Нямецкія лекавыя замовы: групы, матывы, беларускія паралелі / Таццяна Валодзіна. – Мінск : Беларуская навука, 2023. – 344 с. Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-08-3025-8
У кнізе прадстаўлены агляд лекавай нямецкамоўнай замоўна-заклінальнай традыцыі ў яе асноўных тэматычных і вобразных рашэннях. Даследаванне нямецкіх вербальна-магічных практык дазваляе зазірнуць у глыбіні вякоў і пабачыць гісторыю ўзнікнення і распаўсюджання асобных замоўных сюжэтаў і матываў, вядомых і беларусам. Супастаўляльныя штудыі выяўляюць квоту заходне-еўрапейскага ў беларускіх замовах. За кароткімі замоўнымі тэкстамі перад чытачом адкрываецца багаты светапоглядны падмурак з яго шчыльным і арганічным перапляценнем архаічнай міфалагічнай і хрысціянскай плыняў, а таксама праходзіць што дзённае чалавечае жыццё ва ўсім багацці яго праяў і крызісных станаў, за якімі – жывы чалавек з яго болем, эмоцыямі, жаданнямі і недахопамі. Разлічана на фалькларыстаў, этнолагаў, этналінгвістаў, усіх, каму цікавая традыцыйная культура беларусаў у шырокім еўрапейскім кантэксце.
Der vorliegende Band bietet einen umfassenden Überblick über die Hauptthemen und Motive deutschsprachiger Heilzaubersprüche. Die Erforschung deutscher verbaler ma gischer Praktiken erlaubt es, in die Vergangenheit zu reisen und die Entstehungsgeschichte von bestimmten Sujets und Motiven zu verfolgen, die auch in der belarusischen Tradition vorkommen. Die hier vorgenommene vergleichende Analyse zeigt den Umfang des west europäischen Einflusses auf belarusische Beschwörungen auf. Hinter den kurzen Texten eröffnet sich eine Weltanschauung, in der archaische Mythologie und Christentum orga nisch miteinander verflochten sind. Zudem schimmert hier aber auch ein alltägliches Leben in all seinen Erscheinungsformen und Krisenzuständen durch, lebendige Menschen mit all ihren Schmerzen, Gefühlen, Leidenschaften und Makeln.
ЗМЕСТ Паглядзець
УСТУПНЯМЕЦКІЯ ЗАМОВЫ Ў ПЛЫНІ ЧАСУЗ гісторыі збірання і даследавання
Пытанні тэрміналогіі
Класіфікацыя нямецкіх замоў
ЛЕКАВЫЯ ЗАМОВЫУяўленні пра чарвякоў і іх вербальна-магічнае выгнанне
Цела як шматпакаёвы дом для розных чарвякоў
Фразеалагічная мадэль ‘мець чарвяка ў галаве’
Унутраныя чарвякі як дэманічныя істоты
Замовы ад чарвякоў у ране / Wurmsegen
Замовы ад укусу змяі
Стаматыт / Mundfäule: замовы і рытуальнае лекаванне
Замовы ад зубнога болю / Zahnsegen
Уяўленні пра зубнога чарвяка
Хрысціянская вобразнасць у замовах ад зубнога болю
Заклінальныя тэксты
Дзіцячыя праблемы з зубамі
Замовы ад крывацёку / Blutsegen
Іардан-сюжэт / Jordan-Segen
Адамава кроў (Adams Blut)
Кроў і вада (Blut und Wasser)
Тры калодзежы/крыніцы
Тры дзевы
Тры кветкі / Drei Blumen
Дрэва / ein Baum
Няправедны чалавек / Der ungerechte Mann
Замовы ад ранаў / Wundsegen
Раны Хрыстовы
Матыў Лонгіна / Longinussegen
Дабраславёны час
Замовы ад звіху / Verrenkungsegen
Тып Другога Мерзебургскага заклінання
Рытуал-дыялог у лекаванні звіхаў і расцяжэнняў
Замовы ад хваробаў вачэй / Augensegen
Вобраз Лонгіна
Замовы ад ліхаманкі / Fiebersegen
Наратыўныя замовы з біблійнымі персанажамі
Рытуальныя дзеянні і прыгаворы
Замовы ад Gicht
Формулы загаду і просьбы
Матыў сустрэчы з хваробаю
Падзеі хрысціянскай гісторыі ў сюжэтыцы замоў
Абмен хваробы ў раслінным і жывёльным свеце .
Вымаўленне хваробы.
Іншыя матывы .
Цыдулкі ад хваробы
Замовы ад рожы / Roze
Наратыўныя тэксты
Заклінальныя тэксты
Замовы ад запаленняў / Brandsegen
Вербальная магія пры лекаванні захворванняў скуры / Geschwulst і Gesch wür .
Замовы ад залатніка / Bärmuttersegen
Міфапаэтычныя ўяўленні пра матку (маціцу)/істэру.
Жаба як зааморфны вобраз маткі.
Замоўныя матывы
Замовы на лёгкія роды
Дзіцячыя болькі і немачы
Рахіт і сухоты
Абменкі
Начніцы
Начное нетрыманне мачы / Bett pissen
СВЕТ ДЭМАНАЎ У НЯМЕЦКІХ ЗАМОВАХЗамовы ад стрэлаў / Geschoß, Hexenschuß
Замовы ад чаравання і сурокаў / Verhexung
Замовы ад эпілепсіі / Epilepsie
СЮЖЭТНА-МАТЫЎНЫЯ ДАМІНАНТЫ НЯМЕЦКІХ ЗАМОЎСюжэтны тып сустрэчы / Begegnung у еўрапейскай замоўнай прасторы.
Сюжэт пра трох анёлаў / Dreiengelsegen
Сюжэт пра трох братоў / Dreibrüdersegen
Матыў трох дзеваў / Dreifrauensegen.
Матыў паслядоўнага выгнання хваробы.
Матыў зваротнага адліку
ВЫСНОВЫZUSAMMENFASSUNGСПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ УСТУП Паглядзець
Bein zu Bein, Blut zu Blut, Ader zu Ader
Костка да косткі, кроў да крыві, жыла да жылы.
Х стагоддзе. Манастыр на поўдні Германіі. На адвароце рукапісу з рознымі парадамі, малітвамі і пераказамі невядомы аўтар, меркавана лекар-манах, пакідае тэкст пра бога Водана. Гэты яшчэ дахрысціянскі герой мчаў кудысь на кані, а конь спатыкнуўся і звіхнуў нагу. Дапамагчы яму збіраюцца тры сястры, і бог заклінае:
…костка да косткі, кроў да крыві, сустаў да суставаў.
І 2022 год. Беларуская вёска. Нестарая яшчэ жанчына вучыць сталічных фалькларыстаў замаўляць звіх, няспешна прамаўляючы:
жылка ў жылку, костка ў костку, кроўка ў кроўку… А паміж гэтымі двума фактамі тысячагоддзе і тысячы кіламетраў, а глыбока ў часе аналагічныя радкі маюцца яшчэ ў старажытных індыйскіх заклёнах. І сотні вельмі і вельмі падобных тэкстаў як у беларускай, так і ў нямецкай традыцыях, тэкстаў, што ў беларусаў называюцца замовамі, шэптамі, малітвамі, у немцаў – der Zauberspruch, der Segen, die Beschwörung.
Гэтая яркая аналогія і стала першым штуршком да знаёмства з найбагацейшым корпусам нямецкай вербальнай магіі і наступных спробаў супаставіць, параўнаць замоўныя традыцыі двух народаў.
Замовы маюць вельмі даўнюю гісторыю, даўнасць якой можа вымярацца тысячагоддзямі, бо нават пазнейшыя пісьмова фіксаваныя варыянты выяўляюць падабенства між старанямецкімі, стараегіпецкімі, шумера-вавілонскімі, стараіндыйскімі тэкстамі. З іншага боку, менавіта замовы як частка народнай медыцыны ў беларусаў функцыянуюць і сёння і раз ад разу даказваюць сваю жыццяздольнасць. Таму выяўленне паралеляў беларускіх і нямецкамоўных тэкстаў дазваляе зазірнуць у глыбіні вякоў і пабачыць гісторыю ўзнікнення і распаўсюджання замоўных сюжэтаў і матываў.
Беларуская і заходнееўрапейскія фальклорныя традыцыі дэманструюць цікавыя адрозненні, якія склаліся пад уплывам шматлікіх сацыяльна-гістарычных фактараў, і падабенствы, што часткова ўзыходзяць да часоў індаеўрапейскай еднасці, часткова з’яўляюцца вынікам узаемапранікнення культ ур і агульных заканамернасцяў гістарычнага развіцця. Зварот да заклёнаў быў жывой практыкай сярод розных сацыяльных слаёў на шырокай еўрапейскай прасторы. Друкаваныя рэліквіі пісьмовай культуры, найбагацейшая калекцыя сярэднявечных тэкстаў, адшуканая ў архівах і манастырах у розныя часы на нямецкіх землях, суседнічаюць з масівам пазней запісаных вусных тэкстаў. Пашырэнне шэрагу замоў ішло праз пісьмовыя крыніцы, у тым ліку, што асабліва важна, рэцэптурна-малітоўныя зборы, а таксама медыцынскія трактаты, якія перасякаюцца з царкоўнай літаратурай. Агульнаеўрапейскае пашырэнне шэрагу асобных замоўных сюжэтаў па ўсёй Еўропе сталася вынікам менавіта клерыкальных уплываў.
Заходнееўрапейская традыцыя аказала пэўны ўплыў на фарміраванне корпусу беларускіх замоўна-заклінальных тэкстаў і рытуальных практык. Шэраг матываў прыйшоў да беларусаў праз заходнеславянскае пасярэдніцтва, але, трапіўшы на мясцовую глебу, дапоўніўся аўтэнтычнымі дэталямі. Магчыма, назіралася калькаванне вербальнага матэрыялу з адных, часцей лацінамоўных крыніц, у розных кутках Еўропы. З нямецкіх земляў праз Польшчу ішлі да нас лячэбнікі, зельнікі і проста падборкі магічна-медыцынскіх парадаў. Адным са спосабаў пашырэння нямецкіх тэкстаў на беларускіх землях было і скарыстанне іх мясцовымі яўрэйскімі лекарамі, у дзейнасці якіх шчыльна перапляталіся запазычаныя і мясцовыя элементы. Яўрэйскі гісторык пачатку ХХ ст. Міхал Рабіновіч паведаміў Змітраку Бядулю пра рэдкі рукапіс XVIII ст., што меў болей як 300 аркушаў
пергаментнай паперы, пісаўся ў розныя часы «па габрайску, жыдоўску й беларуску ў жыдоўскай транскрыпцыі» і ўключаў у сябе збор звестак народна-медыцынскага характару, у тым ліку замоў, «якія ўжываліся ў тыя часы чараўнікамі, знахарамі, сьвятымі й чарнакніжнікамі проціў розных заня дужаньняў, “чорнай сілы” і злыбеды штадзенннага жыцьця масаў. Асаблівае значэньне мае гэты рукапіс для Беларусі, бо быў пісаны тут у нашым краі недалёка ад Менску. І ня только замовы, якія тварыліся тут на мейсцы,і назовы траваў, карэньняў і зёлак перададзены на беларускай мове, але і нават самыя старасьвецкія так званыя “інтэрнацыянальныя” загаворы, якія друкаваліся ў розных лекарскіх кніжках шмат гадоў таму назад у Сярэдняй Нямеччыне і пазьней перавандравалі да нас – нават і тыя ў рукапісу вельмі перайначаны, яны страцілі свой нямецкі воблік і прынялі
ва ўсёй будове праз новыя словы й выразы чыста народны жыдоўска-беларускі характар і выгляд» (Бядуля 1922, 34–35)1.
Замовы – часцей кароткія тэксты, закліканыя сілаю слова процістаяць нягодам, хваробам і крыўдам, спрыяць захаванню існых структур і аднаўленню парушанага парадку як у межах цела, так і соцыуму. Тэксты і практыкі вербальнай магіі знаходзяцца ў адным комплексе не толькі з уяўленнямі пра хваробы, але і з штодзённымі клопатамі, і нават з прапагандысцкімі ўціскамі, канфесіянальнымі спрэчкамі, санкцыямі з боку розных інстытуцый, а таксама з індывідуальнымі талентамі і думкамі. Замовы паўстаюць як асобныя культурныя феномены – кропка перасячэння і зліцця практычнага з прыгожым, цялеснага з духоўным, зона кантактаў веры і эмоцый, болю і надзеі. У сферы ж навуковага дыскурсу яны асабліва прыдатны матэрыял для самых розных інтэрпрэтацый.
Зварот да замоў дазваляе пабачыць за гэтымі кароткімі тэкстамі што дзённае чалавечае жыццё ва ўсім багацці яго праяваў і, што важна, крызісных станаў, за якімі – жывы чалавек з яго болем, эмоцыямі, жаданнямі і недахопамі. Як істотны складнік канцэптуальнага і паэтычнага свету замоў – свет суседзяў чалавека, і асабліва звышнатуральных, ад святых да дэманаў, якіх усё часцей у навуковай літаратуры называюць нечалавечымі агентамі. І менавіта замова закліканая як устанавіць з імі ўзаемавыгодны кантакт, так і паўплываць на іх далейшыя паводзіны. Заклінанне становіцца часам прыдатным інструментам і магутнай зброяй пры вырашэнні шэрагу праблем і крызісаў. Безумоўна, любыя дэвіяцыі не адлучныя ад спектру эмоцый, самых розных чалавечых перажыванняў, якія раз за разам адточвалі замоўнае слова.
Паглыбленне ў свет замоў дапамагае нам у разуменні іншых аспектаў народнай культуры, гістарычных працэсаў і, што гэтаксама цікава і важна, у разуменні саміх сябе.
Мэта дадзенай кнігі – адкрыццё для беларускага чытача багатага, у многім займальнага і цікавага комплексу магічнага лекавання немцаў з дапамогаю слова. Гэта падарожжа ў свет уяўленняў, звязаных з хваробамі і вераю ў магчымасць тую хваробу вышаптаць, выгаварыць, вымаліць. Архаічная вера ў моц слова пераплятаецца з шматлікімі адсылкамі да аўтарытэту хрысціянскай гісторыі. За найпершых памочнікаў уважаюцца Ісус Хрыстос і Божая Маці, хоць і захоўваюць замовы перакананне аб магчымасці дамовіцца з хваробаю і наўпрост, шляхам просьбы да яе ці нават загаду. Чытачу будзе нязвыклым сутыкацца з зусім іншымі і часам незразумелымі ўласна хваробамі, якім цяжка знайсці адпаведнік у беларускай традыцыі. Хоць, здавалася б, целы ў нас падобныя і баліць нам гэтаксама
аднолькава.
Але пры ўсёй увазе да ўласна нямецкай карціны народнага замаўлення галоўнай задачай кнігі застаецца імкненне за чужой матыўна-вобразнай сістэмай убачыць сваё, выявіць тыя паралелі і вузлы, якія і лучаць беларускую традыцыю з еўрапейскай.
У кнізе друкуюцца ілюстрацыі з кніжных выданняў, але найперш уласныя фотаздымкі з музеяў і храмаў Германіі і Аўстрыі. Творы сакральнага мастацтва дазваляюць супастаўляць вербальную і візуальную рэпрэзентацыю адных і тых жа вобразаў і матываў, адчуваць, як стваральнікі і спажыўцы лекавальных тэкстаў натхняліся мастацкай мовай, а суперажыванне хрысціянскай гісторыі пакідала свой адбітак у замоўных сюжэтных сітуацыях.
Праца над кнігай пачалася ў час навуковай стажыроўкі ў г. Грайфсвальд у далёкім ужо 2008 г., менавіта гэты горад стаў для мяне візіткай Германіі і самым утульным і мілым замежным горадам. Мая найпершая сардэчная ўдзячнасць прафесару ўніверсітэта ў Грайфсвальдзе Хары Вальтару за шматгадовую нязменную падтрымку і дапамогу, а таксама прафесару Валерыю Макіенку – на той час дырэктару Інстытута славістыкі. Неаднаразовыя стажыроўкі і камандзіроўкі ва ўніверсітэты Германіі і Аўстрыі адкрывалі дост уп да багатай літаратуры, а кансультацыі з вядомымі спецыялістамі спрыялі развязванню асобных пытанняў. Мая падзяка прафесару ўніверсітэта ў г. Грацы Хайнрыху Пфандлю, прафесару ўніверсітэта ў Бер
ліне Фларэнціне Бадаланавай Гелер, прафесару ўніверсітэта ў Трыры Аляксандру Бірыху, прафесару ўніверсітэта ў Вене Ганне Крэчмер. Кніга б не атрымалася без падтрымкі Нямецкага фонда акадэмічных абменаў (DAAD).
Дапрацоўка манаграфіі ажыццяўлялася ў межах выканання тэмы «Беларускі фальклор у еўрапейскай прасторы: этнічныя маркеры, дыялектная шматстайнасць, сучасныя інтэрпрэтацыі», № 20210782 ад 16.04.2021 г. Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» на 2021–2025 гады.
Асобная падзяка Лізавеце Вундэрвальд за дапамогу ў перакладах з нямецкай мовы.