, сямейна-шлюбным заканадаўствам, а з другога звычаёвым правам.
Важнасць для дзяржавы інстытута шляхецкай сям'і прадэманстравалі статуты Вялікага Княства Літоўскага. Так, згодна са Статутам 1529 г., забаранялася вянчанне хлопцаў, якія не дасягнулі 18 гадоў, і дзяўчат, маладзейшых за 15 гадоў (у сялянскім асяродку былі і больш раннія шлюбы). Замуж дзяўчына магла пайсці толькі са згоды бацькоў ці апекуноў, калі ж яна рабіла гэта самавольна, то пазбаўлялася пасагу. Вядома, воля жанчыны ці дзяўчыны ўлічвалася, нават калі гэта насіла фармальны характар. За згвалтаванне прадугледжвалася пакаранне смерцю. Толькі згода дзяўчыны на шлюб са злачынцам выратоўвала яго ад смяротнага прысуду. Статут уводзіў тэрмін «бенкарт» пазашлюбнае дзіця, ад якога адмовіўся бацька ці засведчыў гэта ў сваім тастаменце, альбо якое народжана ад нявенчанай жонкі і, адпаведна, мае дыскрымінацыйны статус.
Статут 1566 г. забараняў бігамны шлюб. Мужчына, які меў венчаную жонку і ажаніўся з другой жанчынай без скасавання папярэдняга шлюбу, падлягаў смяротнай кары. Калі жанчына ведала пра гэты факт, дык яна таксама каралася. Статуты разглядалі да-шлюбныя і пазашлюбныя стасункі як заганныя і забароненыя. Але пакаранне ўводзілася толькі для асобаў жаночага полу. Дзяўчына пазбаўлялася спадчыны і, адпаведна, пасагу, калі вяла распусны лад жыцця. Статут 1566 г. абавязваў бацькоў і сваякоў сачыць за паводзінамі жанчын. Пакаранне «горлам» прызначалася за пералюб абаім - мужчыне і жанчыне. Муж меў права забіць абаіх, і за гэта не было пакарання.
Шлюб шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім мог быць спынены па некалькіх прычынах: фізічная смерць аднаго з сужэнцаў, прызнанне шлюбу несапраўдным, скасаванне шлюбу. Упершыню артыкул аб разжэнстве, які рэгуляваў маёмасныя адносіны сужэнцаў і вызначаў статус дзяцей, з'явіўся ў Статуце 1566 г. Разжэнствы ажыццяўляліся як праз духоўныя, так і праз свецкія суды. Духоўныя суды не мелі права разбіраць маёмасныя пытанні, гэтым займаліся свецкія суды. Затое духоўны суд высвятляў прычыны разжэнства (пералюб, фізіялагічныя перашкоды, жаданне прыняць пострыг і, як выключэнне, нязгода ў сумесным жыцці).
Пакаранне смерцю прызначалася распуснай жанчыне, якая на-радзіла дзіцё, а потым яго забіла з прычыны сораму ці страху (паводле магдэбургскага права, яе закопвалі жыўцом). У Статуце 1588 г. было ўведзена пакаранне зводнікам абодвух палоў за намаўленне займацца прастытуцыяй замужніх і незамужніх жанчын. Ім адразалі нос, вушы і вусны. За падобную паўторную правіну каралі смерцю. Падобным чынам караліся кровазмяшальнікі, тыя, хто ўступаў у сэксуальныя стасункі з духоўнымі асобамі, а таксама прафесійныя прастытуткі («вшэтэчніцы»).
Устаноўкі на заключэнне шлюбу былі вельмі моцныя сярод усіх слаёў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Падобныя ўстаноўкі фармавалі ўсеагульны характар шлюбнасці насельніцтва. Адной з галоўных прычын, якія вызначылі ўсеагульнасць шлюбнасці, былі традыцыйныя адносіны да сям'ї як да абавязку перад Богам і грамадствам. Падобныя каштоўнасныя ўстаноўкі базаваліся на рэлігійным светапоглядзе людзей, што, зрэшты, не перашкаджала ім, найперш прадстаўнікам сацыяльнай эліты, практыкаваць аральны, анальны і групавы сэкс.
На думку М. Фуко, вытокі мадэрнай сэксуальнасці ўзыходзяць да ранняга новага часу, але сфармавалася яна канчаткова толькі ў ХІХ ст. Сапраўды, інстытут шляхецкай сям'і, які былі закліканы абараняць статуты, моцна паслабеў у сувязі з новым дыспазітывам сэксуальнасці, які надышоў у галантным XVIII ст. на змену сярэдневяковаму дыспазітыву сужэнства. Гэта быў час пачуццёвага геданізму, калі, паводле выразу Э. Фукса, «...цнатлівасць, сціпласць, вернасць, як і іншыя маральныя прынцыпы, лічыліся перажыткам» ...
(канец фрагменту)