Проза
З вамі ізноў Дзюнэ! Самая шчаслівая дзяўчынка ў свеце. Сёння яе апошні дзень у першым класе. Усе дзеці падрыхтаваліся да свята заканчэння школы. Але раптам нехта грукае ў дзверы класа і кліча Дзюнэ ў калідор. Здарыўся няшчасны выпадак. Дзюнэ нерухомее...
Дасціпныя апавяданні новай кніжкі Уладзіміра Ягоўдзіка расказваюць пра свойскіх жывёл, якія існуюць побач з людзьмі. Усе яны цікавыя, маюць свой адметны нораў, а галоўнае — чакаюць нашай спагады і дабрыні.
Муніцыпальныя службы намагаюцца зруйнаваць твой дом, каб пабудаваць на яго месцы новы аўтамабільны праезд, а галактычныя камунальнікі, пракладаючы міжзоркавую трасу, у сваю чаргу, мерацца ўчыніць тое самае з тваёй планетай. Самая пара ўцякаць з роднай Зямелькі. Увазе чытача прапануецца сусветнавядомы раман брытанскага пісьменніка і сцэнарыста Дугласа Адамса. “Аўтаспынам па Галактыцы” — адна з вяршыняў жанру іранічнай фантастыкі.
Пажыўшы ў Гародні, Варшаве і Вільні ды размаўляючы на мовах гэтых краін, нямецкі гісторык і падарожнік Фелікс Акерман прапаноўвае ўнікальную перспектыву нашага кутка Еўропы. І паўсюль ён бачыць стракатае шматмоўнае асяроддзе, якое трошкі адрозніваецца ад літоўскіх, беларускіх і польскіх мараў.
зьніжка
Бесклапотны шукальнік прыгод Багуслаў Радзівіл становіцца генералам войска Рэчы Паспалітай, а яго стрыечны брат Януш узначальвае ўзброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага. Непераможны да гэтых пор украінскі гетман Багдан Хмяльніцкі церпіць балючыя паражэнні ў гучных бітвах з удзелам Радзівілаў.
Другая кніга рамана “Беларускі палкоўнік” – гэта працяг гісторыі магілёўскага шляхціца Канстанціна Паклонскага. Дзеяньне адбываецца ў час “крывавага патопу” 17 стагодзьдзя. На старонках кнігі ажываюць вядомыя гістарычныя постаці, а падзеі разгортваюцца ў Магілёве, Крычаве, Горадні і Новым Быхаве. Каханьне і здрады, вера ў Бога і інтрыгі, вайна і прага міру, расчараванасьць і надзея – усё гэта вымагае няпростых рашэньняў, якія давядзецца прымаць галоўнаму герою…
У кнігу ўвайшлі выбраныя творы розных гадоў. Упершыню пад адной вокладкай сабраныя лепшыя ўзоры паэзіі, перакладаў, малой прозы, а таксама фрагменты з вялікай кнігі сямейнай гісторыі "Сцебуракаў лёс", дзе аўтар паўстае не толькі як апавядальнік, але і як інтэрпрэтатар і даследчык. Прадстаўлены ў кнізе корпус тэкстаў дазваляе чытачу адчуць тэматычную разнастайнасць і ў поўнай меры пазнаёміцца са светапогляднай канцэпцыяй аўтара.
Зборнік прозы Дзмітрыя Падбярэзскага “Брыдкія аповяды” складаецца з апавяданняў і аповесці, напісаных у розныя гады. Большасць з іх друкавалася ў перыёдыцы, аднак кніга змяшчае творы, што прапаноўваюцца чытачу ўпершыню. Стылістыка кнігі рэзка вагаецца ад трэш-фэнтэзі да жорсткага рэалізму, што і прадыктавала назву кнігі.
У кнізе «Буржуазія задаволена не да канца» сабраныя апавяданні і скетчы аўтара, якія моцна розняцца паводле метаду: адны з іх рэалістычныя, іншыя фантастычныя, трэція містычныя, але ўсе яны маюць справу з няўлоўнай сутнасцю шчасця, кахання, смерці і болю.
Кніга прысвечана памяці Міколы Купрэева (1937–2004), таленавітага беларускага пісьменніка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Праз успаміны і згадкі родных, сяброў, землякоў творцы паўстае каларытная асоба паэта-думанніка, паэта-вандроўніка з «жураўліным сэрцам», крэўна паяднанага з роднай яму палескай зямлёй.
У свеце Вугеры спяваюць чароўныя камяні ў прошчах і плятуцца спракаветныя чары. Тут замкі і рыцары, прыўкрасныя князёўны ды старадаўнія легенды, падобныя да сненняў. Але што здарыцца, калі сны стануць кашмарамі, спеў ахоўных камянёў перарвецца, а з цёмных куткоў да чалавечых сялібаў папаўзуць пачвары?.. Донай, прыёмны сын аднаго з уладароў княства, нават падумаць не мог, што апынецца на раздарожжы паміж светам людзей і не-людзей. Ці знойдзе ён у сабе моцы стаць тым, кім хочуць яго бачыць, хто патрэбны людзям? І ці зможа ён нарэшце парушыць заклён і стаць самім сабой?
У прасторы кнігі «Вербніца» сышліся ў сугучча яркія, эмацыйна вострыя вершы аўтаркі, створаныя яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя, і глыбокія, роздумныя творы нядаўняга часу. Паэзія, проза, эсэістыка на-поўна выяўляюць эстэтыку і духоўныя каштоўнасці пакалення, якому выпала жыць і ствараць на сумежжы эпох.
У кнігу выбраных твораў паэта, перакладчыка, журналіста Кастуся Севярынца (1952–2021) увайшлі найбольш значныя тэксты, напісаныя ім у розных жанрах і на розных мовах. Прафесійны рэпарцёр, які знаходзіўся ў віры беларускіх падзей канца ХХ стагоддзя, чуйны паэт, які адгукаўся на эмацыйныя выклікі свайго часу, Кастусь Севярынец стварыў пярэстую і каляровую карціну беларускага сусвету эпохі позняга СССР і ранняй Беларусі, занатаваў спадзевы, расчараванні, назіранні і рэфлексію свайго часу.
"Выбранае" Хведара Ільяшэвіча (1910–1948) — спроба сабраць у адным томе найлепшыя ўзоры паэтычнай, празаічнай, публіцыстычнай творчасці пісьменніка. Вершы, апавяданні, фельетоны, літаратурна-крытычныя нарысы заходнебеларускага творцы, які загінуў у маладым веку, дапоўненыя ўспамінамі пра яго, а таксама ўнікальным эпісталярыем другой паловы 1940-х гг. Уключаныя ў зборнік тэксты маюць паспрыяць вяртанню спадчыны Хведара Ільяшэвіча ў айчынную культурную прастору.
Аляксандр Чакс – латышскі паэт і празаік. Друкаваўся з 1925 г. Прызнаны урбаніст, пясняр прадмесцяў, дзе жыў звычайны працоўны люд; майстар вольнага верша. Найбольш плённы перыяд яго творчасці – 30-я гады ХХ стагоддзя, эпоха першай латвійскай незалежнасці. Вершы і паэмы Чакса публікуюцца ў перакладзе выбітнага беларускага творцы Васіля Сёмухі.
Маральны трылер з крымінальнай загадкай, дэтэктыў без традыцыйнага следства. Галоўная гераіня – інжынер на пенсіі, настаўніца ангельскай мовы, экзальтаваная абаронца жывёльнага свету, аматарка паэзіі Уільяма Блэйка, карт Таро і астралогіі – ад самага пачатку ўпэўненая, што ведае, чаму ў акрузе адбываюцца забойствы мужчын, якія захапляюцца паляваннем. Але ёй ніхто не верыць - ні суседзі, ні паліцыя, ні будучыя ахвяры...
Гэтую калядную анталогію склалі апавяданні Марыі Багдановіч, маці Максіма Багдановіча, замежных класікаў – Мікалая Ляскова, О. Генры, Джэрома К. Джэрома, нобелеўскай лаўрэаткі Пэрл С. Бак, а таксама сучасных беларускіх аўтараў.
«Гляну я ў аконца...» – другі раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніцаў зладзейскае асяроддзе Менска пачатку ХХ стагоддзя.
зьніжка
Гісторыя пра дыназаўра Джа, які збіраў дзівосныя рэчы: пёркі, ракавінкі, камяні. Яго родны востраў захапілі жорсткія монстры, якія занялі найлепшыя для жыцця мясціны і забаранілі памятаць пра мінулае. Аднак жа Джа паміж спакоем і змаганнем выбраў барацьбу, і ўрэшце захопнікам давялося хавацца па слізкіх норах.
Поўня ўзышла на чорнае неба, яе халодныя прамяні асвячалі пакой, падаючы праз акно. Голасна брахаў суседскі сабака. Я доўга не мог заснуць, таму пэўны час проста ляжаў пад коўдрай і паглядаў у акно. Узгадаў, як мая бабуля вучыла мяне малога, што перад сном у акно глядзець нельга, бо нячыстая можа налякаць. Зразумела, што я, малы хлапчук цікаўны да ўсяго, не мог яе паслухаць. Акно было для мяне нібы дзвярыма ў іншы свет, я падоўгу ўглядаўся ў неба, на якім танчылі халодныя зоры, нават намагаўся іх лічыць. Тады ж бабуля пачынала пужаць мяне «бабамі цыцохамі» і распавядаць мне чарговую байку.












