Проза
Гісторыя Першай сусветнай вайны расказваецца з пункту гледжання простага салдата: дзевятнаццацігадовы Паўль Боймер прыходзіць на фронт наіўным дабравольцам, які толькі што скончыў школу. Але ягоны пачатковы энтузіязм і захапленне вайной як цікавай прыгодай знікаюць пасля сутыкнення з брутальнасцю бойні і бессэнсоўнасцю смерцяў ягоных таварышаў. Эрых Марыя Рэмарк раптоўна стаў вядомым у 1929 годзе дзякуючы сваёй праўдзе аб вайне.
Кніга ўяўляе сабой зборнік успамінаў і разважанняў аўтара аб падарожжах, у час якіх ён неаднаразова наведваў краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — Славакію, Венгрыю, Славенію, Харватыю, Албанію, Украіну, Румынію, Малдову і Прыднястроўе.
Раман “Нататкі ў плыні часу” мае аўтабіяграфічную аснову. У цэнтры аповеду настаўнік вячэрняй школы і яго штодзённая педагагічная праца, поўная кур’ёзных сітуацый і парадоксаў. Канфлікт паміж дабром і злом трансфармуецца ў канфлікт паміж асобай і сістэмай (школьнай і грамадскай), у якой асоба вымушана існаваць. Станіслаў Ракус выкарыстоўвае новыя для славацкай літаратуры кампазіцыйныя і сюжэтныя прыёмы, што робіць яго творчасць наватарскай.
У сваёй кнізе аўтар згадвае, як жылі і пра што марылі маладыя людзі 40, 50 і 60 гадоў таму.
Гэтая прыгожая кніга Стыяна Холе «Неба Ганны» поўная смутку, любові ды пяшчоты. У дзяўчынкі Ганны памерла маці, і яна разам з татам спрабуе ўявіць сабе неба, куды трапіла мама, і што яна там робіць. Старыя ўспаміны і новыя думкі змешваюцца, і ўрэшце становіцца не так самотна і сумна. Наша фантазія не мае межаў і дапамагае нам перажываць самыя складаныя моманты ў жыцці і спраўляцца з самымі вялікімі нашымі страхамі.
"Неба мнагавокае" – першая асобная кніга Наталлі Віншеўскай (1907–1989), паэткі з драматычным лёсам, актыўнай удзельніцы літаратурнага згуртавання "Маладняк". Яе творы вызначаюцца тонкім лірызмам, настраёвасцю, кампазіцыйнай зграбнасцю, яркімі эпітэтамі. У кнігу ўключаны ўсе вядомыя на сёння вершы Наталлі Вішнеўскай, апавяданне "Завея", а таксама лісты 1961–1989 гг., большасць з якіх адрасавана вядомаму паэту, празаіку і перакладчыку Сяргею Грахоўскаму.
зьніжка
Раман напісаны з тонкім разуменнем дзіцячай душы. Дасціпна і захапляльна аўтар распавядае гісторыю дзвюх дзяўчынак, якім давялося развязваць праблему, надзвычай складаную нават для дарослых. Толькі на нямецкай мове раман вытрымаў больш за 160 выданняў і неаднаразова экранізаваўся.
«Ніхто дабром не дасць збаўлення» – трэцяя кніга з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Мы працягваем сачыць за лёсамі ўжо знаёмых нам герояў менскіх зладзеяў Аліка Барана, Яся Нацэвіча і Філіпа Лысага.
Раманы "Пра бацькоў і дзяцей" і "Нормы камічных паводзін" звязваюць міжсобку постаці дзвюх асобаў апавядальніка (у якім мы пазнаем многія рысы самога аўтара) і ягонага бацькі. У першай са згаданых аповесцяў чытач выпраўляецца на прагулку з галоўнымі героямі, у размовах якіх чаргуюцца ўспаміны, дзіцячыя траўмы ці каментары актуальных ды гістарычных падзей, і з усяго гэтага паўстае цэльны вобраз не толькі жыцця апавядальніка, але і ўсёй эпохі. Цэнтральнае месца ў другой аповесці (яе дзеянне адбываецца на некалькі гадоў пазней), займае бацькава хвароба і смерць, якую сын па-свойму спрабуе адрэфлексаваць, выправіўшыся ў дэльту Дуная на пошукі сябе самога.
Пад адной вокладкай сабраныя два раманы славутага аўстрыйскага пісьменніка-экспрэсіяніста Густава Майрынка. Дзеянне першага, гістарычна-фантастычнага рамана “Ноч Вальпургіі”, адбываецца ў Празе. Тут ёсць і містыка, і перасяленне душ, і мерцвякі, што нібыта кіруюць жывымі... Не менш фантастычны “Белы дамініканец” прысвечаны блуканням чалавечага “Я”.
Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, – спакой. Але дома яе чакае неспадзяванка – старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць. Жанр гэтай кнігі – балотная казка.
Кніга “Пад крыжам” улучае аповесць пра вялікага беларускага мастака-пейзажыста Фердынанда Рушчыца “Зямля Фердынанда”, навелы пра выдатных сучасных пейзажыстаў Марыю ды Міколу Ісаёнкаў, Антона Вырву і развітальнае апавяданне са зніклай у чарнобыльскай бядзе вёскай Лімень на Магілёўшчыне, якая па-ранейшаму жыве ў памяці і сэрцы пісьменніка.
Кніга цудаў і хаджэнняў, раман «Падарожжы Беньяміна III» пра выбітнага ваяжора і яго адданага збраяносца, аўтарства Мэндэлэ Мойхер-Сфорыма з Капыля, усмешлівага пачынальніка сур'ёзнай яўрэйскай літаратуры, заснавальніка легендарнай Дармаедаўкі, стольнага мястэчка Ідышлэнду.
«Падслуханая казка» Андрэя Федарэнкі развівае творчае мысленне, выхоўвае любоў да прыроды і пачуццё патрыятызму.
«Пакахай мяне, салдацік» — пранізлівая аповесць пра каханне, якое — франтавік Быкаў ведаў гэта як ніхто іншы — не прызнае перапынкаў на вайну.
Самая папулярная аповесць Маўра “Палескія рабінзоны” напісана ў найлепшых традыцыях раманаў Жуля Верна або Даніэля Дэфо. Героі твора Мірон і Віктар зачытваюцца кнігамі пра прыгоды і падарожжы, захапляюцца батанікай і заалогіяй, мараць пра далёкія вандроўкі і экзатычныя краіны.
"Паляванне на Любаву" Галіны Багданавай — інтымная хроніка часоў міжвер’я, дзеянне якой адбываецца ў розныя перыяды беларускай гісторыі, калі кожны змушаны быў вызначаць для сябе і веру, і свае паводзіны, але галоўным заставаўся галоўны Божы дар — Любоў і Каханне. Гэта сцвярджае сваім пазачасавым існаваннем галоўная гераіня Любава і ўсе, хто сустракаецца на яе шляху. Фантастыка, паэтычны рэалізм, фантасмагорыя, сатыра, лірыка — усё сплятаецца на старонках гэтага твора, працяг якога піша самое жыццё.
Яраслаў Івашкевіч (1984—1980) — адзін з найбуйнейшых польскіх літаратараў ХХ ст., аўтар больш як дзесятка паэтычных зборнікаў, шматлікіх апавяданняў, шэрагу аповесцяў і раманаў, а таксама драматургічных твораў. Кніга прапануе некалькі найбольш вядомых аповесцяў і апавяданняў пісьменніка, з якімі, несумненна, будзе цікава пазнаёміцца шырокаму колу чытачоў.
Чаму на старонках няма нумароў? Дзеля чаго след застаецца пустым? Ці расказвае кніга толькі пра чалавека, прапануючы рухацца скрозь гульню ў словы? Як перакрыжоўваюцца формы ценяў на дрэвах, камянях і паперы з пошукам працягу ў апошняй кропцы? Куды знікае чалавек і навошта яго знаходзіць? Ці з’яўляецца адказ адзіным водгукам на пытанне? Адкуль пачынаецца кніга?
Марэк Гласка (1934–1969) — бунтар, легенда, аўтар, забаронены ў Польшчы на дзесяцігоддзі, — упершыню выходзіць у беларускіх перакладах. Зборнік знаёміць з выбранымі апавяданнямі Гласкі, дэбютнымі і крыху пазнейшымі: жорсткімі, кранальнымі, поўнымі трывогі і пяшчотнымі адначасова. Яны сталі голасам пакалення 1950-х — моладзі, расчараванай пасляваенным светам і душнай рэчаіснасцю Польскай Народнай Рэспублікі. Героі Гласкі кахаюць, працуюць, змагаюцца за сэнс у бязлітасных абставінах, губляюць надзею, п’юць і мрояць. І не чакаюць шкадавання. Гэта літаратура, напісаная з агнём і на нервах, перакладзеная на дзясяткі моў свету і экранізаваная вялікімі рэжысёрамі. Проза Марка Гласкі дагэтуль чытаецца як выклік.













