Сіямцы : аповесць / Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак; пераклад з рускай Станіславы Умец. – Мінск : А. М. Янушкевіч, 2020. – 234 с.
ISBN 978-985-7210-33-6
Калі двое шаснаццацігадовых людзей створаны адно для аднаго, але ўпарта не разумеюць гэтага, умешваюцца ірацыянальныя сілы. Родны горад Мінск намагаецца атуліць іх любоўю, зводзіць разам, падключае ўсё новых памочнікаў…
Аднак героі з дзіўнай упартасцю не хочуць бачыць відавочнае. Дачытайце гэтую гісторыю – і вы зразумееце, што ўсе містычныя супадзенні ў вашым жыцці былі невыпадковыя. Вас кахаюць, трэба толькі навучыцца не адштурхоўваць гэтае каханне.
Пераклад з рускай Станіславы Умец паводле выдання:Жвалевский А., Пастернак Е. Сиамцы. М.: Время, 2017.Мастачка Ганна МельнікаваФРАГМЕНТ З КНІГІ Паглядзець
…Геула ачомалася каля Опернага тэатра.
"Нішто сабе я пагуляла", – падумала яна.
Гэля цьмяна памятала, як сюды трапіла. На пачатку шляху яна душылася слязьмі і, хаваючыся пад башлыком байкі, ішла не разбіраючы дарогі. Потым слёзы скончыліся, і яна проста ішла. Хутка. Наперад.
Геула сцягнула з галавы навушнікі і адключыла плэер. Выняла з кішэні мабільнік – пяць прапушчаных ад маці і сем ад цёткі Алі. Гэля зразумела, што давядзецца азвацца, і абрала цётку.
– Ты дзе? – цётка Аля была лаканічная.
– Каля Опернага.
– Чакай, я буду праз сем хвілін.
Прыехала Альбіна праз пяць.
– Па сустрэчцы перла? – здзівілася Гэля, сядаючы ў машыну.
– Хочаш дахаты? – удакладніла цётка Аля, ігнаруючы пытанне.
– Не ведаю, – шчыра адказала Геула.
– Я б запрасіла цябе да нас, але Кастусь прыйшоў з "ліхтаром", замкнуўся ў пакоі і нічога не кажа.
Альбіна вытрымала паўзу, але Гэля маўчала.
Цётка Аля ўздыхнула.
– Гэля, ну даруй ты яму ўжо! – жаласна папрасіла яна. – Гэта я Кастуся прымусіла пайсці да цябе. Гэта я кветкі абірала. Слухай, ты скажы, калі ён цябе нечым пакрыўдзіў, я яго… не, забіваць не буду, але ведай: я на тваім баку.
– Не крыўдзіў ён мяне, – змрочна адказала Гэля.
– Тады навошта ты яго па мысе?
Геула адкінулася на спінку сядзення і заплюшчыла вочы. Тлумачыць да смерці не хацелася.
– Гэта не я, – сказала яна. – Гэта Ян, мой сябар. Кастусь усё не так зразумеў. Мы проста стаялі на лесвіцы і абдымаліся. Ян мне грошы прынёс за рэкламу. А Кастусь вырашыў, што я з ім… А Ян здурнеў – і біцца.
– А што за Ян? – з удаванай абыякавасцю спыталася цётка Аля.
– Ды ў нас з ім увогуле нічога не можа быць! – усхадзілася Гэля. – Мы сто гадоў знаёмыя! Мы ў дзесяць гадоў разам у летніку былі, памятаеце, гэта ж вы мне пуцёўку падарылі. А потым шмат разоў у "Калекцыі прыгод" сустракаліся, ён мне як брат, разумееш?
Альбіна доўга маўчала, стукаючы пальцамі аб руль.
– Слухай, а можна асабістае пытанне? – наважылася яна. – Але ты маеш права не адказваць, калі я не ў сваю справу лезу.
Геула кіўнула.
– Гэля, а чаму вы з Кастусём… Ты не падумай, я не… я проста здзіўляюся… Калі б мне ў шаснаццаць гадоў прапанавалі такую пуцёўку… Я разумею, што варта было ўсё зрабіць не так, што Кастусік дурань і трэба было запытацца ў цябе. Але… Карацей, чаму вы яшчэ не гэта… не разам?
У пытанні Альбіны не было цікаўнасці або кпінаў, і Гэля вырашыла адказаць. Да таго ж яна была ўпэўненая, што цётка Аля не перадасць іхнюю размову Кастусю.
– Шчыра? – уздыхнула яна. Мне гэта папросту не прыходзіла ў галаву.
Альбіна зноў надоўга змоўкла.
– Але вы хоць цалаваліся? – спытала яна праз нейкі час.
– Ну так, – пацепнула плячыма Гэля, – але я неяк не думала… Мы ж яшчэ кшталту непаўналетнія…
– Зразумела, – сумна сказала Альбіна і рушыла з паркоўкі. – Я завязу цябе дахаты. Кастусю, мяркую, патрэбны час – астыць…
(канец фрагмента)