Гісторыі з-пад фіялетавага парасона / малюнкі Волі Барай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. — 63 с.; іл.
ISBN 978-985-02-1442-3.
Для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту
“Таташ Яраш, мамана Аксана, дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў” — пазітыўная і пазнавальная кніга пра сям'ю, словы і сваю краіну. Шчасце — адначасна і проста, і эксклюзіўна, калі сям'я поўная любові да гульняў, прыгодаў і творчасці. Гэтая кніга для тых, хто хоча запэўніцца, што ягоная сям'я — не меней цікавая і вясёлая. Дзяўчынка Альжбэта дзеліцца з вамі сваімі сакрэтамі і парадамі і чакае вашых на адрас: dachetaalzhbeta@tut.by.“…Пра што ж апавядае кніжка з такой незвычайнай назвай? Адказ вельмі просты: пра сям’ю, у якой усе жывуць у рыфму. І сапраўды, у гісторыях з-пад фіялетавага парасона, сабраных у кнізе, багата і рыфмаў, і гульняў (у словы і са словамі), і проста вельмі карысных парадаў ад парадысткі дачэты Альжбэты. Кніжка складаецца з шэрагу вясёлых і займальных аповедаў. Прычым дзеліцца імі зусім не мамана Аксана, як можна спачатку падумаць, а менавіта дачэта Альжбэта. Кніга вучыць углядацца і ўслухоўвацца ў беларускія словы, знаходзіць у іх схаваныя, а часам і нечаканыя сэнсы і сугуччы. А яшчэ дзякуючы ёй можна навучыцца гуляць у вельмі цікавыя гульні. Напрыклад, “шукаць словы ў словах”, рыфмаваць імёны, а калі ў вас раптам надарыцца дрэнны настрой і ў галаву будуць прыходзіць толькі невясёлыя рыфмы ― дачэта Альжбэта разам з маманай Аксанай падкажуць выйсце і з гэтай сітуацыі…”(Святлана Богуш на VESELKA.BY)ЗМЕСТ Паглядзець
Начны бажнік
Горад, які можна пабіць
Настрой без рыфмы
“У балоце ля Лысай Гары”
Смажаныя вожыкі
Шкадаванне Дзюймовачкі
Ці жахлівей жуйкі за дождж?
Паганкі сапраўдныя, альбо ўпрыгожаныя
Еш не еш — усё адно смешна
Дзеялоў
Яшчэ адна начная гісторыя
Падзенне на Беларусь
Альж-бэта-карацін
Пра аўтара Паглядзець
Спрынчан Аксана (23 жніўня 1973, Лунінец, Брэсцкая вобласць) — беларуская пісьменніца і паэтка, дырэктарка паэтычнага тэатра “Арт. С.”, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
З 1990 г. да 1995 г. вучылася на філалагічным факультэце БДУ. У 1998 г. скончыла аспірантуру Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі, у 2005 — Беларускі калегіум.
З 1998 г. працавала вядучым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”. З 2006 г. — рэдактар у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
У 2000 годзе пачала пісаць вершы, першыя з якіх былі надрукаваныя ў газеце “Сафійская крыніца” ў 2001 (пад псеўданімам Ганна Сонгіна і Алеся Рабцэвіч).
Паходзіць з творчай сям’і, паэтка ў трэцім пакаленні. Яе дзед Браніслаў Спрынчан і бацька Вадзім Спрынчан — таксама паэты. Бабуля Святлана і прапрадзед Васіль пісалі вершы і прозу на ўкраінскай мове.
Друкавалася ў часопісах “ARCHE”, “Вожык”, “Дзеяслоў”, “Крыніца”, “Маладосць”, “Нёман”, “Паміж”, “Першацвет”, “Полымя”, “Тэрмапілы”, у газетах “Голас Радзімы”, “Літаратура і мастацтва”, “Наша Ніва”, “Літаратурная Беларусь”, у калектыўных зборніках і інш.
Атрымала прэмію “Блакітны свін—2006”, спецыяльны прыз журы пад кіраўніцтвам Палада Бюль Бюль Аглы міжнароднай прэміі “Садружнасць дэбютаў” “За філасофскую лірыку” (2008). Пераможца конкурсу “Літаратура — дзецям” (2009).
Фрагмент з кнігі Паглядзець
Жыццё з маімі бацькамі — поўны эксклюзіў. Мамана Аксана рыфмуе, а таташ Яраш усё спявае. Мамана Аксана таксама вельмі любіць спяваць, хоць у яе няма ні слыху, ні голасу. Адзінае, што ратуе, гэта тое, што яна спявае адно на свае словы. I таму яе можна апраўдаць тым, што песні — аўтарскія.
Як была я маленькая, мамана Аксана спявала мне ў балоце ля Лысай Гары.
Усё ж такі, якая моц у знаках прыпынку! Не ў балоце ля Лысай Гары яна, вядома, мне спявала, а ў крэсле ля ложка. Гэта калыханка ейная так пачыналася — “У балоце ля Лысай Гары”. Што далей у гэтай калыханцы, не ведаю, бо хуценька засынала, каб не слухаць жахлівыя спевы маманы Аксаны.
Наагул, мамане Аксане песня ў жыцці неаднойчы дапамагала. Хтосьці просіць, хтосьці крычыць, а мамана Аксана заспявае, і таташ Яраш ужо на ўсё згодны.
Праўда, і таташу Ярашу песня ў нашай сям'і дапамагае, асабліва калі яна на словы маманы Аксаны альбо пра яе.
Вы запытаецеся: “А як жа з голасам і слыхам у дачэты Альжбэты?”
Лепей за маману Аксану. Лепей за таташа Яраша. Толькі таташ Яраш пра гэта не ведае. Я, калі спяваю пры ім, адмыслова жахліва фальшыўлю, бо, як вы здагадаліся, ён будзе згодны на ўсё, каб толькі я не спявала.
А пры мамане Аксане я спяваю цудоўна. Яна не нахваліць мяне таташу Ярашу. А ён маўчыць і з горыччу думае, што ўся ў маману Аксану дачэта Альжбэта ўдалася, і не выйсці ніколі яму са мною на адну сцэну.
Шкада толькі, што калісьці давядзецца прызнацца, што спяваю добра, бо вельмі ж хочацца з ім на гэтую адну сцэну.
(“У балоце ля Лысай Гары”)