
Пераклад з англійскай Вера Бурлак; мастачка Кацярына Дубовік. — Мінск: Галіяфы, 2017. — 174 с. : іл. Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7140-39-8.
Пераклад паводле выдання:
Alice in Wonderland and Through the Looking-Glass by Lewis Carroll. Wordsworth Editions Ltd 1993.Сусветна вядомая казка Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”, адзін з самых загадкавых твораў класічнай літаратуры Вялікабрытаніі, ужо другое стагоддзе вабіць як дзяцей, якім яна непасрэдна прызначалася, так і дарослых. У гэтым выданні змешчаны пераклад казкі, выкананы Верай Бурлак. Арыгінальныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы свет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам.
ПРАДМОВА АЎТАРАПаколькі шахматная задача, пададзеная на папярэдніх старонках, выклікала ў некаторых чытачоў пытанні, лічу неабходным патлумачыць, што партыя разгортваецца па ўсіх правілах, прынамсі, калі казаць пра рухі фігур. Чаргаванне хадоў Чорных і Белых, што праўда, вытрымліваецца не так строга, як мае быць, а “ракіроўцы” трох Каралеваў толькі ўмоўна адпавядае іх уваход у палац. Але кожны, хто патурбуецца расставіць фігуры на дошцы і “прайсці” асноўныя хады, пераканаецца, што “шах” Беламу Каралю на шостым ходзе, страта Чорнага Каня на сёмым і фінальныя шах і мат Чорнаму Каралю здзяйсняюцца ў поўнай адпаведнасці з правіламі гульні.Каляды 1887 г.Фрагмент з кнігі Паглядзець
Раздзел ІІ.
– З вяршыні гэтага ўзгорка я ўбачыла б сад нашмат лепей, – сказала сабе Аліса. – А вось і сцяжынка – вядзе якраз у той бок… ці не, зусім не ў той… – Аліса трохі прайшла па сцяжынцы, якая некалькі разоў крута павярнула. – Але ж урэшце яна павінна туды прывесці. Як жа дзіўна яна закручваецца! Проста гляйсар, а не сцяжынка! Ну, ужо гэты паварот мусіць прывесці да ўзгорка… Ізноў не! Ён ідзе акурат да дома! Паспрабую пайсці іншай дарогай.
Яна так і зрабіла: паднялася ўгару, спусцілася ўніз, паспрабавала павярнуць у розныя бакі, але, што б яна ні рабіла, заўсёды вярталася да дома. А аднойчы, павярнуўшы хутчэй, чым звычайна, яна ледзьве паспела спыніцца перад самаю сцяной.
– Не, пра гэта не варта і казаць! – прамовіла Аліса, быццам спрачаючыся з домам. – Назад я пакуль не збіраюся. Інакш мне давядзецца прайсці праз Люстэрка – назад у стары пакой – і на гэтым усе мае прыгоды скончацца!
Так што Аліса рашуча павярнулася спінай да дома і зноў рушыла па сцяжынцы. Яна вырашыла нікуды не зварочваць, пакуль не дойдзе да ўзгорка. Некалькі хвілін усё было добра, і Аліса ўжо ўзрадавалася:
– Нарэшце я туды траплю!
Але раптам сцяжынка крута павярнула, скаланулася (так потым апісвала Аліса) і праз момант зноў прывяла да дзвярэй дома.
– Гэта ўжо занадта! – раззлавалася Аліса. – Упершыню бачу дом, які выскоквае перад табой на кожным кроку. Жах!
Тым часам узгорак быў выдатна бачны, і Алісе давялося пачаць шлях да яго зноў. Гэтым разам яна прыйшла да вялікага кветніка, абкружанага стакроткамі, а пасярэдзіне расла высокая вярба.
– О Тыгровая Лілея, – звярнулася Аліса да кветкі, якая грацыёзна пагойдвалася пад ветрыкам, – шкада, што ты не размаўляеш!
– Чаму – не? Размаўляю, – сказала Тыгровая Лілея, – вядома ж, калі ёсць вартыя суразмоўцы.
Аліса так здзівілася, што не магла вымавіць ні слова. Тыгровая Лілея зноў загайдалася, і толькі праз нейкі час Аліса наважылася спытаць прыцішана, амаль шэптам:
– І тут усе кветкі могуць размаўляць?
– Не горш за цябе, – адказала Тыгровая Лілея. — І нават значна гучней.
– Проста ў нас няма завядзёнкі пачынаць гутарку першымі, – сказала Ружа. – А мне дык і цікава было: ці загаворыш ты? Я адразу сабе сказала: у ейным твары бачны нейкі розум, хоць і не надта вялікі. Прынамсі, колер у цябе правільны, а гэта ўжо шмат…
ЗМЕСТ Паглядзець
Дзейныя асобы
Прадмова аўтара
Раздзел I. Залюстэркавы дом
Раздзел II. Сад з гаваркімі кветкамі
Раздзел III. Залюстэркавая жамяра
Раздзел IV. Гу-та-та і Гу-ля-ля
Раздзел V. Воўна і вада
Раздзел VI. Жаўтун-Баўтун
Раздзел VII. Леў і Аднарог
Раздзел VIII. Гэта я сам прыдумаў
Раздзел IX. Каралева Аліса
Раздзел X. Пераўтварэнне
Раздзел XI. Абуджэнне
Раздзел XII. Хто каго сніў?