
Мінск : Галіяфы, 2018. – 390 с.
ISBN 978-985-7140-75-6.
Чаму ж людзі п’юць? Чаму піў я? І што такое п’янства?
Я мяркую, што п'янства – гэта шуканне духоўнасці, шуканне іншага духоўнага стану, бо існы не здавальняе нас. Але жыццё з алкаголем – асаблівы шлях. Алкаголь дорыць збавенне і радасць, ён прыносіць пакуты і гора і, урэшце, прыводзіць смерць. Я спрабую глянуць па-новаму на гэты асаблівы шлях і на людзей, якія ідуць той цяжкай, сапраўды ваеннай дарогай. Пара адкінуць замшэлыя, стэрэатыпныя погляды на алкагольную праблему ды зразумець: алкагольная залежнасць – гэта сур’ёзнае захворванне, алкаголік – гэта не нейкі там чужы, сметнікавы бомж, а ваш блізкі сябра, ваш знаёмы пісьменнік, мастак, славуты рок-музыка і оперны спявак.
АД АЎТАРА У 2012 годзе пабачыла свет «Сіняя кніга беларускага алкаголіка». Як відаць з прыведзеных ніжэй водгукаў, выхад кнігі быў з’явай неардынарнай і выклікаў вялікі рэзананс як у літаратурных колах, так і ў колах непітушчых алкаголікаў і больш таго – дзейных. Адзінае што: аўтар першага выдання «Сіняй кнігі» быў справядліва пакрытыкаваны за выкарыстанне адметнага правапісу, у якім угадваліся рысы тарашкевіцы, дый яшчэ некаторых новых модных сучасных плыней.
Рускамоўнае выданне «Сіняй кнігі» незабавілася чакаць, і ў 2013 годзе выдавецтва «Харвест» ажыццявіла гэты праект. Аднак у новую кнігу аднекуль паўлазілі новыя гісторыі, сама структура зместу змянілася, і калі я сабраўся даць урэшце новы беларускі варыянт, то ўбачыў, што кніга істотна розніцца ад свайго першынца 2012 года. І таму кніга атрымала назву «Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС».
Што атрымалася ў выніку ўсіх гэтых пературбацый, ацэньваць табе, мой чытач.
ЗМЕСТ Паглядзець
Ад аўтара
Што казалі пра “Сінюю кнігу беларускага алкаголіка”
Уводзіны да першага выдання
Частка I. In vino veritas
Піць – гэта добра ці блага?
Прэлюдыя да падарожжа ў сямідзясятыя
Месцы і людзі
Людзі
Дырэктар “Тэлевізара” (паэт Сцяпан Гаўрусёў)
Ціхі Амерыканец (журналіст Сяргей Аладзьеў)
Міхась Стральцоў
Мікола Федзюковіч
… І трошкі пра сябе
Мікола Капыловіч
Іншыя паважаныя людзі
Кінарэжысёр Галя Мацьвеева
Людзі “Бермудаў”
Віктар Стрыжак, паэт
Вяча, Ён жа: Філосаф, – Вячаслаў Іванавіч Петрушкевіч
Кім Хадзееў. Дысідэнт і легенда Мінска
Асобныя людзі
Скульптар Кузя
Лёша Бурдынаў
Праташчык
Адамчык
Музыканты
Фізікі і матэматыкі (нялірыкі, адным словам)
Частка II. На хмяльных дарогах
Сакартвела
Кадаванне
Годам пазней, альбо Доўгі шлях у Еўропу
Частка III. Кожны можа кінуць піць, але некаторым гэта ўдаецца зрабіць пры жыцці
Запой. Запой? Запой!
Per aspera ad astra. Пра аптымалістаў, пйца Леаніда Пляца, ТЭС-тэрапію і яшчэ пра тое-сёе
Як кінуць піць?
Няхай споўніцца воля твая, а не мая
Хто вы, Ананімныя Алкаголікі?
Эффата
AA – Pro et Contra
Некалькі слоў на развітанне
Дадатак. Тое, што засталося за кадрам
ФРАГМЕНТ З КНІГІ Паглядзець
Піць – гэта добра ці блага?
Чаму людзі п’юць? Таму што піць – гэта добра. Піць віно, піць піва, піць гарэлку – гэта вельмі прыемна, смачна, гэта кайф, гэта… сапраўднае жыццё!
Што можа быць прыемней, чым падняць куфаль, напоўнены півам, гэтай цудоўнай залацістай вадкасцю пад густой піўной пенай, што выпірае праз край бакала і паступова спадае, распадаючыся на лопаючыя і знікаючыя бурбалкі.
Закрыць вочы, удыхнуць хмялячы хлебны водар… І потым прагна адпіць добрыя тры глыткі і адчуць, як вадкасць благадатна разліваецца па целе, а мазгі пачынаюць святлець, святлець з кожным глытком…
Самы час няспешна аслабаніць ад залацістай лускі вяленага ляшча і смачна пажаваць, пасмактаць салёненькую рыбку, выплёўваючы дробныя костачкі на талерку, зноў і ізноў запіваючы ўсю гэтую смакату чарговым глытком прахалоднага піва…
Альбо так. Нальём у шклянку добрага крымскага віна накшталт “Масандры”, альбо грузінскага віна – хай гэта будзе “Цынандалі”, альбо нават настальгічны азербайджанкі “Агдам” і, смакуючы, нетаропка і амаль незаўважна пракаўтнём віно, каб адчуць хвалю радаснага ўзрушэння, якая з кожным глытком узносіць вас у свет новай рэальнасці, дзе няма ні гора, ні хвароб, ні паганых начальнікаў, ні дрэнных жонак… Хіба ёсць яшчэ нешта больш вартае ў жыцці, чым тыя салодкія моманты сумоўя з добрым віном, асабліва калі побач твой стары сябра альбо прыгожая жанчына…
Ну а што за шашлык без чаркі гарэлкі? Альбо лазня без добрага выпівону? Яшчэ цар Пётр казаў: “Пасля лазні – прадай штаны, але выпі”.
А Новы год? Хіба можна сустракаць Новы год без шампанскага?
Такіх мілых сэрцу карцін не злічыць…
Не, што ні кажы, выпіць – гэта хораша. Так вам скажа любы апантаны прыхільнік гэтай справы, але ледзьве й не кожны сумленны працоўны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Толькі праз працэс прыняцця “на грудзь” магчымы былі амаль усе мае – калі запланаваныя, а найчасцей выпадковыя – знаёмствы з вельмі цікавымі людзьмі мінулай эпохі. Неверагодна, але факт: толькі дзякуючы існаванню распівачных месцаў, аб якіх будзе весціся ніжэй гаворка, і пастаяннаму наведванню іх стала магчымым маё знаёмства з цэлай сістэмай быцця, з новай, недасяжнай і незразумелай для непасвячоных краінай Алкаголіяй, з якасна іншым і невядомым дагэтуль жыццём у гэтай дзіўнай краіне…
Трэба абмовіцца, што я тут буду распавядаць, напрыклад, аб тым, як жыў той ці іншы пісьменнік, выключна ў ракурсе ягонага і майго п’янства альбо ўсяго, што так альбо інакш звязана з выпіўкай. Іншыя бакі іх жыцця: цвярозы, творчы і сямейны – а яны, безумоўна, былі, бо пісаліся кнігі і нараджаліся дзеці, – мяне не тое што не цікавяць, яны мне проста няведамыя і таму недасягальныя, прычым не толькі цяпер – так гэта было і ў тыя, даўно ўжо мінулыя гады. Таму я буду пісаць толькі пра “п’яны” бок жыцця маіх сяброў. Але ў эпоху нашага быцця ў “Тэлевізары” альбо на “Бермудах” гэты бок жыцця быў дамінуючы, а для некаторых нават ператварыўся ў пастаянны лад жыцця, і з ім яны сваё зямное жыццё і скончылі.
(канец фрагмента)