Як укладалі “Спадчыну” : Да 135-годдзя ад нараджэння і 75-годдзя смерці Янкі Купалы / Укладанне, падрыхтоўка тэкстаў, уступнае слова, агульнае рэдагаванне Наталлі Гардзіенкі, Лявона Юрэвіча ; каментары Наталлі Гардзіенкі, Лявона Юрэвіча. — Мінск : Кнігазбор, 2018. — 290 с.: [12] c. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кніга 35).
ISBN 978-985-7180-90-5.
Кніга «Як укладалі “Спадчыну”», трэцяя ў падсерыі “Спадчына: агледзіны” серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, уяўляе з сябе заснаваны на ліставанні аповед пра тое, як у 1950-я гады на Захадзе рыхтаваўся збор выбранай паэзіі Янкі Купалы. Захаваная ў архіве БІНіМа і перададзеная ў БДАМЛМ карэспандэнцыя ўкладальніка Вітаўта Тумаша і выдаўца Станіслава Станкевіча расказвае пра час і людзей, а таксама пра тыя складанасці, якія мусілі пераадолець эмігранты, каб у 1955 г. у Мюнхене ўбачыла свет унікальнае выданне твораў класіка. Гэта першая беларуская кніга пра кнігу.
Укладальнікі шчыра ўдзячныя за спрыянне Вітаўту Кіпелю і Ціхану Чарнякевічу.
Кніга створана на падставе эпісталярнага архіва, перададзенага Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
ПРА КНІГУ
Ганна Севярынец. Як заклятыя ворагі разам выдалі «Спадчыну» і як яе пасля цішком увезлі ў СССР (NN.BY)
Ціхан Чарнякевіч. Як рабілі галоўную кнігу беларускага замежжа (BUDZMA.BY)
ЗМЕСТ
Лявон Юрэвіч. Кніга
Наталля Гардзіенка. Час і яго героі
Ліставанне
Тры вершы Янкі Купалы
Казка аб песьні
Перад будучыняй
Акоў паломаных жандар
Паказнік асобаў
Фрагмент з кнігі Паглядзець
КНІГА (уступнае слова Лявона Юрэвіча)
Станіслаў Станкевіч, галоўны купалазнаўца на эміграцыі, у кнізе, прысвечанай паэту, піша: «Якраз тады, калі выдаваўся ў Менску першы паваенны “Збор твораў у шасьці тамах” Янкі Купалы, у Нью Ёрку Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва зрыхтаваў на 563 бачыны вялікага фармату кнігу выбраных твораў Янкі Купалы “Спадчына”, а выдавецтва “Бацькаўшчына” ў Мюнхэне выдала яе ў 1955 годзе. А коратка перад тым, у 1953 годзе ў тым жа выдавецтве “Бацькаўшчына” выйшла асобнай кнігай Купалава п’еса “Тутэйшыя”. У часе рыхтаваньня й выдаваньня абедзьвюх згаданых кнігаў яшчэ ня трапіла было на Захад першае паваеннае выданьне “Збору твораў у шасьці тамах” Янкі Купалы, пазначанае 1952–1954 гадамі.
Дык у сувязі з гэтым асаблівая каштоўнасьць выданьня на Захадзе п’есы “Тутэйшыя” й выбраных твораў “Спадчына” ў тым, што яны забясьпечылі, хоць і вонках бацькаўшчыны, у замежжы, цягласьць у друку забароненых у БССР твораў Янкі Купалы. Праўда, у зборнік “Спадчына” ня трапіла колькі із забароненых у БССР Купалавых вершаў — як “Пазвалі нас”, “Ёсьць жа яшчэ…” ды некаторыя іншыя — праўдападобна з тае прычыны, што зьмест першага паваеннага выданьня “Збору твораў ў шасьці тамах” Янкі Купалы наагул на Захадзе ня быў яшчэ ведамы. Дык выдаўцы “Спадчыны” ня бачылі патрэбы ўлучаць у рыхтаваную імі кнігу ўсіх чыста Купалавых твораў, забароненых у БССР. Тым ня менш, кніга Купалавых выбраных твораў “Спадчына” й мюнхэнскае выданьне п’есы “Тутэйшыя”1 адыгралі пачэсную ролю ў гісторыі выданьня літаратурнае спадчыны Янкі Купалы — ролю, пераацаніць якой ніяк нельга».
Станіслаў Станкевіч хоць і нярэдка памыляўся ў сваіх літаратуразнаўчых высновах, тут меў рацыю. Мюнхенскі том Купалавых твораў не толькі паказаў эмігрантам сапраўднага найвялікшага беларускага песняра, але, увабраўшы ў сябе забароненыя ў БССР цэнзураю рэчы, вымусіў афіцыйнае купалазнаўства пайсці, няхай павольна, неахвотна, да іхнай “рэгабілітацыі”.
От чаго не сказаў былы рэдактар “Бацькаўшчыны”, дык што выданне сталася сапраўдным учынкам эміграцыі, і ўчынкам бадай геройскім: у першай палове 1950-х, калі яшчэ не ўсе выехалі з Нямеччыны, калі жыццё прыватнае, асабістае не ўсталявалася, сабраць — пры тагачаснай нішчымнасці заходніх бібліятэк на беларускія выданні — і ўкласці том з 302 твораў ды выдрукаваць накладам у дзве тысячы асобнікаў маглі толькі моцна апантаныя ідэяй людзі...