Выдавец Цымбераў Раман
Мідзье́ні (сапраўднае Мілаш Дзьердзь Нікола; 1911–1938) – класік албанскай літаратуры, лёс якога шмат у чым падобны да лёсу нашага Максіма Багдановіча. У зборнік уключаныя ўсе без вынятку яго паэтычныя творы, а таксама выбраныя лірычныя мініяцюры.
Максім Багдановіч (1891–1917) — класік беларускае паэзіі, які, творачы ў рэчышчы сімвалізму, неарамантызму і дэкадансу, вярнуў яе ўніверсальнае еўрапейскае аблічча Жывучы вялікую частку жыцця далёка па-за межамі Бацькаўшчыны (Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Ялта), ён здолеў выхаваць ў сабе любоўю да беларускага слова, беларускай міфалогіі, гісторыі, культуры. Зборнік уключае не толькі вядомыя творы школьнай праграмы, а і ўзоры самай глыбокай, інтымнай лірыкі вялікага паэта.
Мацей Казімір Сарбеўскі (1595-1640) – новалацінскі паэт польскага паходжання. Лічыцца ці не самым знакамітым паэтам лацінскай мовы ў XVII ст., бо яшчэ пры жыцці займеў у Еўропе мянушку «хрысціянскага» або «сармацкага» Гарацыя. Істотная частка жыцця Сарбеўскага-паэта, а таксама выкладчыка рыторыкі і паэтыкі, звязана з Вільняй, Полацкам, Нясвіжам.
Валерый Брусаў (1873-1924) — рускі паэт, які належаў да пакалення «старэйшых сімвалістаў», «самы культурны пісьменнік на Русі» (М. Горкі), творы якога да 1918 г. вызначаюцца пэўнымі дэкадэнцкімі настроямі, пазбаўленыя імкнення да палітычнай, рэлігійнай, філасофскай барацьбы. У жніўні 1914 г. у Вільні пазнаёміўся з Янкам Купалам, у выніку чаго стаў адным з першых перакладчыкаў яго паэзіі на рускую мову.
Восіп Мандэльштам (1891–1938) – народжаны ў Варшаве ў габрэйскай сям'і (яго маці паходзіла з Вільні), справядліва лічыцца адным з найлепшых паэтаў рускай мовы ў ХХ стагоддзі. У яго творчасці можна бачыць уплывы паэтыкі неакласіцызму, сімвалізму, акмеізму. Ахвяра сталінскага тэрору (памёр на турэмным перасыльным пункце Уладзівастока).
Поўня ўзышла на чорнае неба, яе халодныя прамяні асвячалі пакой, падаючы праз акно. Голасна брахаў суседскі сабака. Я доўга не мог заснуць, таму пэўны час проста ляжаў пад коўдрай і паглядаў у акно. Узгадаў, як мая бабуля вучыла мяне малога, што перад сном у акно глядзець нельга, бо нячыстая можа налякаць. Зразумела, што я, малы хлапчук цікаўны да ўсяго, не мог яе паслухаць. Акно было для мяне нібы дзвярыма ў іншы свет, я падоўгу ўглядаўся ў неба, на якім танчылі халодныя зоры, нават намагаўся іх лічыць. Тады ж бабуля пачынала пужаць мяне «бабамі цыцохамі» і распавядаць мне чарговую байку.
Апавяданні Алега Дашкевіча друкаваліся ў розных перыядычных выданнях Беларусі на працягу больш як дваццаці гадоў, але сабраныя разам у кнігу ўпершыню. Гэта своеасаблівыя замалёўкі-рэпартажы з мінулага і нашага стагоддзя (тысячагоддзя!), у якіх дакладна, сур’ёзна і з гумарам перададзены той час, падзеі і надзеі беларусаў, а праўдзівей — само нашае жыццё.
Вершаваная казка вядомага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзя Бураўкіна (1936–2014) вучыць свайго маленькага чытача асновам дабрыні і спагады.
У кнізе выбраных дзіцячых вершаў Алега Мінкіна паэтычна ўвасабляюцца нацыянальныя міфалагічныя істоты, ажывае раслінны і жывёльны свет, а таксама апяваецца беларускі каляндар.
У гэтай кнізе Іны Снарскай жывуць яе родныя, суседзі, сябры з вёсак яе маленства на Полаччыне. Кожны аповед напісаны сэрцам, з вялікай любоўю да сваіх герояў. Завяршае кнігу аповесць, прысвечаная памяці маці, яе няпростаму лёсу і каханню.
Кніга ўключае творы Міколы Арахоўскага — таленавітага драматурга, мастака, чалавека з драматычным лёсам, які больш за 20 гадоў быў прыкаваны да ложка, аднак выявіў свае шматгранныя здольнасці ў драматургіі, прозе, жывапісе, чаканцы, выпальванні па дрэве, праявіў магутны дух, распавядаючы ў сваіх творах пра набалелыя праблемы ў жыцці чалавека і грамадства, адстойваючы найлепшае ў чалавеку: Годнасць, Спагаду, Любоў.
…Не ўсё з напісанага Адамам Свентаржэцкім (1812–1863) дайшло да нас. Вершы, якім лёсіла захавацца, заставаліся ў рукапісах; аніводнай публікацыі яго тэкстаў — ні ў газетах, ні ў асобных зборніках — выявіць не ўдалося. Як і згадак пра паэта і паўстанца ў якіх-кольвек энцыклапедыях ці літаратуразнаўчых публікацыях. Гэты нарыс — першая праца пра яркую і да нашых дзён невядомую асобу Адама Тамашавіча Свентаржэцкага.
Гэта кніга раскажа вам пра дзяўчынку Віку, якая каляднай парой гасцюе ў хроснай і трапляе ў свет неверагодных дзівосаў і цудоўных пераўтварэнняў. Урэшце і сама яна становіцца маленькай чараўніцай.
У сваёй кнізе аўтар малюе контур душы маладога чалавека і поўніць яго падзеямі, здарэннямі і недарэчнасцямі мінулых гадоў.
У кнігу ўвайшлі ўспаміны пра забаўныя гісторыі, досціпы і гумар Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вобраз нашых класікаў з выключна сур’ёзнага, "акадэмічнага" пераўтвараецца ў блізкі, непасрэдны. Нашыя песняры маглі з іроніяй успрымаць розныя жыццёвыя сітуацыі.
У гэтай кнізе чароўных казак, мой дарагі дружа, ты разам з беларускай дзяўчынай Анэляй трапіш у тыя даўнія і таямнічыя часы, каб зазірнуць у сусвет душы сваіх продкаў, адчуць сілу і прыгажосць зямлі, на якой жывуць беларусы.
Людвіг Вітгенштайн (1889–1951) — аўстрыйска-брытанскі філосаф, апублікаваўшы пры жыцці, па сутнасці, адзіную працу, «Логіка-філасофскі трактат», займеў вызначальны ўплыў на філасофскую думку XX ст., а найперш на філасофію неапазітывізму і дзейнасць т. зв. Венскага гуртка. Прадмова знакамітага логіка, матэматыка і філосафа Бертрана Расала да першага выдання гэтай працы публікуецца тут у якасці пасляслоўя.
Ян Секунд з Гаагі (прозвішча пры нараджэнні: Эверартс; 1511–1536) – новалацінскі паэт эпохі Адраджэння, жыццё якога было звязана з Галандыяй, Фландрыяй і Іспаніяй. Найбольш вядомы сваёй любоўнай лірыкай, натхнёнай яго ўласнымі пачуццямі да зямлячкі Юліі і іспанкі Неэры. Сапраўды сусветную славу ён здабыў цыклам «Пацалункі», перакладзеным на шматлікія мовы.
Зборнік артыкулаў і публіцыстычных нататак, прысвечаных жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Адрасаваны даследчыкам, навукоўцам, аматарам творчасці знакамітага пісьменніка.
Генрыкас Радаўскас (1910–1970) – літоўскі паэт, народжаны ў польскім Кракаве. Жыў у міжваеннай Літве, але апошнія амаль трыццаць гадоў свайго жыцця правёў у эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Паводле меркавання вядомага сучаснага паэта і літаратуразнаўцы Томаса Вянцлавы, Радаўскас можа лічыцца найлепшым паэтам у гісторыі літоўскай літаратуры.













