Казачная аповесць. / Мастак Аляксандра Іванова. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. — 166 с.: іл. Цвёрдая вокладка
ISBN 978-985-02-1389-1
На сакавітым лужку непадалёк ад вялікага горада працуе авечка Адэля. Кім? Вядома ж, авечкай! У яе абавязках — гадаваць шаўкавістую воўначку на прыгожыя швэдры, сукенкі і цёплыя валёнкі. Адэля надзвычай любіць сваю працу, але нястомна шукае сваё найвышэйшае прызначэнне. 3 гэтай нагоды бясконца трапляе ў надзвычайныя сітуацыі. Адэля вельмі абаяльная, але няўрымслівая і ўпартая асоба, упэўненая ў сваёй выключнасці. Авечачка змагаецца з “нервовай цёткай”, ідзе ў самаволку, піша лісты ў “Грынпіс”, трапляе ў міліцыю... На долю яе сяброў — рахманых козачак Малімонкі і Даліктусі, уражлівага Баранчыка — таксама прыпадае шмат здарэнняў. Адэля мае вельмі добрыя арганізатарскія здольнасці, таму яна заўсёды знаходзіць таго, хто ажыццявіць яе ідэі і вырашыць праблемы. Дзякуючы гэтаму я, аўтарка кнігі, Наталля Бучынская, неаднойчы трапляла разам з Адэляй у недарэчнае становішча. А ўсё таму, што мая гераіня прагне славы.
ЗМЕСТ Паглядзець
Адэля рвецца да славы
Я даю згоду
Адэля — супрацоўніца “Каляроўкі”
Пошук вышэйшага прызначэння
Вакансія для авечкі
Аўтатрэнінг разам з Адэляй
Адэліны метады барацьбы за чысціню
Адэля-модніца
“Гламур на кожны дзень”
Пагоня
Нервовая цётка супраць “шалёнай” авечкі
Стрэс чуллівай натуры
Чым лекаваць авечы стрэс?
Змушаны шопінг
Я гасцюю ў Адэлі
Цудоўнае выратаванне ад незвычайнай хваробы
Псіхалогія сяброўства
Ранні візіт маёй “зоркі”
Адэля збіраецца ў экспедыцыю
Адэля і Грынпіс
“Вас здымае схаваная фотакамера”
Адэля ідзе ў “самаволку”
Візіт Малімонкі і Даліктусі
Псіхалогія “зоркі”
Пра ліст і “ўціск гламуру”
Няўдалыя скокі
Страшны вораг пагражае Адэлі
Лёс “маіх” валёнкаў
Баранчыкавы заляцанні
Гісторыя са шчаслівым канцом
Выкрыццё Баранчыка
Мы трымаемся ў аблозе
Расправа над “хвастом” і выратаванне паланянак
Гламурныя разборкі
Шпіёнскія жарсці
Штраф за ружы
Адэля выяўляе арганізатарскія здольнасці
Небяспечнасць рагоў і капытоў
Рэпартаж з вяршыні славы
Адэліны падарожныя нататкі
Свята на ферме “Каляроўка”
Баранчыкаў сакрэт
Дзень Вялікай Пакуты
Смачны хабар
Пачатак тэатральнага сезона
Адкрыццё новых даляглядаў
Развітанне з Адэляй
Візітоўка Наталлі Бучынскай
Візітоўка Аляксандры Івановай
ФРАГМЕНТ З КНІГІ Паглядзець
Змушаны шопінг
Назаўтра пайшоў дождж, і я з сумам падумала, што мушу наведаць краму. Трэба ж набыць новы парасон і люстэрка. Я цэлы дзень апісвала нашы з Адэляй прыгоды, а пад вечар, калі дождж больш-менш аціх, выбралася на шпацыр.
Перш зазірнула ў краму. Доўга выбірала парасон, круціла яго ў руках, меркавала, а ці будзе ён пасаваць да маёй вопраткі, потым купіла люстэрка — зноў са стразамі. “Хм, — падумала я кпліва, — відаць, гламурнасць трывае і ў маім жыцці”. Зайшоўшы ў аддзел касметыкі і парфумы, я не на жарт разгубілася: “Якое ж малачко ад загару падыдзе маёй знаёмай?” Прадаўніцы адна перад адной прапаноўвалі мне сваю помач, а я ўпарта ад яе адмаўлялася. Чаму? А пайдзіце ў краму і паспрабуйце патлумачыць, што выбіраеце малачко ад загару для авечкі. У лепшым разе вас успрымуць як дзівачку. Пасля доўгіх перабораў сярод прадукцыі знакамітых фірмаў я спынілася на малачку для дзяцей, з не вельмі вялікай ахоўнай ступенню.
Потым на рыначку я набыла для Адэлі садавіны: чырванабокіх яблыкаў, сакавітых груш, некалькі памаранчыкаў. А яшчэ прыхапіла пакуначак свайго ўлюбёнага печыва. Ніхто ж ня ходзіць адведваць хворых з пустымі рукамі. Хоць Адэля папраўдзе, не хворая, а толькі пацярпелая ад стрэсу, прыемныя эмоцыі ёй будуць вельмі карысныя…
