Анёлак і я
Purchase
Description
ISBN 978-985-6906-22-3
Апавяданне "Анёлак і я" – поўнае музыкі, філасофіі, паэзіі і таямніцы. Яно пра гламурную N – мастацкае ўвасабленне сучаснай дзелавой жанчыны, а таксама пра хлопчыка, які чакае маці, і пра мужчыну, якога пакінула каханне, і пра Беларусь, як пра сустрэчу новай зямлі з раскіданым гняздом...
Леанід Дранько-Майсюк – аўтар "Полькі беларускай", вершаў для цудоўнай A. і кнігі для спадарыні Эл – нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года ў Давыд-Гарадку; скончыў маскоўскі Літаратурны інстытут імя A. M. Горкага; працаваў у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Са жніўня 2002 года нідзе не служыць, займаецца чыстым пісьменніцтвам і для яго творчая свабода – лепшы падарунак лёсу.
Артыкул пра аўтара ў Вікіпэдыі
ЗМЕСТ
Біяграфічная даведка
Ахоўнік ручая. Уладзімір Някляеў
Анёлак і я. Апавяданне
***
Ахоўнік ручая
Аднойчы я прысутнічаў пры размове Янкі Брыля і Міхася Стральцова. Брыль даводзіў Стральцову, што ён, Стральцоў, не проста літаратар, што ён – ахоўнік літаратуры. Чысціні стылю, мовы. Сціплы Міхась Лявонавіч адказаў Брылю, што той зблытаў яго з сабой. На што Брыль заўважыў жартаўліва: "Нас немагчыма зблытаць, я вершаў не пішу. İ пісаць не збіраюся".
У адрозненне ад празаіка Янкі Брыля, які не пісаў і не збіраўся пісаць вершы, паэт Міхась Стральцоў лічыў (і пра гэта сказаў неяк), што кожнаму прыстойнаму паэту не зашкодзіла б кніга прыстойнай прозы. İ напісаў такую кнігу, адно з апавяданняў якой, "Смаленне вепрука", стала ці не найлепшым у беларускай літаратуры.
Паэт Леанід Дранько-Майсюк не толькі любіў паэта Міхася Стрельцова, якога было за што любіць, але, як маладзейшы старэйшага, яшчэ і слухаў яго. İ пачуў, што той казаў, і напісаў кнігу прозы, адно з апавяданняў якой, "Анёлак і я", стала калі не найлепшым, дык адным з найлепшых у беларускай літаратуры.
Што з гэтага вынікае?.. Тэарэтычна з гэтага вынікае тое, што кожны прыстойны паэт мог бы напісаць прыстойную кнігу прозы, і тады прыстойнай прозы ў нас было столькі ж, колькі прыстойнай паэзіі. Але на практыцы, на жаль, такога не назіраецца, бо тут патрэбны сінтэтычны талент літаратурнага майстра, якім і ёсць Леанід Дранько-Майсюк. Адзін з ахоўнікаў ручая нашай літаратуры.
Пра што ён напісаў апавяданне "Анёлак і я"?..
Пра ўсё. А калі цытаваць апавяданне, дык яно пра жанчыну, для якой "першы той, з якім яна шчаслівая". Пра "рэдкую ўдачу злавіць рукою матылька". Пра "мелодыю, падобную на жвірысты шорхат ластаўкі", пра "музыку і тое вечнае, у чым свабода глядзіць у вочы каханню". Пра "вялікае і неадольнае жаданне бесклапотнасці" і пра тое, што хоць табе ў свеце гэтым гарэць, хоць тлець, але не выйдзе, як Якуб Колас некалі напісаў, "думак клопату не мець".
А пра што клопат?.. Пра жанчыну, пра матылька, пра музыку... İ пра анёла, які і ў жанчыне, і ў матыльку, і ў музыцы – ва ўсіх і ва усім, і які гэтым разам – хлопчык. Ахоўнік ручая, што чакае, калі праплыве стронга. Рыба, за якой, можа быць, прыплыве да анёла – недзе заблуканая ў свеце – маці.
Для таго, каб яна, маці, вярнулася да анёла, аўтар апавядання запускае ў ручай хлебных, злепленых з мякіша, рыб. Хлебныя рыбы не плаваюць, і аўтар гэта ведае, але ў гэтым ручаі гэтыя рыбы плывуць – і маці вяртаецца.
Бо гэта сапраўдны ручай і сапраўдныя рыбы.
Сапраўдная літаратура.
Уладзімір Някляеў