Казкі / Укладанне У. Макарэвіч, пераклад з нямецкай У. Папковіча. — Мінск: Галіяфы, 2014. — 108 с. Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7021-21-5
Пераклад зроблены з выдання:
Wilhelm Hauff, Märchen, K. Thienemanns Verlag, Stuttgart — Wien, 1992.Кніга Вільгельма Гаўфа пабачыла свет у межах конкурсу "Ствараем кнігу разам!", які зладзіў дабрачынны фонд "Вяртанне". Дзеці і падлеткі з усёй Беларусі ілюстравалі казкі вядомага нямецкага пісьменніка ў перакладзе на беларускую мову. 279 чалавек даслалі 320 малюнкаў. У кнігу ўвайшло 18. І плён такой працы вы трымаеце цяпер у руках. Дык чытайма на роднай мове скарбы сусветнай літаратуры!
Артыкул пра аўтара ў ВікіпедыіЗМЕСТУступнае слова
Спіс пераможцаў
Карлік Нос.
КазкаМалады англічанін.
КазкаБіяграфія
ПРА АЎТАРА Паглядзець
Вільгельм Гаўф (Wilhelm Hauff) (1802—1827).
Вільгельм Гаўф, нямецкі пісьменнік-рамантык, нарадзіўся 29 лістапада 1802 году ў Штутгарце ў сям’і Аўгуста Фрэдэрыка Гаўфа, які служыў сакратаром у Міністэрстве замежных справаў, і Вільгельміны Эльзасэр Гаўф; ён быў другім з чатырох дзяцей у сям’і.
У 1809 годзе, калі будучаму пісьменніку было сем гадоў, яго бацька памёр, і маці разам з дзецьмі перасялілася ва ўніверсітэцкі горад Цюбінген да свайго бацькі. У доме дзеда прайшло юнацтва Гаўфа. Ён чытаў шмат кніг з багатай дзедавай бібліятэкі, а ў 1818 годзе пайшоў вучыцца ў манастырскую школу. Праз два гады, у 1820-м, ён паступіў ва ўніверсітэт Цюбінгена, які скончыў праз чатыры гады са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Гаўф уладкаваўся на працу рэпетытарам у сям’ю міністра абароны — генерала барона Эрнста Югена фон Хёгеля — і вучыў яго дзяцей. Разам з гэтай сям’ёй ён падарожнічаў па Францыі і Германіі — за сваё кароткае жыццё ён пабываў у Парыжы, Брусэлі, Антвэрпене, Берліне, Ляйпцыгу, Дрэздэне, Брэмене.
Менавіта для дзяцей барона фон Хёгеля былі напісаныя чароўныя казі Гаўфа, якія ўпершыню былі надрукаваныя ў “Альманаху казак студзеня 1826 году для сыноў і дачок заможных саслоўяў” (Märchen-Almanach auf das Jahr 1826 für Söhne und Töchter gebildeter Stände), куды ўвайшлі такія творы, як “Гісторыя пра Маленькага Мука” (Die Geschichte vom kleinen Muck), “Каліф-Бусел” (Die Geschichte vom Kalif Storch) і іншыя творы, што адразу сталі вельмі папулярнымі. У тым жа 1826 годзе Гаўф напісаў раман “Старонкі з мемуараў Сатаны” (Mitteilungen aus den Memoiren des Satan) і “Чалавек з месяца” (Der Mann im Mond). Першы з гэтых двух раманаў быў напісаны ў духу гофманаўскай фрагментарнай прозы, другі ўяўляў сабой пародыю на сентыментальныя навэлы Генрыха Клорэна. Клорэн у адказ на гэта абрынуўся на ўсю творчасць Гаўфа, чым вымусіў апошняга напісаць саркастычную навэлу “Спрэчная казань Г. Клорэна пра “Чалавека з месяца” (Controvers-Predigt über H. Clauren und den Mann im Mond), у якой ён выказаў свае погляды на творчасць Клорэна.
Натхнёны раманамі Вальтэра Скота, у тым жа 1826 годзе Гаўф напісаў гістарычны раман “Ліхтэнштэйн” (Lichtenstein), які стаў вельмі папулярным у Германіі, і асабліва ў Швабіі, бо апавядаў пра адзін з самых цікавых момантаў гісторыі гэтага рэгіёну. Таксама Гаўф напісаў некалькі вершаў, якія пасля зрабіліся ледзь не народнымі песнямі.
У студзені 1827 году Гаўф атрымаў пасаду рэдактара “Штутгарцкай ранішняй газеты” і ажаніўся са сваёй кузінай Луізай Гаўф, у якую быў закаханы з дзяцінства. Аднак шчасце яго было нядоўгім — 18 лістапада 1827 году ён памёр ад ліхаманкі.
Літаратурная спадчына Гаўфа складае тры альманахі казак, адзін з якіх быў выдадзены яго жонкай пасля смерці пісьменніка, некалькі раманаў і вершаў. У Байрсбране знаходзіцца “Музей казак Вільгельма Гаўфа” (Hauffs Märchenmuseum), а ля замка Ліхтэнштэйн ля Штутгарта ўсталяваны помнік пісьменніку.
Фрагмент з кнігі Паглядзець
Карлік Нос
(Der Zwerg Nase)
У адным даволі буйным горадзе Германіі шмат гадоў таму сціпла і мірна жыў-пажываў шавец са сваёй жонкай. Ён днём сядзеў на рагу вуліцы і латаў туфлі ды чаравікі, а, даводзілася, шыў і новыя, калі хтосьці давяраў яму такую справу; але тады яму трэба было спачатку купляць скуру, таму што ён быў бедны і ніякіх запасаў не меў. Яго жонка прадавала гародніну і садавіну з маленькага гародчыка перад варотамі, і людзі ахвотна куплялі ў яе, таму што яна была чыста і акуратна апранутая, да таго ж умела прыгожа раскласці і прапанаваць сваю гародніну.
У гэтых людцаў рос прыгожы хлопчык, прыемны з твару, зграбны і ўжо ладны ростам для сваіх дванаццаці гадоў. Ён звычайна сядзеў каля маці на гароднінным рынку, часам дапамагаў служанкам ці кухарам, якія купілі штось у шаўчыхі, данесці частку купленага дадому, і рэдка ён вяртаўся з такога паходу без прыгожай кветкі, нейкай дробязі альбо пірага; гаспадарам кухараў падабалася, калі тыя прыводзілі дадому гэтага прыгожага хлопчыка, і яны заўсёды шчодра абдорвалі яго.
Аднойчы шаўчыха, як звычайна, сядзела на рынку; перад ёй стаяла некалькі кашоў з капустай і іншай гароднінай, усялякімі травамі і насеннем, а ў маленькім кошыку месціліся раннія грушы, яблыкі і абрыкосы. Малы Якаб (так звалі хлопчыка) сядзеў каля яе і звонкім голасам хваліў тавары: “Сюды, панове, паглядзіце, якая цудоўная капуста, які прыемны водар у гэтых траваў; раннія грушы, раннія яблыкі і абрыкосы, купляйце, жанчынкі! Мая маці аддасць нядорага!” Так выкрыкваў хлопчык.
У гэты час праз рынак ішла старая кабета; яна мела выгляд недагледжанай абадранкі; у яе быў маленькі, востранькі, па-старэчы зморшчаны тварык, чырвоныя вочы, востры кручкаваты нос, які амаль даходзіў да падбароддзя; яна абапіралася на доўгую кульбу, і ўсё ж нельга было сказаць, як яна ідзе, бо яна кульгала, і спатыкалася, і хісталася. Здавалася, яе ногі былі на шарнірах, і яна ў любы момант магла перакуліцца і бразнуцца вострым носам аб брук.
Шаўчыха ўважліва прыгледзелася да гэтай жанчыны. Ужо добрых шаснаццаць гадоў яна штодня сядзела на рынку і ніколі раней не бачыла гэтую дзіўную асобу. Яна міжволі спужалася, калі старая закульгала да яе і спынілася каля яе кашоў.
— Вы гандлярка гароднінай Ганна? — спытала старая непрыемным каркаючым голасам, бесперапынна матляючы галавой туды-сюды.
— Так, гэта я, — адказала шаўчыха. — Жадаеце нешта?
— Паглядзім-паглядзім! На травы зірнем, на травы зірнем, ці ёсць у цябе тое, што мне трэба, — адказала старая, нахілілася да кошыкаў і запусціла агідныя рудыя рукі ў кошык з травамі, схапіла некалькі травак, якія так прыгожа і фацэтна былі ўкладзеныя, сваімі павучынымі пальцамі, потым адну за адной пачала падносіць іх да доўгага носу і абнюхваць з усіх бакоў. У шаўчыхі як не зайшлося сэрца, калі яна ўбачыла, як абыходзіцца старая з яе рэдкімі травамі; але яна не адважвалася сказаць што-небудзь, бо пакупнік меў права праверыць тавар, а акрамя таго, яна адчула незвычайны жах перад жанчынай. Тая ж, абследаваўшы ўвесь кошык, прабурчэла: “Дрэнь, дрэнная трава, нічога з таго, што я хачу, пяцьдзесят гадоў таму было куды лепш. Дрэнь, дрэнь!”
Такія словы раззлавалі малога Якаба.
— Паслухай, ты, старая бессаромніца, — крыкнуў ён незадаволена, — спачатку ты запускаеш свае паскудныя рудыя пальцы ў цудоўныя травы, камячыш іх, потым падносіш да свайго доўгага носу. Іх жа ніхто, хто гэта бачыў, не захоча купляць, а цяпер ты яшчэ называеш наш тавар дрэнню, а ў нас жа ўсё купляе нават кухар герцага!
Старая скоса зірнула на мужнага хлопчыка, агідна засмяялася і хрыпатым голасам сказала:
— Сынок, сынок! Табе не падабаецца мой нос, мой цудоўны доўгі нос? Будзе і ў цябе такі, пасярэдзіне твару будзе звісаць аж да падбароддзя.
Тут яна падкаўзнулася да другога кошыка, у якім была ўкладзеная капуста. Яна брала ў рукі найпрыгажэйшыя белыя качаны, сціскала іх так, што яны аж рыпелі, шпурляла іх нядбайна ў кошык, а потым прамовіла: “Дрэнны тавар, дрэнная капуста!”
— Не матляй так агідна туды-сюды галавой! — са страхам закрычаў малы. — Твая шыя тонкая, як капусная храпка, якая лёгка ламаецца, так і твая галава можа лёгка ўпасці ў кош — хто тады захоча тут купляць?
— Табе не падабаюцца тонкія шыі? — прамармытала старая, усміхаючыся. — Няхай жа ў цябе ніякай не будзе, няхай галава расце з плячэй, каб не ўпасці з маленькага тулава!
— Не балбачыце абы-што малому, — нарэшце сказала шаўчыха, незадаволеная працяглымі мацаннем, аглядам і абнюхваннем. — Калі вы штосьці хочаце купіць, то рабіце гэта хутчэй, вы ж распужаеце мне ўсіх пакупнікоў.
— Добра, няхай будзе, як ты кажаш, — усклікнула старая, злосна зірнуўшы. — Я куплю ў цябе гэтыя шэсць качаноў; але ў мяне кій, я не магу нічога несці. Дазволь свайму сынку данесці мае тавары дадому, я аддзячу.
Хлопчык не хацеў ісці з ёй і плакаў, бо агідная жанчына выклікала ў яго жах, але маці строга загадала яму, бо яна лічыла за грэх узваліць на слабую жанчыну ўвесь гэты цяжар; амаль у слязах ён выканаў, што было загадана, сабраў качаны і пайшоў за старой жанчынай праз рынак…