21 трэк / Агульны час гучання 65 хвілінаў. © Ковчег, Мінск BYA0108003.
На дыску сабраная толькі маленькая частка музычнага багацця, якое адкрыў свету фестываль “Музы Нясвіжа” за дзесяцігоддзе існавання. Гэта творы Мацея і Соф'і Радзівілаў, прадстаўнікоў таленавітага мастацкага роду; Яна Давіда Голанда, нямецкага кампазітара, які доўгі час працаваў у нясвіжскім замку; рамантычныя фантазіі Напалеона Орды, кампазітара і мастака, што з замілаваннем маляваў нясвіжскія краявіды, і яго сучасніка Станіслава Манюшкі; музыка Міхаіла Клеафаса Агінскага і Восіпа Казлоўскага, якая ўпрыгожвала старасвецкія балі і безумоўна гучала ў замку Радзівілаў; твор “беларускага Паганіні”, кампазітара і скрыпача Міхала Ельскага.
Трэк-ліст Паглядзець
1. “Полацкі сшытак”
2. Ян Давід Голанд. “Ваенны паланез”
3. Напалеон Орда. Накцюрн
4. Антон Абрамовіч. Паланез
5. Восіп Казлоўскі. Кантрданс
6. Міхал Клеафас Агінскі. Мазурка
7. Міхал Клеафас Агінскі. Паланез
8. Напалеон Орда. Вальс
9. Напалеон Орда. Калыханка
10. Мацей Радзівіл. Паланез
11. Соф'я Радзівіл. “Ідылія”
12. Станіслаў Манюшка. “Праснічка”
13. Станіслаў Манюшка. Арыя з курантамі з оперы “Страшны двор”
14. Лявон Скрабецкі. “Гані сны залатыя”
15. Міхал Клеафас Агінскі. Вальс
16. Міхал Клеафас Агінскі. Паланез
17. Міхал Клеафас Агінскі. Менуэт
18. Соф'я Радзівіл. Раманс
19. Міхал Ельскі. “Танец смерці”
20. Напалеон Орда. Вальс “Зеніт”
21. Міхал Клеафас Агінскі. “Развітанне з Радзімай”
Пра Нясвіжскі фестываль Паглядзець
Стварэнню гэтага дыска папярэднічала шматгадовая даследчыцкая праца літаратараў, гісторыкаў, музыкаў, якая абудзіла цікавасць грамадства да сваіх гістарычных каранёў. Назапашаны матэрыял патрабаваў нейкіх формаў існавання, але ў адрозненне ад архітэктуры і жывапісу музыка і слова жывуць у гучанні выканальніка, ім патрэбны пэўны жыватворны асяродак. Гэтыя настойлівыя імпульсы часу адчуў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст РБ, прафесар Міхаіл Фінберг. У складзе яго калектыву працавала нямала выдатных музыкаў, здольных распачаць адказную працу такога кшталту. Так нарадзілася ідэя нясвіжскага “рэнесансу”.
Нясвіж, з яго высакароднай духоўнай аўрай, горад, авеяны легендамі і слаўнай гісторыяй, стаў надзейным падмуркам для адраджэння старасвецкай беларускай культуры. Нясвіжскія фестывалі з першых крокаў былі аб’яднаныя музамі паэзіі, тэатру, жывапісу, архітэктуры, музыкі, якія некалі квітнелі ў нясвіжскім замку, дзякуючы слыннаму мецэнацкаму роду Радзівілаў, не абдзеленаму мастацкімі талентамі. Фестывалі сталі часам жаданых сустрэч і цэнтрам прыцягнення людзей, неабыякавых да лёсу айчыннай культуры. Канферэнцыі, якія арганічна ўпляліся ў фестывальныя праграмы, стварылі навуковы падмурак, а спектаклі, вернісажы, канцэрты вярнулі феномену Нясвіжа статус з'явы еўрапейскага кшталту не толькі ў мінулым, але і ў сучаснасці.
Фестываль стаў працаваць дзеля адраджэння Нясвіжа як еўрапейскай культурнай каштоўнасці і буйнога гісторыка-турыстычнага цэнтра.
Нясвіжскі “рэнесанс” даў моцны штуршок для арганізацыі і правядзення адпаведных фестываляў у гістарычна значных гарадах Беларусі — Заслаўі, Міры, Мсціславе, Навагрудку, Тураве. Фестывалі ладзіў маэстра М. Фінберг з удзелам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.
За дзесяць гадоў існавання ніводная з нясвіжскіх фестывальных праграм не паўтаралася. Музычныя калектывы Нацыянальнага канцэртнага аркестра з кожнай імпрэзай толькі пашыралі гістарычную рэтраспектыву: выконвалі не толькі творы еўрапейскіх кампазітараў, але і тыя музычныя скарбы, якія захаваліся ў старадаўніх манускрыптах, знойдзеных у архіўных сховішчах Еўропы. Гэтыя творы некалі ствараліся і выконваліся на нашай зямлі, у тым ліку і ў нясвіжскім замку. Акрамя таго, Нясвіж стаў месцам прэм'еры твораў сучасных беларускіх кампазітараў, якіх натхняла слынная тутэйшая гісторыя.
Праслухаць трэкі
"Станіслаў Манюшка. Праснічка" (1) і
"Міхал Клеафас Агінскі. Развітанне з Радзімай" (2) можна ніжэй: