Дом цікаўных казак / Надзея Ясмінска; мастачка Алена Сацута. – Мінск : Галіяфы, 2018.– 72 с. Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7140-97-8.
© Ясмінска Н., 2018
© Сацута А., ілюстрацыі, 2018
© Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2018
Казкі, нібы чароўныя істоты, падарожнічаюць па свеце і час ад часу дораць камусьці дзіва. Неяк яны з цікаўнасці наведалі адзін дом – і з жыхарамі гэтага дома здарыліся сапраўдныя, хай і маленькія, прыгоды…
“Дом цікаўных казак” – гэта складанка кароткіх гісторый пісьменніцы Надзеі Ясмінска з шыкоўнымі папяровымі ілюстрацыямі мастачкі Алены Сацута. Героі ў ёй сустракаюць незвычайных гасцей, прыходзяць на дапамогу дзіўным незнаёмцам і нават апынаюцца ў розных цікавых месцах, не пакідаючы свайго пакоя.
У межах конкурса-выставы маладых ілюстратараў і дызайнэраў "Арт-Прадмова-2019" кніга "Дом цікаўных казак" перамагла ў намінацыі "Тыражная кнага" (агульны дызайн кнігі).
Таксама 23 сакавіка 2019 кніга атрымала прэмію "Бібліязважанне" ад Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска ў намінацыі "Топ-5 беларускіх кніг".
ЗМЕСТДЗІЎНЫ СПАДАР З ПАРАСОНАМ
АСЯ-ДЗЬМУХАВЕЦ У КРАІНЕ ВЯСНЫ
БЯСХВОСТ І АДНАВУШКА
МЕСЯЦОВЫ ЗАЙЧЫК
НОЧ НА ДАХУ
МIХАСЬ-ПУХНАЦІК
ХМУРЫНКА
КАСМІЧНЫ ВІЗІТ
ЧОРНАЯ КАРАЛЕВА
ЛАЗУРКОВАЯ ЗОРКА
ФРАГМЕНТ З КНІГІ Паглядзець
У чароўных казак няма каранёў – у іх ёсць крылы.
Яны лётаюць па свеце, нябачныя для ўсіх. Сядаюць на спіну ветру, слізгочуць па вясёлцы, абганяюць хмары. І калі казка выпадкова дакранецца да чалавека, з ім адбываецца нешта незвычайнае.
Так здарылася з жыхарамі аднаго дома, які пабудавалі на скрыжаванні. Гэты дом апынуўся на дарозе многіх казак. Спачатку яны праляталі міма, але потым іх ахапіла цікаўнасць. Што за людзі там жывуць? Пра што яны гутараць за сняданкам? Якія ў іх жаданні, сны і мары?
Казкі ўзяліся зазіраць у вокны, праточвацца ў шчыліны. І жыхары дома пачалі сутыкацца з чараўніцтвам. Найчасцей гэта былі дзеці, таму што менавіта яны заўважаюць дробязі вакол сябе – а такія дробязі часам аказваюцца маленькімі дзівамі.
Пра што былі тыя казкі? Пра сонца, пра месяц і зоркі, пра верных сяброў і загадкавых гасцей... З людзьмі, да якіх дакраналася казка, адбывалася свая гісторыя. Ім адкрывалася маленькая мудрасць. І таму на дзвярах кожнай кватэры цяпер вісіць таблічка са словамі, якія чараўніцтва пакінула ў сэрцы.
Каб пачуць гэтыя гісторыі, трэба проста зайсці ў той дом. Хто ведае, можа, цікаўныя казкі яшчэ не паспелі адправіцца далей па сваіх справах. Можа, яны ўсё яшчэ там, за каляровымі сценамі...
Калі мы ступім за парог і павернем налева, то ўбачым дзверы нябесна-блакітнага колеру з кілімком у выглядзе воблака. Тут жыве Ясік. Аднойчы ён глядзеў у акно і заўважыў казку, якая пралятала міма. Пасля гэтага хлопчык змяніў сваё стаўленне да непагодлівых дзён… і выпадковых мінакоў.
Памятай, што нават дажджлівыя дні могуць падарыць нешта цудоўнае!
ДЗІЎНЫ СПАДАР З ПАРАСОНАМ
Дзень выдаўся шэры і дажджлівы. Маленькі Ясік сядзеў на падваконні ў сваім пакоі. Больш за ўсё на свеце ён любіў блукаць па двары, але ў такое надвор’е яго не выпускалі. Таму хлопчык быў гэткім жа пахмурным, як неба. Гуляць у цацкі яму не хацелася, а чытаць і пісаць ён яшчэ не ўмеў. Заставалася толькі сумаваць, гледзячы на дождж.
Урэшце Ясік зладзіў спаборніцтва бягучых кропляў па шкле. Сам ён паставіў на самую тоўстую кроплю, якая павольна, але дакладна сцякала ўніз. І калі кроплі ўжо набліжаліся да фінішу, пачуўся гучны грук у дзверы.
Хлопчык злосна чмыхнуў і вырашыў прыкінуцца, што нічога не пачуў. Яму вельмі хацелася даведацца, якая ж кропля пераможа. Але гук стаў такім настойлівым, што на яго ўжо нельга было не зважаць. Ясік, уздыхнуўшы, падышоў да дзвярэй, узлез на крэсла, паглядзеў у вочка, але нікога там не ўбачыў.
Грук не змаўкаў. Вось дык дзіва! Стукалі не ў дзверы, а ў вокны! А кватэра знаходзілася даволі высока, з зямлі ніхто б не здолеў дацягнуцца. Можа, гэта птушка точыць дзюбу. А можа быць, за раму зачапілася галінка...
Хлопчык наблізіўся да акна ў спальні і ўбачыў за шклом… чалавека.
Гэта быў спадар з маладым, гладка паголеным тварам, і ў кутках яго вачэй смяяліся добрыя зморшчынкі. Апрануты ён быў вельмі дзіўна: старамодны капялюш, шэры плашч, з-пад якога відаць строй з мятлікам, смешныя чаравікі з доўгімі насамі. Чалавек трымаў раскрыты парасон – ды што там трымаў! Ён проста вісеў на ім у паветры, без якога-небудзь апірышча...
Убачыўшы Ясіка, спадар усміхнуўся і прыўзняў капялюш. Потым выкрыкнуў праз шкло:
– Малады чалавек! Будзьце ласкавы, дапамажыце мне. Калі я пралятаў міма вас, акно зачынілася ад ветру і прышчыкнула край майго плашча!
Ясік, узрадаваны тым, што яго назвалі маладым чалавекам, таропка расчыніў акно.
– Уф-ф, дзякуй, – з палёгкай уздыхнуў дзіўны спадар. – А то я пачаў думаць, што пратырчу тут да ночы і зусім спазнюся!
– А вы кудысьці спяшаецеся? – ветліва спытаў хлопчык.
– Так, я лячу да сваёй цётухны. У яе самая духмяная гарбата ва ўсім свеце. І самыя лепшыя прысмакі!
– Але на чым вы ляціце?
– На сваім парасоне. Гэта новы сродак перасоўвання. Большасць маіх знаёмых дагэтуль аддаюць перавагу мяцёлцы. Але я ад яе адмовіўся – страшна нязручна, скажу я вам, дый застудзіцца лёгка. Ведаць бы, якая цяпер гадзіна… – Ён пакорпаўся ў кішэнях і выцягнуў вялікі залаты гадзіннік на ланцужку.
– Спыніўся, – засмучана сказаў ён. – Шкада. А гэты гадзіннік насіла яшчэ мая прабабка, і ён заўсёды ёй спраўна служыў.
Ясік хутка зірнуў на будзільнік каля ложка.
– Праз пяць хвілін будзе дзевяць, – паведаміў ён.
– Ай-яй! – занерваваўся спадар. – Роўна а дзявятай я павінен быць у цётухны. Прабачце, але мне трэба спяшацца. Будзе так крыўдна, калі гарбата астыне!
Спадар ізноў прыўзняў капялюш і летуценна ўсміхнуўся. Потым пракрычаў: «Да сустрэчы, мой добры сябар!», адштурхнуўся ад аконнай рамы і панёсся далей разам з ветрам. Нейкі час яго раскрыты парасон яшчэ быў відаць у шэрым небе, а потым ён знік за хмарамі.
Ізноў загрукатала, але гэтым разам стукалі ў дзверы. Вярнуліся мама і старэйшая сястра. Электрычнасць з-за навальніцы адключылі, таму званок не працаваў.
– Ну як ты? Не нудзіўся адзін? – спытала мама Ясіка.
– Зусім не! – адказаў хлопчык. – Спачатку ішоў дождж, а потым да нашага акна падляцеў дзядзечка на парасоне. Мы пагаварылі, і ён паспяшаўся на гарбату да сваёй цёткі.
– Ну-ну… – сказала мама, і яны з сястрой з насмешкай перазірнуліся.
А маленькі Ясік ізноў сеў ля акна і стаў глядзець на кроплі дажджу. Ён думаў пра дзіўнага спадара з парасонам. І хацеў, каб той паспеў да сваёй цётухны да таго, як яе цудоўная гарбата астыне.
(Канец фрагменту)