Артыкулы, аповеды / Вільня: Логвінаў, 2014. — 354 с.
ISBN 978-609-8147-03-2
Кнігу складаюць артыкулы, якія асвятляюць узаемадзеянне літаратурнай мовы і мясцовых гаворак, адлюстраванне гэтага працэсу ў творах класікаў беларускай літаратуры, кантактаванне беларускай мовы з іншымі. Моўныя пытанні разглядаюцца з пункту погляду нармалізацыі літаратурнай мовы, у аспекце культуры маўлення. У кнізе шмат матэрыялу, які датычыць працы тэкстолагаў, рэдактараў і карэктараў. Апрача лінгвістычных, філалагічных звестак, тут даюцца тэксты, якія дэманструюць ужыванне слова ў гутарковай мове і ў навуковых выданнях.
Біяграфія аўтара (Міхась Чарняўскі, SLOUNIK.ORG)ЗМЕСТ Паглядзець
Ад аўтара
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы
Адкрываюцца скарбы
Пакуль слоўнік рыхтуецца
Граматычная схема і жывая мова. Пра некаторыя формы дзеясловаў і назоўнікаў
На дварэ, на двары, на вуліцы і вакол гэтага
У Пецярбурзе, у Пецярбургу. Пра варыянты канчатка
Як скланяецца назоўнік адзёр?
У сярэдзіне, усярэдзіне. Калі як пісаць
Чацвёрты, чацверты. Пра варыянты лічэбніка
Сабралíся, сабрало́ся... Крыху пра націск
Зялёная Дуброва, Пількаўшчына... Уся Беларусь
Слова ў гаворцы, у літаратурнай мове
З моўнага набытку класікаў літаратуры
З абсягу нармалізацыі літаратурнай мовы. Паводле паэм Якуба Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка”
Зазірнем у творчую лабараторыю Цішкі Гартнага. Слова даўняе і сучаснае
Слова даўняе i сучаснае. Па старонках твораў Цішкі Гартнага
“І пурпуровых ветразей узвівы.” Нарматыўнасць і функцыянальна-стылістычная мэтазгоднасць слова
Карэктызмы-рэдактызмы, або Як робім праўкі
Яшчэ пра карэктызмы-рэдактызмы. Ці ўсё можна правіць?
У пошуку дасканаласці. Агляд падручнікаў беларускай мовы
Словы, людзі, час. Моўна-педагагічныя аповеды
Мае словы. Спроба “Самалінгвааналізу”
Ад аўтара Паглядзець
Кніга змяшчае артыкулы, пераважная большасць якіх напісана ў пачатку XXI стагоддзя. Пачынаецца яна артыкулам “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”. Прайшло шмат часу, калі ён быў апублікаваны (1969). За мінулыя чатыры дзесяцігоддзі адбылася пераацэнка некаторых моўных фактаў, унесены карэктывы ў асобныя лінгвістычныя разуменні, тэрміны. Аднак артыкул не страціў актуальнасці. Зацікаўлены і адначасова па магчымасці аб’ектыўны падыход да моўных з’яў і фактаў, імкненне адлюстраваць у тлумачальным слоўніку вызначальнае для сцвярджэння спецыфікі беларускай мовы ў абсягу лексікі, фразеалогіі (а разам і граматыкі) кіравалі аўтарам пры напісанні артыкула.
Гэтая публікацыя нібы рэпрэзентуе этап маёй усвядомленай працы з слоўнікамі і над слоўнікамі ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі (1968—1974). Аўтар быў не толькі сведкам, але і ўдзельнікам падрыхтоўкі Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы (ТСБМ), а таксама перавыдання Руска-беларускага слоўніка (1953). У згаданым і іншых сабраных у кнізе артыкулах раскрываецца погляд шараговага мовазнаўцы на прынцыпы ўкладання слоўнікаў: адбор лексікі, спосабы яе падачы. Разам з тым можна заўважыць, як увогуле развівалася, эвалюцыянавала беларуская лексікаграфія.
На працягу паўстагоддзя — спярша як аспірант, а потым як выкладчык педагагічных ВНУ і старшы навуковы супрацоўнік АН Беларусі, як рэдактар выдавецтва “Народная асвета” — я, паводле своеасаблівасці працы, глыбей знаёміўся з беларускімі слоўнікамі (звяртаўся і да рускіх, украінскіх, польскіх), пазнаваў іх вартасці, заўважаў недахопы. Гэта знайшло асвятленне ў большасці артыкулаў і аповедаў. Досвед аўтара кнігі, назіранні і вывады могуць дапамагчы дапытліваму чытачу пры карыстанні наяўнымі слоўнікамі, а лексікографам — пры падрыхтоўцы новых.
Шмат увагі аддаецца ў кнізе праблеме адбору лексікі ў слоўнік, вызначэнню яе колькаснага складу і крыніц. Гэтая праблема актуальная і сёння. Нязбыўны недахоп слоўнікаў — іх адставанне ад рэальнай моўнай практыкі. Такую загану мае і новы “Слоўнік беларускай мовы” (2012). Як піша рэцэнзент, прафесар І. Лепешаў, пры агульнай вялікай колькасці слоў выяўляецца: у ім няма некаторых спрадвечных, штодзённага ўжытку, лексічных адзінак.
Падчас карыстання слоўнікамі адзначаны шматлікія выпадкі неадэкватнай характарыстыкі слоў: семантычнай, граматычнай, стылістычнай. Як сур’ёзны недахоп ТСБМ і большасці наступных слоўнікаў (асабліва граматычных — дзеяслова, назоўніка, прыметніка) даводзіцца прызнаць недасканалую падачу дзеепрыметнікаў (гл. артыкул “Граматычная схема і жывая мова”).
Разгляд моўных фактаў у кнізе падпарадкаваны задачы павышэння навуковага ўзроўню лексікаграфічных даведнікаў і культуры мовы ствараных з іх дапамогай літаратурных тэкстаў.
Выклад вядзецца такім чынам, што да ацэнкі таго ці іншага слова, словаформы, звароту чытач падыходзіць разам з аўтарам —праз назіранне іх у слоўніку ці тэксце. Вядома ж: часам не так каштоўны адказ (яго можна ўзяць з даведнікаў), як яго пошук шляхам выяўлення і аналізу адпаведных моўных фактаў. А гэта вельмі важна не толькі для навучання студэнтаў — будучых філолагаў, рэдактараў, журналістаў, выкладчыкаў, але і для павышэння прафесійнасці ўжо дзейных, сталых працаўнікоў СМІ, адукацыі, навукі і культуры.
У полі зроку аўтара кнігі — узаемадзеянне літаратурнай мовы і мясцовых гаворак, адлюстраванне гэтага працэсу ў творах класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Максіма Танка, кантактаванне беларускай мовы з іншымі — пераважна рускай і польскай. Гэтыя ды іншыя пытанні асвятляюцца з пункту погляду нармалізацыі літаратурнай мовы, у аспекце культуры маўлення.
У кнізе шмат матэрыялу, які датычыць працы тэкстолагаў, рэдактараў і карэктараў. Апрача лінгвістычных, філалагічных звестак, тут даюцца тэксты, якія дэманструюць ужыванне слова ў гутарковай мове (аповеды “Словы, людзі, час”) і ў навуковых выданнях (крытычны агляд падручнікаў беларускай мовы).
Аналіз падручнікаў мовы мае на мэце паслужыць далейшай распрацоўцы і ўдасканаленню навуковага стылю ў філалагічнай сферы, павысіць навуковы і літаратурны ўзровень падручнікаў, якія дапрацоўваюцца ці ствараюцца як новыя, а значыць — дапамагчы настаўніку і вучням.
Сацыяльныя, педагагічныя, псіхалагічныя праблемы, звязаныя з засваеннем роднай мовы дзецьмі, закранаюцца ў аповедах-згадках пра жыццё і вучобу іх аўтара ў 1940—1950 гг. Гэты матэрыял можа быць карысны ў навучанні і выхаванні сучасных школьнікаў.
Спадзяюся, што кнігу будзе з цікавасцю чытаць і выкарыстоўваць не толькі той, чыя праца звязана з родным словам, але і ўсякі адукаваны беларускамоўца.
Фрагмент з кнігі Паглядзець
“СКАЗАЎ БЫ: ПАМАГАЙ БОГ!”
Пры тых Саветах (пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі) маладая вясковая актывістка, якую ведалі і раённыя начальнікі, мяняючы адвечныя звычаі і нормы маралі, вучыла сялян: падыходзячы да людзей, якія працуюць, трэба казаць (вітацца): “Слава труду!” Дайшла гэтая быль (“праўка”, як казалі ў нас) да вучня-дзевяцікласніка і мела свой працяг.
Аднаго разу ідзе ён палявой дарогай і бачыць: паблізу косіць іржышча калгасны брыгадзір Сцяпанька (за польскім часам яго абіралі солтысам). “Трэба ж неяк адзыўнуцца. Слава труду? Мабыць, загучна, неадпаведна сітуацыі. Памагай Бог? Няёмка казаць: нядаўна ж прынялі ў камсамол”.
Пакуль так разважаў, дык параўняўся з брыгадзірам. А той апярэдзіў: “Што ж праходзіш маўчком? Сказаў бы “Памагай Бог!” ці “Дзень добры!”. А яшчэ ў школу ходзіць!”
(з раздзелу “Словы, людзі, час. Моўна-педагагічныя аповеды”)