(В)ядомыя гісторыі. Paper version. – Вільня : Logvino Literatūros namai, 2016. – 76 с.
ISBN 978-609-8147-76-6.
Гэта кніга для тых, хто любіць смакаваць словы, задумвацца над будзённым і надаваць увагу дэталям. Першыя накіды для гэтай кнігі выйшлі ў электронным выглядзе, аднак тэма настолькі паглынула аўтарку, што яна вырашыла працаваць далей. І вось вынік – 31 гісторыя, напоўненая нетрывіяльнымі разважаннямі і трапнымі назіраннямі, дзе героямі робяцца відэльцы і нажы, яблыкі і пяльмені... Перанесеныя ў сферу філасофіі, яны, тым не менш, пачуваюцца там як дома, даводзячы, што і ў самым звычайным ёсць неверагодная прыгажосць думкі.
ЗМЕСТ Паглядзець
ЧАСТКА 1
Грэчка, альбо Праявы шавінізму
Памідор, альбо Пра аб’ектыўную рэальнасць
Цыбуля, альбо Этыка нелюбові
Цукровая глазура, альбо Пра стэрэатыпнае мысленне
Канапка, альбо Нязмушаная адзінота
Гарбата, альбо Праблема выбару
Макарона, альбо Пытанне даверу
Яйка, альбо Гульня ў анталогію
Вусені, альбо Культурны рэлятывізм
Рагу, альбо Сіла думкі
Пяльмені, альбо Пра сталасць формы і зместу
Сняжынка, альбо Omnia relatiua
Кансерва, альбо Метафізіка стомы
Сідр, альбо Да пытання аргументацыі
Малако і ніякіх альбо
Яблыкі, альбо Генератыўная граматыка
Разынкі, альбо Не разынкі
Рататуй, альбо Несумяшчальная выключнасць
Цукеркі, альбо Сацыяльнасць катэгорый
Улюбёная страва, альбо Сімвалічныя практыкі
Каштаны, альбо Цуд эмпатыі
ЧАСТКА 2
Нож і Відэлец
Посуд і дэфекты
Лыжачка для цукру
Яйкарэзка
Селядзечніца
Кітайскія палачкі
Апартаменты
Формачкі
Архаізмы
Жыццё ў рэстарацыі (замест эпілогу)
ФРАГМЕНГ З КНІГІ Паглядзець
КАНАПКА, альбо Нязмушаная адзінота
Перад тым, як выйсці з дому, падняцца ў невялічкі сад, каб папіць там гарбаты, гледзячы на ўсё з вышыні аўстрыйскай замкавай гары, паслухаць, як даносяцца гукі вулічнага канцэрту і падзівіцца на вечаровыя горы, я раблю сабе пару канапак з памаранчавым джэмам. Адну з’ядаю па дарозе, пакуль выношу кубак, бяру ключы і зачыняю дзверы ў пакой. Другую канапку пакідаю на стале ў дворыку. Потым падымаюся па прыступках, праходжу кустоўе ружаў і сядаю на лаўку.
Так цяжка паверыць у тое, што я адчуваю, калі сяджу там на вышыні амаль 500 метраў і ўвесь горад ляжыць перада мною, і толькі горы насупраць нагадваюць пра мой сапраўдны памер у дачыненні да наваколля. Дома нікога няма, у садзе таксама. Жыццё засталося там, унізе, у горадзе. Чым вышэй уздымаешся, тым самотнейшым робішся, але адзінота тут ніяк не прыгнятае і не цісне. Яна вельмі да месца, дакладней – інакш і быць не можа. Але я ўсё ж не гара, і таму, каб заставалася хоць нейкая ілюзія, што мяне дома хтось чакае, я і пакінула другую канапку на стале. І цяпер, п’ючы гарбату, самотна седзячы на лаўцы, узгадваю, што там, у дворыку, на сіняй талерцы мяне чакае яна, мая канапка з маслам і памаранчавым джэмам. І гэтага мне дастаткова.