Раман / Пераклад з польскай Марыны Казлоўскай. — Вільня: Logvino literatūros namai, 2015. — 414 с.
ISBN 978-609-8147-44-5
“Доля праўды” — гэта не толькі інтрыгоўны дэтэктыў. Гэты раман — адлюстраванне жыцця сучаснай еўрапейскай краіны, грамадзяне якой спрабуюць весці балючы, але патрэбны дыялог наконт свайго не заўжды гладкага і ціхамірнага мінулага. Дыялог, тэмамі якога робяцца фашысцкая акупацыя, камуністычны рэжым, а таксама нацыяналістычная прапаганда.
ПРА КНІГУЧЫТАНЬНЕ АДНОЙ ЛЕВАЙ: “ДОЛЯ ПРАЎДЫ” (з блогу RADIO MARYJKA)Артыкул пра аўтара у Wikipedia (па-польску)ФРАГМЕНТ З КНІГІ Паглядзець
…
Раздзел 14
Не было, відаць, у Польшчы лепшага месца, каб правесці лянівы вясновы вечар за куфлем піва, чым зацененая каштанамі тэраса “Кардэгардыі”, якую заўсёднікі называлі “Кордай”. Яна трохі ўзвышалася над плошчай, а таму была крыху адасобленай, словам, ідэальным месцам, адкуль можна было паназіраць за турыстамі вакол ратушы, за вясельнымі фотасесіямі, за гімназістамі, што прыліплі да сваіх мабільнікаў, дзецьмі, што прыліплі да цукровай ваты, і закаханымі, якія прыліплі адно да аднаго.
Пракурор Тэадор Шацкі чакаў, пакуль Бася вернецца з прыбіральні, і бесцырымонна разглядаў людзей, што сядзелі навокал. Як звычайна, зайздросціў іх жыццю, самому яму было неяк млоснага і тужліва. Тут жа побач з ім, каля агароджы тэрасы, сядзела парачка тутэйшых, закаханых адно ў аднаго як падлеткі, хаця ім, відаць, было добра за пяцьдзясят. Ён — тыпаж саліднага дырэктара ў расшпіленай кашулі, яна — у стракатай блузцы, поўная задзірыстай спакусы, што без стратаў перажыла дзесяцігоддзі на кухні і выхаванне патомства. Яны ўвесь час гаварылі пра дзяцей, якіх, відаць, у іх было трое, і, калі меркаваць па вобразных апісаннях жыццёвых перыпетый, усім ім было каля трыццаці і жылі яны ў Варшаве. Пра сябе не сказалі ні слова, няспынна гучалі толькі квяцістыя аповеды пра дачок, зяцёў і ўнукаў: што яны робяць, чаго не робяць, што ім удаецца, чаго не ўдаецца, што можа ўдацца. Ён быў хутчэй маўклівы і пазітыўны, яна час ад часу накручвала сябе чорнымі сцэнарыямі, тады ён адкашліваўся і казаў: “Што ты, Ганя, можаш пра гэта ведаць!” Тады яна на хвіліну змаўкала, каб даць яму нацешыцца пачуццём, маўляў, Здзіх ведае лепш (ну, што яна сапраўды можа пра гэта ведаць?), — а пасля зноў вярталася да аповеду. Назіраць і падслухоўваць іх было раскошай, Шацкі ўсміхаўся, але ў той жа час яму было прыкра. Каб стаць такой парай, трэба не адно дзесяцігоддзе гадаваць каханне і пяшчоту. Ён жа адну сваю сям’ю разбурыў, для другой быў занадта стары, а вярнуць былое жыццё немагчыма.
Калі б ён быў маладзейшы на якія дзесяць гадоў. На другім баку тэрасы акурат міндальнічала такая пара. Абое выглядалі досыць молада, дзесьці пад трыццаць, у першы момант ён нават падумаў “маё пакаленне”, але тут жа абарваў сябе. Гэта ўжо не тваё пакаленне, пракурор, ты ведаеш на памяць усяго Качмарскага, а для іх музыка пачынаецца з Курта Кабэйна. Ты быў ужо дарослы, калі выйшаў першы нумар “Выборчай”, а для іх гэта быў нейкі шматок, прынесены бацькамі дадому. На свеце мала пакаленняў, калі розніца тых няшчасных дзесяці гадоў значыць столькі, колькі ў гэтым выпадку.
Пара песцілася, мілавалася, ім не было ніякай справы да іншых. Відаць, у іх сапраўды моцна ўпаў узровень цукру, раз яны наважыліся выбрацца з ложка. З урыўкаў размовы ён зразумеў, што ў яго сёння народзіны. “Файна мець народзіны ў траўні, — падумаў ён, — запрашаць гасцей на грыль ці сустракацца на тэрасах кавярань...” У яго ў лістападзе ніколі не было такой магчымасці. У нейкі момант яму нават захацелася павіншаваць хлопца.
Але пасля ён перадумаў: выцягваць юбіляра з-пад капы каштанавых валасоў яго сяброўкі было бесчалавечна. Калі сусед адчуў ягоны погляд і пачаў азірацца, пракурор хутка адвёў вочы. Нешта заказытала за вухам. Гэтым нечым была незвычайна вялікая кветка каштана, якую Бася трымала ў руцэ. Краем вока ён злавіў усмешку мужчыны, якая казала, што ён таксама лічыць Сандамір у траўні ідэальным месцам для закаханых.
— Пабеглі?
Ён кіўнуў, дапіў піва, і яны разам спусціліся па сходах на брукаванку Рынкавай плошчы…