Мінск : Радыёла-плюс, ІП Сіўчыкаў Ул. М., 2012. — 120 с.: фат. — (
“Беларускія ЕўраГраматыкі”).
ISBN 978-985-448-115-9 (Радыёла-плюс).
ISBN 978-985-7030-02-6 (ІП Сіўчыкаў Ул. М.).
Нямецкая мова, як індаеўрапейская, — “сваячка” беларускай і іншых славянскіх моваў. Але пасля гіпатэтычнага “моўнага разводу” народаў да шчыльных моўных кантактаў з немцамі справа дайшла толькі ў апошнія тысячу гадоў.
Выданне адрасуецца ўсім, хто цікавіцца нямецкай мовай, гісторыяй і культурай.
ЗМЕСТ Паглядзець змест цалкам
Уступ
ФАНЕТЫКА І ПРАВАПІС
Алфавіт
Націск і інтанацыя
МАРФАЛОГІЯ
Дзеяслоў
Назоўнік, артыкль
Прыметнік
Лічэбнік
Займеннік
Прыслоўе
Злучнік
Прыназоўнік
Часціца
Выклічнік
Агульныя палажэнні
СІНТАКСІС
Агульныя палажэнні
Інфінітыўныя групы
Асобныя віды сказаў
НЕКАТОРЫЯ ЎСТОЙЛІВЫЯ ВЫРАЗЫ
Выкарыстаныя крыніцы
УСТУП Паглядзець уступ цалкам
Нямецкая мова, як індаеўрапейская, — “сваячка” беларускай і іншых славянскіх моў. Але пасля гіпатэтычнага “моўнага разводу” народаў да шчыльных моўных кантактаў з немцамі справа дайшла толькі ў апошнія тысячу гадоў.
Кантакты паміж Нямеччынай і Беларуссю ў іх гістарычных іпастасях развіваліся ў часе і прасторы. Яшчэ ў ХIII стагоддзі існавала Ганзейская (прыналежная гандлёваму саюзу заходнееўрапейскіх гарадоў Ганза) факторыя ў Полацку. У ХVІ стагоддзі адзначаецца перасяленне немцаў на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, у Полацк і Віцебск. Сёння вядома пра паселішчы немцаў-рамеснікаў на Магілёўшчыне, Віцебшчыне і Гомельшчыне. У Берасці напрыканцы ХV стагоддзя была Нямецкая вуліца, заселеная купцамі з тых краёў. Тут, як і ў некаторых іншых гарадах ВКЛ, была лютэранская кірха, якая, дарэчы, захавалася і па сёння. У Брэст-Літоўскім павеце Гродзенскай губерні ўжо ў часы панавання Расіі, у ХVІІІ стагоддзі, утварыліся дзве калоніі перасяленцаў, Нойбраў і Нойдорф. Часта немцы шукалі на землях ВКЛ спакою і мірнай працы, якіх не было на радзіме.
Пад уплывам адукацыйна-рэлігійных чыннікаў шмат якія выхадцы з нашых краёў ехалі па добрую адукацыю ў нямецкія ўніверсітэты. Важную ролю ў станоўчай дынаміцы гэтых кантактаў адыграла і наданне вялікай колькасці гарадоў Вялікага княства Літоўскага магдэбургскага права. Колькасць этнічных немцаў на Гарадзеншчыне, найперш з прычыны геаграфічнай блізкасці да гістарычнай Прусіі, дасягала дзесяці тысяч чалавек. У Гомельскай вобласці ў 1920-я гады існавалі цэлыя нямецкія сельсаветы.
З іншага боку, і ў нямецкім горадзе Ляймэн пасля Другой сусветнай вайны быў заснаваны Музей беларускай культуры, працаваў Інстытут беларусазнаўства. У сучаснай Германіі існуюць арганізацыі беларускай дыяспары. У Беларусі ў 1990 годзе ўтварылася Таварыства немцаў, якое ставіць за мэту стварыць Цэнтр нямецкай культуры.
Нельга не сказаць і пра яшчэ два фактары, якія сёння стымулююць вывучэнне нямецкай мовы беларусамі. Па-першае, пасля 1986 года ў Нямеччыне ўтварылася да 1000 (!!!) грамадзянскіх ініцыятыў і арганізацый дзеля дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Адбываюцца ўзаемныя наведванні, беларускія дзеці аздараўляюцца ў Нямеччыне, дзеці гасцінных немцаў робяць візіты ў адказ. Па-другое, 15 беларускіх гарадоў маюць афіцыйна аформленыя дамовамі адносіны з нямецкімі гарадамі-партнёрамі: Мінск—Бон, Полацк—Фрыдрыхсгафэн, Брэст — Равэнсбург, Навагрудак — Ляймэн і інш. Некаторыя маюць і двух партнёраў, як, да прыкладу, Пінск (Альтэна, Бланкенбург).
Калі казаць пра чыста моўныя феномены, дык старадаўнія гістарычныя кантакты спарадзілі пласт лексічных запазычанняў з нямецкай мовы ў беларускую (на той час “рускую”) мову. Агульныя спрадвечныя словы і протастарабеларускія запазычанні фіксуюцца і ў нямецкай мове. У сучасную эпоху не толькі мовазнаўства, а найперш кампаратывістыка пашырае межы вывучэння моваў. Да таго ж, ведання розных моваў вымагае глабалізацыя, выбуховы рост камунікацыі. На сёння Германія сярод краін “старой Еўропы” была, ёсць і, верагодна, у агляднай будучыні застанецца найважнейшым гандлёвым партнёрам Беларусі.
Варта яшчэ раз адзначыць духоўную спадчыну, якую стварылі немцы на працягу апошняга тысячагоддзя: на нямецкай мове напісаныя творы класікаў сусветнай літаратуры і філасофіі, працы выдатных навукоўцаў, кнігі палітыкаў і рэлігійных дзеячаў.
Гэты даведнік акурат і прызначаны найперш для пачаткоўцаў: тых, хто вывучае нямецкую мову на курсах або самастойна. Пры тым што ён кароткі, тут даюцца некаторыя тлумачэнні, якіх няма ў іншых дапаможніках. Даведнік больш набліжаны да непасрэднага параўнання структуры нямецкай мовы са структурай роднай або вывучанай беларускай мовы. Дзеля зручнасці карыстальніка даведнік дапоўнены размоўнікам — спісам найбольш ужывальных выразаў нямецкай мовы і іх беларускіх адпаведнікаў. Асобна падаецца кароткі нямецка-беларускі слоўнік асабовых імён, які прапануе вырашэнне даўняй праблемы — знаходжання спосабу адэкватнай перадачы нямецкіх імён сродкамі беларускага алфавіту.
Пэўныя з пералічаных асаблівасцяў даведніка дазваляюць меркаваць, што ён не будзе лішнім і на стале спецыяліста-філолага.
Аўтары