Скуты розум
Purchase
Апісаньне
ISBN 9955-437-01-4
Знакамітая кніга нарэшце выйшла й па-беларуску з прадмовай аўтара адмыслова для беларускага чытача.
“Скуты розум” — філязофска-палітычнае эсэ, літаратурная парабала Чэслава Мілаша, што пабачыла сьвет пры ўдзеле парыскай “Культуры” ў 1953 г., падчас эміграцыі пісьменьніка ў Францыю.
Эсэ апісвае падзеі, што адбываліся падчас і пасьля ІІ сусьветнай вайны ў польскім грамадзтве, а галоўным чынам у Варшаве.
У чатырох разьдзелах аўтар знаёміць нас з лёсамі польскіх пісьменьнікаў таго пэрыяду, засяроджваючыся на іхных учынках, рашэньнях, маралі, дасьледуючы літаратуру на ўзроўні трансцэндэнтных ідэяў і дачыненьняў, уласьцівых польскаму грамадзтву ў 1945—1956 гадах, у пэрыяд сталінізму.
Альфа — гэта Ежы Анджэеўскі, Бэта — Тадэўш Бароўскі, Гама — Ежы Путрамэнт, Дэльта — Канстанты Ільдэфонс Гальчыньскі.
ЗЬМЕСТ
- Мурці-бінг
- Захад
- Кетман
- Альфа — або мараліст
- Бэта — або нешчасьлівы каханак
- Гама — або раб гісторыі
- Дэльта — або трубадур
- Чалавек — вораг ладу
- Прыбалты
Пра аўтара
Чэслаў МІЛАШ (30 чэрвеня 1911, Шэтэйні, цяпер Літва — 14 жніўня 2004, Кракаў), польскі паэт, пісьменьнік, эсэіст.
Скончыў юрыдычны факультэт Унівэрсытэту Стэфана Баторыя. Працаваў на Польскім радыё ў Вільні. У 1937 пераехаў у Варшаву, перад ІІ сусьветнай вайной працаваў на Польскім радыё ў Варшаве, дзе прабыў усю нямецкую акупацыю. Пасля вайны — аташэ ў справе культуры польскай амбасады ў Парыжы. У 1951 адмовіўся вярнуцца ў Польшчу і празь некалькі гадоў выехаў у ЗША.
Супрацоўнічаў з выдавецтвам “Maisons Laffitte” ў Парыжы. Доктар honoris causa Мічыганскага ўнівэрсытэту. Прафэсар Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. Супрацоўнічаў зь месячнікам “Czasopis” (Беласток).
Кавалер Ордэна Белага Арла (1994). Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1980). Ганаровы грамадзянін Кракава і Сопату.
Да беларускага чытача
Гэтая кніга была напісаная ў 1951 годзе, у апагей сталінскай эпохі. Пасьля ІІ сусьветнай вайны я быў адным з польскіх пісьменьнікаў, якія выказаліся за новую Польшчу, і на працягу некалькіх гадоў працаваў у польскай амбасадзе ў Вашынгтоне, а потым у Парыжы. Савецкая сыстэма ў Польшчы ўводзілася паступова і, не пагаджаючыся зь ёй, я ня меў іншага выйсьця, як стацца ў 1951 годзе палітычным эмігрантам і супрацоўнікам эміграцыйнага часопісу “Культура”, выдаванага Ежы Гедройцам.
“Скуты розум” быў шмат для каго з чытачоў супярэчлівай кнігай. Некаторыя нават падазравалі, што меркаваньні аб гістарычнай непазьбежнасьці што да сусьветнае перамогі камунізму ёсьць маімі меркаваньнямі, у той час як я падаў іх адно дзеля таго, каб ім запярэчыць. Спроба пранікнуць у сьвядомасьць людзей, якія верылі ў камунізм, дадала мне шмат ворагаў, але таксама надала кнізе пэўную практычную вартасьць, бо шмат якія камуністы знайшлі ў ёй апісаньне свайго мысьленьня.
Кнігу пераклалі на шмат моваў і, як выявілася, праведзены ў ёй аналіз тычыцца ня толькі таталітарызму Савецкага Саюзу і залежных ад яго краінаў, але мае больш унівэрсальны ахоп, бо гэткія самыя зьявы выяўляліся ў Кітаі ды іншых камуністычных краінах Азіі. Уплыў часу не прысудзіў “Скутаму розуму” забыцьця. Наадварот, і ў Амэрыцы, і ў Польшчы застаўся ён на пазыцыях клясычнай кнігі, якая апісвае эру Сталіна. Дэманы тых часоў, на жаль, ня зьніклі, і я хацеў бы, каб беларускі пераклад гэтай кнігі дапамог канчаткова пакінуць іх у мінулым.
Чэслаў Мілаш
Бэрклі, Каліфорнія, студзень 2000 г.
ЭПІГРАФ
Калі двух сварацца, а адзін мае сумленных 55 адсоткаў рацыі, дык вельмі добра, і няма чаго тузацца. А хто мае 60 адсоткаў рацыі? Гэта цудоўна, гэта вялікае шчасьце, і няхай Пану Богу дзякуе. А што б сказаць пра 75 адсоткаў рацыі? Разумныя людзі кажуць, што гэта вельмі падазрона. Ну, а што — пра 100 адсоткаў? Такі, хто кажа, што мае 100 адсоткаў рацыі, той паскудны гвалтаўнік, страшэнны рабаўнік, найвялікшы лайдак.
Cтары жыд з Падкарпацьця