
Мастак Рыта Цімохава. — Мінск: Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. — 200 с.: іл. Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7059-42-3.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзростуХлопчык Стасік разам з мамай зрабіў сабе падушку. А пасля выявілася, што ўнутры яе жывуць маленькія істоты, якія ведаюць шмат казак і цікавых гісторый. Кожную ноч, як толькі Стасік засынае, ён сустракаецца са сваім новым сябрам — камячком Пухлікам. Разам яны здзяйсняюць падарожжы ў самыя незвычайныя месцы.
Казкі Сіняй падушкі цікавыя і займальныя. Аматарам прыгод яны абавязкова прыйдуцца даспадобы. Запрашаем чытачоў разам з галоўнымі героямі перанесціся ў Краіну Сноў, дзе можа адбывацца самае неверагоднае…
ЗМЕСТ Паглядзець
Падарожжа ў свет дзівосаў. Вольга Аляксеева
ЯК З’ЯВІЛАСЯ СІНЯЯ ПАДУШКА
Казка першая. ВЯСЁЛКАВАЯ КРАІНА
Казка другая. ЯК ПРЫХОДЗІЦЬ НАТХНЕННЕ
Казка трэцяя. ПЯТЫ ПЯЛЁСТАК
Казка чацвёртая. КВЕТКАВАЯ КРАІНА
Казка пятая. ВІРТУАЛЬНЫ ГОРАД
Казка шостая. БЛАКІТНЫ СКАРБ
Казка сёмая. БРАСЛАЎСКАЯ КАЗКА
Казка восьмая. ПРА МУХУ-ЛАСУХУ
Казка дзявятая. ХІТРАЯ БАНДА
Казка дзясятая. АДВАЖНЫЯ РЫЦАРЫ
Пра аўтарку Паглядзець
Кацярына Хадасевіч-Лісавая — маладая беларуская пісьменніца. Па адукацыі настаўнік пачатковых класаў. Жыве і працуе ў Ждановічах. Свае творы яна піша для дзяцей і пра дзяцей. Маленькія чытачы ўжо знаёмыя з кнігамі пісьменніцы “Падарожжы ў Чароўны Лес” і “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”. Апавяданні і казкі аўтаркі таксама надрукаваны ў калектыўных зборніках “Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў”, “Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў”, “Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў”, “Залаты талер”, “Пакліч у госці сонца”.
Фрагмент з кнігі Паглядзець
“…Увечары, пасля цікавага і насычанага падзеямі дня, Стасік з асаблівай асалодай узлез на новы ложак, накрыўся цёплай коўдрай і лёг на мяккую падушку. Вочкі хлопчыка самі сабою заплюшчыліся, і ён амаль заснуў, як раптам пачуўся нечы тоненькі галасок:
— Прывітанне, Стасік!
— Прывітанне! А хто тут, я нікога не бачу! — адказаў малы.
— Паглядзі на сваю падушку, я сяджу на самым краі.
Хлопчык прыпадняўся і прыгледзеўся. У залацістым святле месяца, што зазірнуў у акенца, Стасік убачыў маленькую істоту, якая сядзела на рагу падушкі, звесіўшы ўніз ножкі.
— А ты хто? — здзівіўся хлопчык.
— Не пазнаеш? Я ж камячок з напаўняльніка, з якога ты сёння разам з матуляй зрабіў сабе падушку! Завуць мяне Пухлік, бо я мяккі і пухленькі.
— Сапраўды падобны да камячка! — усміхнуўся Стасік. — Толькі калі я напаўняў падушку, не заўважыў, што там ёсць адзін жывы камячок.
— Ды што ты! Не толькі я, мы ўсе ўмеем хадзіць і размаўляць! — маленькая істота падскочыла на ножкі і пачала прагульвацца ўздоўж краю падушкі. — Табе вельмі пашанцавала! Фея Краіны Сноў вырашыла аддзячыць табе за паслухмянасць, шчырасць і дабрыню. У магазіне, калі ты выбіраў падушку, Фея ператварылася ў прадаўшчыцу. Напаўняльнік, які яна табе прапанавала, — незвычайны. Мы, маленькія камячкі, умеем ствараць казкі. Фея ведае, што ты вельмі любіш іх слухаць, таму і вырашыла падарыць табе гэтую Сінюю падушку, поўную дзівосных прыгод. Кожны вечар, як толькі ты ляжаш спаць, падушка будзе дарыць табе новую казку. Іх тут так шмат!
— Здорава! — узрадаваўся Стасік. — Вельмі прыемна пазнаёміцца! А калі я пачую першую казку Сіняй падушкі?
— Ды прама цяпер! — адказаў маленькі камячок. — Заплюшчвай вочкі і слухай…”