Папулярная музыка зь Вітулы
Purchase
Апісаньне
ISBN 978-985-6901-75-4
"Ніемі робіць мяне шчасьлівым!"
Aftonbladet
"Абсалютны шэдэўр, які вібруе жыцьцём, гумарам і немым болем".
Svenska Dagbladet
"Ніемі бадай што самы цікавы з усіх сучасных швэдзкіх пісьменьнікаў".
Nerikes Allehanda
Мікаэль Ніемі — у Скандынавіі чалавек знакаміты: яго перакладаюць і перавыдаюць. Апошнімі гадамі ў скандынаўскіх кавярнях, электрычках і парках можна ўбачыць людзей, якія пахіхікваюць, пасьмейваюцца, а то і шчыра рагочуць. Прычына нябачанай у тых шыротах нястрыманасьці ў пачуцьцях — жоўтая кніжыца, сатырычны раман «Папулярная музыка зь Вітулы». Тут маляўніча і сакавіта апісана, як нашчадкі старажытных саамаў п’юць брагу навыперадкі, як суровыя фінскія дзяды і мужыкі, пайшоўшы ў заклад, зацята сядзяць у парылцы да беспрытомнасьці і перамогі. Як у забытым Богам фінска-швэдзкім памежжы падлеткаў ачароўваюць зыкі “Бэатлес” і спакусьлівыя аднаклясьніцы…
Паводле Павал Касьцюкевіч “Што пачытаць улетку?”, “Наша Ніва”.
ЗЬМЕСТ
Пралёг
Апавядальнік прачынаецца, узыходзіць на гару й выстаўляе сябе на сьмех на перавале Тхаронг Ля, з чаго й пачынаецца расповед
Разьдзел 1
— пра тое, як Паяла робіць крок у сучаснасьць, узьнікае музыка, а два малыя выпраўляюцца ўлегцы ў падарожжа
Разьдзел 2
— пра веру жывую й мёртвую, пра тое, як шрубы могуць выклікаць гвалт, і пра дзівосную інтэрмэдыю ў паяльскай царкве
Разьдзел 3
— пра драматычныя падзеі на школьным сховішчы ды пра нечаканае спатканьне, якім мы забягаем далёка наперад
Разьдзел 4
— пра тое, як вясковыя хлопцы пайшлі ў Старую школу, даведаліся пра паўднёвую Швэцыю, а таксама пра тое, як хатняе заданьне можа перавярнуць дагары нагамі ўвесь дом
Разьдзел 5
— пра нерашучых ваякаў, мясцовыя групоўкі ды пра майстэрства пратоптваць лыжныя спускі
Разьдзел 6
— пра тое, як старая карга села па правы бок Госпада Бога, і пра тое, якою рызыкоўнаю бывае дзяльба зямных багацьцяў
Разьдзел 7
— пра рок-музыку, яе ўплыў на прыгожы пол і пра тое, як небясьпечна ўваходзіць бяз стуку
Разьдзел 8
— у якім змайстравалі плянку, раскрылі рот і ў якім упершыню адбыўся выхад на сцэну
Разьдзел 9
— у якім нашыя героі робяцца вучнямі сярэдніх клясаў і не бязь цяжкасьцяў засвойваюць тэхніку ігры на гітары
Разьдзел 10
— пра няпрошанага начнога візытанта, пра рухомы шкілет з дарамі ды пра ратаваньне зь пераплёту
Разьдзел 11
— дзе два роды цьвердалобых гуляюць вясельле, у часе якога мераюцца сілаю ды парацца ў лазьні
Разьдзел 12
— пра нялёгкую сэзонную працу, качаргу на суседзкім надзеле ды няшчасны выпадак, выкліканы нядбайным стаўленьнем да сваіх абавязкаў
Разьдзел 13
— пра новага настаўніка музыкі зь вялікім пальцам пасярод рукі ды пра знаёмства зь юным талантам з Кіхланкі
Разьдзел 14
— пра дзікую сутычку ў паяльскім калектары ды пра тое, як мы неўспадзеўкі атрымалі бубнача
Разьдзел 15
— пра тое, як пасьля лазьні язык урэшце вызваліўся з кайданоў, ды пра тыя рэчы, якія абавязаны ведаць кожны малады чалавек
Разьдзел 16
— у якім злога мужыка валяць у сьнег, а ягоную жонку частуюць халодным малаком
Разьдзел 17
— у якім распальваюць сьвяточныя вогнішчы, здабываюць зброю ды прызначаюць узнагароду за галовы двух лясных стралкоў
Разьдзел 18
— пра дрыньканьне на гітары ды іншыя больш ці менш мужчынскія заняткі
Разьдзел 19
— пра дзяўчыну на чорным "вольва", хакейныя пляцоўкі ды здаравенныя азадкі, а таксама пра тое, чым можна пазабавіцца ў Паяле
Разьдзел 20
— пра тое, як гулялі на дне народзінаў ды сьпявалі гімн Турнэдалену, як зьявіліся паляўнічыя ды як чатыры падлеткі глядзелі на зоры
Эпілёг
Мікаэль Ніемі (нар. 13 жніўня 1959 году ў Паяле (Норботэн), — швэдзкі (турнэдальскі) пісьменьнік. Бацька быў паліцэйскім, маці — лягапэдам. У пятнаццаць гадоў пачаў пісаць вершы і навэлі, аднак атрымаў сярэднюю спэцыяльную адукацыю па прафэсіі электрыка, у сувязі з чым перабраўся ў Люлео, дзе пражыў 20 гадоў, пакуль не вярнуўся назад у Паялу. У 1988 годзе дэбютаваў са зборнікам вершаў “Кроў з носу на імшы” (“Näsblod under högmässan”). Ён пісаў паэтычныя, празаічныя і драматычныя творы, працаваў для радыё і тэатра. У 2009 годзе наведаў Беларусь, прачытаўшы свае творы ў Менску і Пінску. Сапраўдны творчы прарыў зрабіў з кнігаю “Папулярная музыка зь Вітулы”, за якую быў узнагароджаны прэміяй Аўгуста Стрындбэрга ў 2000 годзе. На гэты раман аўтара натхніла ягонае ўласнае дзяцінства й юнацтва ў дзьвюхмоўным асяродзьдзі Паялы ў Турнэдален.