Пісьменьніцкія гісторыі. — Мінск: Галіяфы, 2015. — 200 с. Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7140-09-1
Героі апавяданьняў Сяргея Абламейкі жывуць адначасова ў нашым часе, у нядаўнім мінулым і ў недалёкай будучыні. Яны належаць да няісных пісьменьніцкіх саюзаў, адпачываюць у няісных дамах творчасьці, друкуюцца ў часопісах, якіх няма, працуюць у выдавецтвах, якіх ніколі не было, і абмяркоўваюць нікім не напісаныя творы. Антураж і дэкарацыі кнігі прыйшлі як бы з паралельнага сьвету, і ёсьць толькі аддаленае падабенства з тым, што было або яшчэ будзе. Затое жыццёвыя калізіі, што леглі ў аснову кожнага апавяданьня, — рэальныя, зямныя і вечныя.
ЗЬМЕСТ Паглядзець
На Дзяды
Стары мэцэнат
Мэмуары
Творчая матывацыя
Урокі клясыкі
Камандная гульня
Сябры
Зямляцкае пачуцьцё
Супраць плыні
Лішні чалавек
Нерашучасьць
Прэзэнтацыя
У выдавецтве
Аматар гною
Тастамэнт
Фрагмэнт з кнігі Паглядзець
— Эх, малады чалавек, каб ведалі вы, што гэта былі за часы! Проста блаславёныя, проста блаславёныя... Калі я параўноўваю цяперашнюю свабоду і тагачасную нашу несвабоду, то бачу, што гэта ўсё вельмі ўмоўныя катэгорыі і вызначэньні. Усё вельмі адносна. Галоўнае, ці маеш ты ўнутраную свабоду і жаданьне жыць у адпаведнасьці зь ёй. А тое, што дзеецца вакол цябе, другаснае...
Стары закурыў доўгую чорную цыгарэту, але толькі пыхкаў дымам, не зацягваючыся. Мы сядзелі на лавачцы ва ўнутраным дворыку клюбу, схаваныя ад сонца паветкамі-маркізамі. Гэта быў мой першы візыт сюды ў якасьці новага члена. Мужчынскія клюбы на заходні манер пачалі ў нас стварацца зусім нядаўна і здаваліся мне непатрэбным і несучасным запазычаньнем. Але ў іх, на маё зьдзіўленьне, сапраўды пачалі зьбірацца прадстаўнікі бізнэсу, палітычных колаў і прэсы, так што членства ў адным з такіх клюбаў сапраўды магло прынесьці пэўныя дывідэнды. Я быў уладальнікам невялікага выдавецтва, якое ў нашы няпростыя палітычныя часы выдавала і бясьпечных незалежных аўтараў, і афіцыйную кніжную прадукцыю. Так што сувязі з чыноўнікамі і калегамі па бізнэсе мне былі патрэбныя таксама. Сябар дзяцінства, дырэктар аднаго са сталічных заводаў, арганізаваў мне дзьве рэкамэндацыі ад іншых членаў, сам даў неабходную трэцюю, і вось я ўпершыню прыехаў у клюб, разьмешчаны непадалёк ад гораду, на беразе штучнай сажалкі і ў засені сасновага лесу.
Мой сябрук пабег недзе палагоджваць фармальнасьці, зьвязаныя з маім членствам, а я прысеў на лавачку ва ўнутраным дворыку, каб троху агледзецца. Ня буду хаваць, што адчуваў пэўную ніякаватасьць, зьвязаную і з маім скепсісам адносна такой формы праводжаньня часу, і з пэўным снабізмам нешматлікай публікі, якую я ўбачыў вакол. Таму калі да мяне падышоў элегантны стары і пачаў ненавязьлівую размову пра 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя, я быў яму вельмі ўдзячны. Стары шыкоўна выглядаў: ён быў высокі, стройны, сівыя валасы коратка і акуратна пастрыжаныя, на загарэлай скуры твару выдзяляліся троху пабляклыя шэрыя вочы і нос з гарбінкай. На ім была блакітная спартовая куртка члена клюбу, пацёртыя старыя джынсы і белыя красоўкі.
Стары пыхкаў цыгарэтай і працягваў сваю размову:
— Я вось гляджу, вы прыехалі на “Аўдзі ТТ”. Значыць, любіце стыль і прыгажосьць. Таму да вас і падышоў. Роднасная душа. Я таксама заўсёды любіў стыль, прыгожых жанчын і прыгожыя машыны. А яшчэ хуткасьць і рызыку. Вы на сваёй колькі ганяеце?
— Ня так шмат. Спрабаваў неяк даціснуць да двухсот, даволі лёгка ідзе, але я так звычайна ня ежджу…
(З аповеду “Стары мэцэнат”)