Раман / Пераклад з нямецкай Вадзіма Мохава. — Мінск : Кнігазбор, 2018. — 280 с.
ISBN 978-985-7207-29-9.
Пераклад зроблены паводле выдання:
Philipp Winkler. Hool. Roman. Aufbau Verlag GmbH & Co. KG, Berlin 2016Хайка Кольбэ — правінцыял, які недавучыўся ў школе. Сын, маці якога збегла, кінуўшы іх з сястрой, а бацька стаў алкаголікам. Хлопец на падхваце ў трэнажорнай зале. Кватарант у доме крымінальніка, які арганізуе баі жывёл і найбольшая мара якога — набыць тыгра. Жыццё Хайка — гэта «хулс». Калі яго лепшага сябра моцна збілі і ён захацеў выйсці з групоўкі, Хайка лічыць гэта здрадай. Бо наперадзе іх чакае новая гульня — паўфінальны матч за кубак Германіі — і новая бойка з заклятымі супернікамі з Браўншвайга. Філіп Вінклер паказвае нам іншы свет, які насамрэч суседнічае з намі, свет, мова якога жорсткая, а традыцыі бязлітасныя, свет няўдачнікаў і тых, хто неўзабаве імі стане.
Пра кнігу на сайце "Інстытуту імя Гётэ ў Мінску"ПРА АЎТАРАФІЛІП ВІНКЛЕР нарадзіўся ў 1986 годзе ў Хагенбургу. Жыве ў Лейпцыгу. Творы публікаваліся ў літаратурных часопісах і анталогіях. У 2008 годзе атрымаў літаратурную прэмію імя Ёзэфа Генрыха Колбіна. “HOOL” з’яўляецца яго дэбютным раманам. У 2015 годзе за вытрымкі з рамана “HOOL” атрымаў прэмію Літаратурнай майстэрні для маладых аўтараў (адукацыйны дом замка Рэтцхоф, Аўстрыя), у 2016 годзе раман “HOOL” трапіў у шорт-ліст “Дойчэр Бухпрайс” (Deutscher Buchpreis) літаратурнай прэміі за найлепшы нямецкамоўны раман года ад Біржавога аб’яднання нямецкага кніжнага гандлю (Börsenverein des Deutschen Buchhandels), і ў гэтым жа годзе Філіп Вінклер за свой раман атрымаў літаратурную прэмію “Аспект” (aspekte-Literaturpreis) – гэта літаратурная прэмія нямецкага тэлевізійнага канала ZDF за найлепшы нямецкамоўны празаічны дэбют.
Фрагмент раману Паглядзець
Я грэю ў далоні сваю новую капу. Перабіраю яе пальцамі, сціскаю. Так я раблю перад кожнай бойкай. Гелепадобны матэрыял застаецца цвёрдым, толькі трошкі паддаецца. Гэтая капа проста супер! Лепшай і не знойдзеш. Выраблена зубным тэхнікам па індывідуальнай замове. Гэта не тая дзяшоўка масавай вытворчасці, якую ўжо праз два тыдні можна проста выкінуць, бо яна пачынае муляць дзясну. Ці таму, што з-за няўдалай формы і непрыемнага паху пластмасы ад яе ўвесь час цягне на ваніты. Між тым амаль усе мы мелі такія капы, нават Джоджа з ягонай мізэрнай зарплатай дворніка. І Кай, у якога заўсёды былі самыя модныя рэчы. І Ульф, які з лёгкасцю мог патраціць вялікую суму грошай. І Томак, і Цёлер. І яшчэ некаторыя нашы хлопцы, якія мелі хоць нейкую працу. І дзядзька Аксель таксама. Менавіта ён некалькі гадоў назад знайшоў гэтага зубнога тэхніка. Той спецыялізаваўся на кантактных відах спорту і лячыў спартсменаў-адзінаборцаў па ўсёй Нямеччыне. Хадзілі чуткі, быццам да яго прыязджалі і з Франкфурта, і нават з былой ГДР — з Дрэздэна, Гале, Цвікаў. Напэўна, аддавалі за гэта месячны памер сваёй дапамогі па беспрацоўі, думаю я і праводжу кончыкамі пальцаў па адтулінах капы.
— Гэй, Хайка, — Кай штурхае мяне ў бок, — мабільны, чуеш?
Набыты па акцыі тэлефон гудзе на сядзенні паміж намі. Я бяру тэлефон дрыжачымі пальцамі. Мой дзядзька назірае за мной праз бакавое люстэрка аўто. Я націскаю кнопку з зялёнай слухаўкай.
— Дзе вы? Мы чакаем, — чуваць з тэлефона голас таго хлопца з Кёльна, з якім я дамовіўся пра махач… Я апускаю шкло, каб агледзецца, і шукаю нейкія арыенціры.
— Мы на В55, пад’язджаем да Ольпэ. Мусім хутка быць.
— Яшчэ трохі па пустой трасе, потым на другой развязцы налева, праз усю вуліцу Брацкопф да самага выезду з мястэчка. Злева будзе лес. Там цяжка заблукаць.
Перш чым ён паспявае развітацца, я яшчэ раз нагадваю яму пра нашу дамоўленасць. Па пятнаццаць чалавек з кожнага боку. На тым размова скончана.
— Ну? — пытае Аксель, нават не азіраючыся. Ён бачыць мяне праз бакавое люстэрка. Нават праз сонечныя блікі я адчуваю яго з’едлівы позірк. Быццам правярае мяне. Я тлумачу, куды ехаць далей, і акцэнтавана паведамляю, што нагадаў гэтаму тыпу пра нашу дамоўленасць.
— Я гэта чуў, — кажа ён і паварочваецца да Хінкеля, які, як заўсёды, за рулём. Аксель паўтарае яму мае словы, быццам той не чуў мяне альбо быццам можа ехаць толькі атрымаўшы інструкцыі ад Акселя. Я заўважаю, як Кай, скрывіўшыся, збоку пазірае на мяне. Дзякуй, дружа! Я ведаю, варта мне глянуць на яго, і ён абавязкова закоціць вочы, нібы кажучы: афігець, што за дзяўбаны кантроль!
Але я не рэагую, а гляджу, ці правільна нас вязе Хінкель. Ён бурчыць сабе нешта пад нос, гэта мусіць азначаць, што ён зразумеў, куды ехаць. Сваёй мясістай рукой ён абхапіў руль прама перад сабой. Кроплі поту выступаюць сям-там на доўгіх валасках ягонай рукі, ззяючы на сонцы. Выглядае так, быццам мноства бліскучых дарожак збягае ўніз. Другую руку ён высунуў з акна.
Томак, які сядзіць злева ад Кая, з абыякавым выразам твару скроліць у сваім мабільным. Вось ён, прадукт сацлагера. Гэтая заўжды аднолькавая славянская морда. Добры настрой ці кепскі — ніколі не здагадаешся. Ён зусім не звяртае ўвагі на акурак у сваёй левай руцэ.
Струмень паветра з акна спальвае яго, як у запаволеным кіно. І нічога дзіўнага, што цяпер ён не ў гуморы. Бо, гуляючы перад ад’ездам у «кошка здохла, хвост аблез, хто прамовіць, той і з’есць», ён прайграў Каю лепшае месца. І нават, мабыць, не разумее гэтага. Цяпер ён вымушаны сядзець там, дзе Джоджа мінулым разам сваім разбітым носам запэцкаў усё крывёю. Яго кірпатаму носу сапраўды дасталося тады. А сядзенне пацярпела яшчэ больш. Апроч таго, гэтае месца — за Хінкелем — апрыёры ніхто не хацеў займаць у такую спёку, нават пры адчыненым акне.
Кай на колькі сантыметраў прыўстае на сядзенні і, паляпаўшы рукой па задняй кішэні джынсаў, дастае адтуль скарбоначку. Ён адчыняе яе, насыпае сабе на палец невялічкую дозу коксу, падносіць палец па чарзе да кожнай ноздры і ўдыхае. Машыну трасе, але ён умудраецца нічога не рассыпаць. Ён адкідвае галаву назад, і яго баксёрская прычоска, зробленая пры дапамозе гелю, трэцца аб абіўку запэцканага падгалоўніка. Ён працягвае скарбоначку мне:
— Таксама пачастуешся? Мо тады не накладзеш у порткі.
Ён ухмыляецца. Я таксама ўхмыляюся яму і адказваю:
— Лепш абасрацца, чым абдзяўбацца, містар Болін.
Ён смяецца. Я ўжо забыўся, калі апошні раз нешта нюхаў. Зачыняючы скарбонку, ён паказвае мне сярэдні палец. Мой дзядзька глуха кашляе. Кай паціскае плячыма і засоўвае скарбонку назад у джынсы. Ён дакладна ведае, што Аксель не можа цярпець, калі мы перад бойкай нечым накідваемся. Нават такой штукай, як кокс, ад якога яснее ў галаве.
Але гэта была тая рэч, выбіць якую з іншых не быў здольны нават дзядзька Аксель. Таму ён часцей за ўсё дазваляе ўжыванне гэтых рэчываў, праўда ў меру. Ён не вельмі прыдзірлівы, бо ведае, што шмат каму гэта патрэбна, каб супакоіць нервы. Ці, магчыма, таму, што яны звычайныя спайс-наркаманы. Але Аксель не бярэ з сабой таго, хто не можа сябе кантраляваць. Прынамсі, на важныя бойкі, як сёння. Калі гаворка ідзе пра тое, каб годна паказаць моц гановерскіх хулс. І хоць Кай цяпер пад коксам, ён надта добры баец, каб пакідаць яго дома. Любыя качкі-бамбізы ў параўнанні з ім як цюлені. Таму дзякуючы мне перад бойкамі ён трошкі стрымліваецца. Апрача таго мой дзядзька дакладна ведае, што не зможа заўсёды разлічваць на мяне, калі будзе пакідаць Кая ў рэзерве.
Жоўтая шыльдачка з назвай мястэчка Ольпэ прамільгнула з правага боку нашага фургона «Фольксваген Т5». Я нахіляюся ўперад, мой твар паміж Хінкелем і маім дзядзькам.
— Зараз прама…
— Прама па развязцы, звернеш на другім павароце направа, — перапыняе мяне Аксель. Я зноў падаю на сваё сядзенне. Кай працягвае мне цыгарэту. Я закурваю і раблю глыбокую зацяжку. Прастора паміж металічнымі стойкамі падгалоўніка перада мной цалкам запоўнена
мясіста-чырвоным каркам майго дзядзькі. Злева і справа ад спінкі сядзення тырчаць ягоныя плечы, такія вострыя, быццам вырабленыя пад вугольнік. Я пускаю струмень дыму ў гэтую чырвань паміж стойкамі і кажу:
— Усё правільна.
Мы зварочваем на сухую лясную дарогу. Пад коламі пясок. Мы адразу трапляем у цень густых дрэваў. І гэта так добра — схавацца ад сонечных промняў. Я адчуваю, як лёгкая прахалода зноў трошкі супакойвае мяне. Бо нейкая трывога апанавала мяне, як толькі мы выехалі з Ольпэ. Гэтае пачуццё — яно заўжды ўзнікае перад такой падзеяй. Я не ведаю, ці можна гэта параўнаць са сцэнічнай ліхаманкай, бо ніколі яшчэ не перажываў яе. У любым выпадку адчуванне такое, нібы ўнутры цябе нешта пачынае гойдацца. Нібыта страўнік напаўняецца геліем і пачынае знізу падпіраць лёгкія.
— Тут, — кажа Хінкель і паказвае сваім тоўстым валасатым пальцам наперад. Каб нешта ўбачыць з задніх сядзенняў, нам траім даводзіцца выцягваць шыі. На схіле дарогі мы бачым аўтакартэж кёльнцаў. Яны стаяць невялікімі групамі перад сваімі машынамі. Аксель паварочваецца назад і ўглядаецца ў задняе акно. Я інстынктыўна адхіляю галаву, каб яму было лепш відаць, але адразу ж лаўлю сябе на думцы: гэй, не час яшчэ расслабляцца. І таксама азіраюся назад. Усё добра. Астатнія нашы хлопцы едуць за намі. Ніхто не здрэйфіў і не павярнуў назад.
— Спыніся тут, — загадвае мой дзядзька. Хінкель, наколькі гэта магчыма, праязджае наперад па вузкай зялёнай паласе, што цягнецца паміж лясной дарогай і хмызняком. Астатнія машыны таксама спыняюцца за намі. Мы ўсе выходзім. Кёльнцы прыпаркаваліся, як і мы,
толькі на другім баку дарогі. Калі справа будзе завершана, усе сядуць у машыны і знікнуць кожны ў сваім напрамку.
Аксель выходзіць на сярэдзіну дарогі, спыняецца і шырока расстаўляе ногі. Я дастаю капу з футарала, не спускаючы вачэй з дзядзькі. Томак становіцца побач з ім. Яны пра нешта шушукаюцца. Я нахіляюся да Кая і прашу закурыць. Ён спрабуе дастаць пачак з вузкай кішэні сваіх джынсаў. Я працягваю руку, па-ранейшаму не адводзячы позірк ад Акселя, які, узяўшыся за бакі, разглядвае кёльнцаў.
— Хутчэй бы ўжо, — кажу я, — хай бы сёння ўсё вырашылася.
— Супакойся, — мармыча Кай. Я пераступаю з нагі на нагу. Нарэшце цыгарэта ў мяне. Я падыходжу да Акселя і Томака.
— Ну што? — з ухмылкай пытае Аксель, заўважыўшы, што нехта набліжаецца. Калі ён бачыць, што гэта я, напружанасць на ягоным твары знікае, ён кладзе руку мне на плячо і прыціскае да сябе.
— Толькі што палічылі іх, — кажа Томак з польскім акцэнтам. Гучыць як “злічылі”. — Пятнаццаць чалавек плюс відэааператар.
— Усе апранулі свае чырвоныя цішоткі? — пытаецца Аксель. Мог бы сам азірнуцца і паглядзець, праносіцца думка, але ж, вядома, стрымліваюся, не кажу гэта ўслых. Яшчэ перад ад’ездам я ўсім раздаў цішоткі. Менавіта таму, каб зараз не марнаваць на гэта час.
— Так, усе, — адказваю я.
Я хачу яшчэ падзяліцца сваёй думкай наконт расстаноўкі. Што нам варта паспрабаваць выставіць наперад дужых хлопцаў, так бы мовіць, у якасці тарана. Каб такім чынам пасля першага ўдару можна было больш-менш захаваць свой шыхт, хай і за кошт хуткасці. Але Аксель падымае руку — гэта сігнал, каб я маўчаў. І не паспяваю я сказаць аніводнага слова, як адзін з кёльнцаў ідзе да нас. Я мяркую, гэта той самы тып, з якім я размаўляў па тэлефоне.
— Добра, — кажа Аксель.
Я не ведаю, каму менавіта.
— Хайка! Паклапаціся пра тое, каб астатнія былі гатовыя.
Ён выцягвае руку перада мной, нібыта не пускаючы мяне, і крочыць да кёльнца, які спыняецца напаўдарозе. Я адчуваю сябе падманутым. Бо, урэшце, паміж Акселем і мной была дамоўленасць, што гэтым разам я адказваю за ўсю арганізацыю.
Томак ляпае мяне па плячы. На ягонай руцэ бляклая татуха нейкай жанчыны. Я кідаю позірк на яго, потым гляджу на зямлю, кажу: “Ну і хрэн з ім!” і адкідваю ўбок цыгарэту.
Кай з цыгарэтай у зубах стаіць перад фургонам і разглядвае сябе ў затаніраваным шкле. Ён ускалмачвае свае коратка падстрыжаныя валасы. Усе хлопцы апранутыя ў чырвоныя цішоткі, толькі Кай у чырвоным пола з эмблемай “Фрэд Пэры”. Добра хоць, што ён адклаў каўнер. Я спыняюся каля яго, аглядаю спачатку яго, потым сябе.
— Ты сам хоць ведаеш, што ты чокнуты?
Ён не рэагуе, працягвае пераступаць з нагі на нагу і перакочваць цыгарэту ў губах, нешта напяваючы. У затаніраваным, цёмна-цынамонавага колеру шкле побач з ягоным адлюстроўваецца і мой твар — без усялякіх эмоцый, куточкі вуснаў уніз, насупленыя бровы, зморшчаны лоб. Занадта сур’ёзны выгляд. Як звычайна, раўнютка састрыжаныя пад міліметр валасы. Вялізны цень павольна ўзнікае ў аўтамабільным шкле.
— Ну, вы, ёлупні. Даўно ўжо не было боек, — кажа цень. — Гатовыя?
— Я, блін, ужо нарадзіўся гатовы, — адказвае Кай і моцна б’е правым локцем па далоні левай рукі…
(каней фрагменту)