Дзеткам

Кнігі

Калядны падарунак

Коміксы

Часопісы і альманахі

Казкі

Аўдыёкнігі

Выдавецтвы

Календары

Музыка

Рознае

Аўтары

Выдавец Колас Зміцер

Бачыньскі Кшыштаф Каміль
Кшыштаф Каміль Бачыньскі (1921–1944) – самы значны польскі паэт з «пакалення калумбаў», што сталеў у часы Другой сусветнай вайны і загінуў на чацвёрты дзень Варшаўскага паўстання. Шукаў новыя паэтычныя формы для апісання досведу жыцця пад акупацыяй, і яго апакаліптычныя вершы адлюстроўваюць лёс асобы, якой давялося сутыкнуцца з вялікай гісторыяй.
Катул Гай Валерый
Гай Валерый Катул (каля 84 да н. э. – каля 54 да н. э.) – рымскі паэт часоў позняй рэспублікі, найважнейшы з неатэрыкаў. Вершы Катула – далікатныя прызнанні ў каханні, кпіны з сяброў, надзвычай вынаходлівая лаянка н ворагаў – высока цаніліся ў антычнасці. Усе пераклады ў зборніку друкуюцца ўпершыню.
Вянцлава Томас
Томас Вянцлава (нар. у 1937) – на сёння самы вядомы ў свеце паэт з ліку тых, што пішуць па-літоўску. У 1960–1970‑х гг. быў актыўным удзельнікам дысідэнцкага руху ў савецкай імперыі, уваходзіў у літоўскую Хельсінкскую групу, за што быў арыштаваны і ў 1977 г. высланы з СССР. Цяпер зноў жыве на радзіме. Быў добра знаёмы з паэтамі-нобелеўскімі лаўрэатамі Чэславам Мілашам, Шэймусам Хіні, Іосіфам Бродскім.
Паўлікоўска-Яснажэўска Марыя
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска (1891–1945) – польская паэтка, звязаная з колам скамандрытаў, яскравая прадстаўніца міжваеннага дзесяцігоддзя. У яе вершах, іранічных, пачуццёвых і афарыстычных, увасоблены дух часу – вера ў прагрэс, цікавасць да навукі і табуяванай на той час тэмы жаночай цялеснасці, з якой паэтка абыходзілася скандальным, на думку тагачасных крытыкаў, чынам. У пазнейшай творчасці звярталася да асэнсавання Другой сусветнай вайны.
Сасюра Валадымір
Валадымір Сасюра (1898-1965) — выдатны ўкраінскі паэт і перакладчык, аўтар больш як 40 паэтычных зборнікаў. Быў шчырым сябрам Беларусі, якую называў сінявокай сястрой Украіны. Сябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі, асабліва былымі маладнякоўцамі Уладзімірам Дубоўкам і Андрэем Александровічам.
Марцыял Марк Валерый
Марк Валерый Марцыял (каля 40 - паміж 102 і 104) – адзін з найбольш значных паэтаў срэбнага веку старажытнарымскай літаратуры, незраўнаны майстар эпіграмы і, магчыма, найлягчэйшы для сучаснага чытача антычны класік.
Чакс Аляксандр
Аляксандр Чакс – латышскі паэт і празаік. Друкаваўся з 1925 г. Прызнаны урбаніст, пясняр прадмесцяў, дзе жыў звычайны працоўны люд; майстар вольнага верша. Найбольш плённы перыяд яго творчасці – 30-я гады ХХ стагоддзя, эпоха першай латвійскай незалежнасці. Вершы і паэмы Чакса публікуюцца ў перакладзе выбітнага беларускага творцы Васіля Сёмухі.
Стральцоў Міхась
Міхась Стральцоў (1937–1987) – аўтар знакамітых «Сена на асфальце» і «Смалення вепрука», раптам перастаў пісаць прозу, але зрабіўся адным з найлепшых беларускіх паэтаў. Парадаксальнасць і спавядальнасць, «дзіцячая» шчырасць захаплення і «дарослая» трагічная іронія, пільная ўвага да жыцця і глыбокая абазнанасць у культуры - усё згаданае пазначае «пячаткай майстра» вершы, сабраныя ў гэтай кнізе.
Шленгель Уладыслаў
Уладыслаў Шленгель (1912 або 1914–1943) – польскі паэт, публіцыст, сатырык габрэйскага паходжання. Да пачатку Другой сусветнай вайны быў вядомы як аўтар шэрагу папулярных песень, якія пісаў для варшаўскіх тэатраў-кабарэ дзе і сам выступаў як эстрадны артыст. Яго вершы перыяду Халакосту сталі каштоўнай хронікай жыцця габрэяў варшаўскага гета падчас паўстання, у якім паэт быў забіты.
Косавел Срэчка
Срэчка Косавел (1904–1926) – славенскі паэт-авангардыст, які гарнуўся да дадаізму, але асабліва – да канструктывізму, адкуль і пайшла назва шэрагу яго вершаў-кансаў. Лічыцца адным з найбольш значных мадэрнісцкіх паэтаў не толькі Славеніі, але ўсёй Цэнтральнай Еўропы.
Паўлычка Дзмітро
Дзмітро Паўлычка (1929–2023) – украінскі паэт, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, адзін з заснавальнікаў Народнага Руху Украіны, першы кіраўнік Таварыства ўкраінскай мовы, лаўрэат Шаўчэнкаўскай і шматлікіх міжнародных прэмій, Герой Украіны. Перакладчык беларускай паэзіі (твораў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна ды іншых).
Ейтс Ўільям Батлер
Ўільям Батлер Ейтс (1865-1939) – ірландскі паэт, драматург і візіянер, адзін з найбольш вядомых англамоўных творцаў ХХ стагоддзя, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1923 г. Яго вершы злучаюць неарамантычныя традыцыі са складанай мовай мадэрнісцкай паэзіі, матывы кельцкай міфалогіі з фактамі ўласнай біяграфіі і гісторыі Ірландыі.
Вала Катры
Катры Вала (псеўданім Карын Алісы Хейкель, 1901–1944) – адна з самых вядомых паэтак у гісторыі фінскай літаратуры. Уваходзіла ў літаратурныя групоўкі «Носьбіты агню» і «Клін». Аўтарка некалькіх невялікіх зборнікаў вершаў, якія сталі знакавымі для нацыянальнай літаратуры. З мовы арыгінала яе творы пераклаў Якуб Лапатка, вядомы таксама як перакладчык неўміручай «Калевалы».
Саба Умбэрта
Умбэрта Саба (1883 – 1957) – італьянскі паэт, які ўмеў знайсці ў будзённай празаічнасці звычайнага гарадскога жыцця крыніцу лірычнага натхнення і першасную мой. якая адкрываецца толькі ў сапраўдным творчым пошуку.
Містраль Габрыэла
Габрыэла Містраль – псеўданім чылійскай паэткі Люсілы Гадой Алькаяга (Lucila de María Godoy Alcayaga, 1889–1957), лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Беларускія пераклады яе найлепшых вершаў выкананыя класікам нашай паэзіі Рыгорам Барадуліным у цесным супрацоўніцтве з Карласам Шэрманам.
Бядуля Змітрок
Змітрок Бядуля (сапраўднае Шмул Плаўнік, 1886–1941) – класік беларускай літаратуры, габрэй з паходжання. Аўтар адметных паэтычных твораў, у тым ліку лірычных імпрэсій і абразкоў.
Леапардзі Джакама
Джакама Леапардзі (1798 – 1837) – адна з самых значных постацяў шматвяковай італьянскай паэзіі. Лірычны герой яго рамантычнай, з элементамі эстэтыкі, лірыкі – асоба, якая пастаянна знаходзіцца ў разладзе з сабою і імкнецца да ўцёкаў ад самае сябе.
Бабур Захірыддзін Мухамад
Захірыддзін Мухамад Бабур (1483–1530) - вялікі дзяржаўны дзеяч, вайскавод, заснавальнік імперыі Бабурыдаў - быў адным з самых значных паэтаў, якія пісалі на стараўзбецкай (цюркскай-чагатайскай) мове. Яго ўнікальны « Дыван» - зборнік рукапісаў вершаваных твораў розных жанраў (газэлі, рубаі, туюгі, мэснэві, фарды).