У кнізе пісьменніка Міхася Зізюка маленькі чытач пазнаёміцца са звычайным хлопчыкам Янкам і яго сябрамі, даведаецца пра жыццё лясных жыхароў і пра тое, чаму малако белае, як трапіць на Кудыкіну гару ды шмат іншых цікавых рэчаў. Разам з Янкам і яго сябрамі вас чакаюць незвычайныя прыгоды.
Раздзел 1. Першы Янкаў дзень у вёсцы і яго знаёмства са Шмурдзікам Раздзел 2. Як Янка знаёміўся з дзедавай гаспадаркай Раздзел 3. Янкавы прыгоды на рэчцы Раздзел 4. Янка і Бухматка трапляюць у пчаліны вулей Раздзел 5. Лясныя сцяжынкі Раздзел 6. Янка бароніць Бухматку і яе сябровак Раздзел 7. Янка і Бухматка трапляюць на Кудыкіну гару Раздзел 8. На рыбалцы Раздзел 9. Як выратаваць яблыньку Раздзел 10. Падарожжа да Кудыкінай гары Раздзел 11. Кропелька ў небяспецы Раздзел 12. Рамонак і Шыпшына Раздзел 13. На палянцы ў Фых-пыха Раздзел 14. Зноў у замку Раздзел 15. Як Янка пасвіў каровы Раздзел 16. Янка выратоўвае Шыпшыну Раздзел 17. Янка развітваецца з вёскаю і сябрамі
Прачнуўся ранкам Янка, пакруціў галавою і не зразумеў адразу: дзе гэта ён? Дзе яго ўтульны пакой з яркімі шпалерамі, на якіх весела трубяць маленькія слонікі, дзе яго ложак са стракатай коўдрай, дзе яго скрыня з цацкамі? Ён хацеў ужо клікаць маму ды ўспомніў, што ўчора тата прывёз яго ў вёску да бабулі з дзядулем. Адкінуўшы коўдру, хлопчык устаў і хуценька падбег да акна. Зусім дзіўны малюнак, прыгожы і незнаёмы адкрыўся яго вачам: яркая зеляніна, драўляныя платы і нейкія пабудовы ў двары, па якіх ходзяць жывыя куры. Так, Янка памятае, як мама паказвала яму кніжку, дзе былі намаляваны розныя свойскія жывёлы, у тым ліку і куры, але сам ён іх не бачыў, бо яшчэ ні разу не быў у вёсцы. Калі казаць дакладней, то некалі яго прывозілі сюды. Так казаў тата. Толькі тады хлопчыку было ўсяго два з паловай гады і ў памяці амаль нічога не засталося ад даўняй паездкі. І вось Янка ў вёсцы. Перад яго вачыма ходзяць жывыя куры. Іх трэба абавязкова паглядзець. Хлопчык кумільгам кінуўся ў дзверы, але якраз у пакой увайшоў тата.
— Прачнуўся? — ён падаў хлопчыку вопратку. — Давай будзем апранацца, мыцца і снедаць.
— Тата, я хачу паглядзець на курэй, — запярэчыў Янка.
— Не спяшайся, яны нікуды не знікнуць, — супакоіў яго тата.
Малы мусіў патрываць. Увогуле Янка быў добры хлопчык — не капрызны, паслухмяны. Ён ужо навучыўся крыху чытаць, лічыць, ведаў, што яму пяць год. Дарэчы, апошнім часам тата казаў, што яму амаль шэсць, і праз два з паловай месяцы трэба будзе ісці ў школу. Яшчэ Янка ведаў, адкуль ён з’явіўся на свет: яго нарадзіла мама. Аднойчы, калі малы спытаў у яе аб гэтым, мама патлумачыла, што спачатку…