Дзеткам

Кнігі

Калядны падарунак

Коміксы

Часопісы і альманахі

Казкі

Аўдыёкнігі

Выдавецтвы

Календары

Музыка

Рознае

Аўтары

Сэрыя "Паэты планеты"

Антоныч Багдан Ігар
Багдан Ігар Антоныч (1909–1937) – украінскі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, «закаханы ў жыццё паганец». Праз афіцыйную забарону шырокую вядомасць яго творы атрымалі толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Але пры гэтым Антоныч зрабіў моцны ўплыў на сучасную ўкраінскую паэзію.
Архілох
Архілох (каля 680 – каля 645 г. да н. э.) – старагрэцкі творца, самы старажытны з вядомых на сёння еўрапейскіх паэтаў-лірыкаў. У фрагментах яго вершаў і паэм, што дайшлі да нас з глыбінь вякоў, шчыльна пераплеценыя самыя інтымныя перажыванні з іроніяй і сарказмам, звернутымі да людзей, якіх паэт успрымаў адмоўна.
Блэйк Ўільям
Ўільям Блэйк (1757–1827) – англійскі паэт, мастак, мысляр і візіянер. Практычна невядомы як паэт пры жыц­ці, сёння лічыцца за ключавую фігуру ў гісторыі паэзіі і вы­яў­лен­чага мастацтва эпохі рамантызму.
Дзімча Дэбялянаў
Дзімча Дэбялянаў (1887-1916)— адзін з яскравых прадстаўнікоўбалгарскага сімвалізму. Свет яго лірыкі – гэта свет найінтымнейшых пачуццяў, уласцівых толькі глыбокай і складанай чалавечай натуры.
Кавафіс Канстандзінас
Канстандзінас Кавафіс (1863–1933) – сёння агульнапрызнаны як найбуйнейшы сярод паэтаў, якія пісалі на навагрэцкай мове. Большую частку свайго паэтычнага даробку стварыў, ужо дасягнуўшы саракагадовага ўзросту. Тым не менш, пры жыцці быў амаль не вядомы.
Каханоўскі Ян
Ян Каханоўскі (1530-1584) - стаў першым сапраўдным класікам славянамоўнай паэзіі эпохі Рэнесансу. У Польшчы, аж да прыходу ў яе літаратуру нашага земляка Адама Міцкевіча, лічыўся безумоўным «каралём паэтаў».
Рансар П'ер дэ
П'ера дэ Рансара (1524-1585) яшчэ пры жыцці ў роднай яму Францыі называлі «каралём паэтаў». Ён быў сапраўдным лідарам «Плеяды» – літаратурнай групоўкі, якая бачыла сваёй мэтай паказаць датуль не раскрытыя магчымасці французскай літаратурнай мовы і, у прыватнасці, французскага паэтычнага слова. Важную ролю ў беларускім перастварэнні паэзіі Рансара адыграла наша выдатная паэтка і перакладчыца Ніна Мацяш (1943–2008). Частка твораў у гэтым зборніку публікуецца ў новых перакладах Лявона Баршчэўскага і Зміцера Коласа.
Ду Фу
Ду Фу (712-770) – выбітны кітайскі паэт часоў Танскай дынастыі, якога, побач з Лі Баем (Лі Бо), часта называюць адным з найвялікшых кітайскіх паэтаў усіх часоў. Ягоная творчасць, будучы напачатку малавядомым іншым сучасным яму аўтарам, урэшце зрабіла вельмі вялікі ўплыў на кітайскую і японскую літаратуры. Праз шматлікія стагоддзі да нас дайшлі больш за паўтары тысячы яго вершаў.
Поццы Антонія
Антонія Поццы (1912–1938) – выдатная італьянская паэтка, якая пры жыцці не апублікавала ніводнага верша. Першы яе паэтычны зборнік выйшаў толькі пасля яе трагічнай смерці. У прадмове да другога выдання зборніка адзін з найбуйнейшых італьянскіх паэтаў ХХ ст., нобелеўскі лаўрэат Эўджэніа Мантале назваў яе «адзінай сапраўднай жанчынай-паэтам, якую бачыла Італія ў дваццатым стагоддзі».
Квазімада Сальваторэ
Сальваторэ Квазімада (1901–1968) – адзін з самых слынных італьянскіх паэтаў XX ст., лаўрэат літаратурнай Нобелеўскай прэміі 1959 г. Яго герметычная паэзія, скіраваная да невымоўнага, да маўчання і адсутнасці, поўная метафізічнага напружання яна ўспрымаецца як чысты акт абсалютнага валодання мовай, увасаблення яе сканцэнтраванага і сутнаснага складу.
Кітэльсэн Эрлінг
Эрлінг Кітэльсен адзін з вядомых сучасных паэтаў Нарвегіі, дапамагае інтэлектуальнай лірыцы. У сваіх творах ён дае новае прачытанне даўняй скандынаўскай міфалогіі і старадаўняга факту, які захаваў традыцыйнае разуменне чалавечнасці. Пры гэтым паэта глыбока непакоіць адмоўны цывілізацыйных дабротаў на прыроду і негатыўныя бакі сучаснага спажывецкага грамадства.
Марцінкявічус Юсцінас
Юсцінас Марцінкявічус (1930-2011) — прызнаны класік літоўскай паэзіі другой паловы мінулага і пачатку цяперашняга стагоддзя. Яго паэзіі ўласцівы тонкі лірызм, які незвычайным чынам спалучаецца з адметнай публіцыстычнасцю.
Тракль Геарг
Геарг Тракль (1887-1914) – адзін з самых яскравых паэтаў, прадстаўнікоў аўстрыйскага экспрэсіянізму. Так называюць неспакойнае, экстатычнае, творчае дзесяцігоддзе ў літаратуры паміж 1910 і 1920 гадамі з яго эксперыментамі і парываннямі, гукавай і колернай гарманічнасцю, меланхалічнасцю.
Хіменэс Хуан Рамон
Хуан Рамон Хіменэс (1891-1958) – іспанскі паэт, лаўрэат літаратурнай Нобелеўскай прэміі 1956 года, майстар кароткага верша. Захапленне жывапісам і еўрапейскай класічнай музыкай выхавала ў паэце абсалютны зрок ва ўспрыманні шматколернасці жыцця і абсалютны слых у адчуванні яго поліфанічнасці.
Бэлшавіца Візма
Візма Бэ́лшавіца (Элсберга, 1931–2005) латышская паэтка, якая валодала ўнікальным дарам лірычнага спасціжэння навакольнай, далёка не заўсёды паэтычнай рэчаіснасці. Неаднаразова вылучалася на Нобелеўскаю прэмію па літаратуры. Беларускія пераклады Васіля Сёмухі рабіліся ў шчыльным супрацоўніцтве з аўтаркай твораў.
Цвятаева Марына
Марына Цвятаева (1892-1941) – вядомая руская паэтэса, празаік, перакладчыца, уваходзіць у лік найлепшых рускіх паэтаў ХХ стагоддзя, хоць з тае прычыны, што яна была жонкаю белага афіцэра, яе творчасць аж да 1980-х гг. не вывучалася ў Расіі нават на філфаках універсітэтаў.
Фет Афанасій
Афанасій Фет (1820­–1892) – рускі паэт, перакладчык і мемуарыст, якога ўсе сучаснікі называлі сапраўдным і рэдкім лірычным талентам, а Мікалай Някрасаў лічыў, што такой паэтычнай асалоды, якую дорыць сваімі вершамі Фет, немагчыма знайсці ні ў якога рускага аўтара пасля Пушкіна.
Украінка Леся
Леся Украінка (Ларыса Косач, 1871–1913) – адна з самых яскравых асоб у праеўрапейскай украінскай літаратуры. Стварыла вялікую колькасць лірычных вершаў, паэм, вершаваных драм, перакладаў. У 1901 г. некалькі месяцаў пражыла ў Мінску, дзе даглядала свайго невылечна хворага каханага 30-гадовага Сяргея Мяржынскага.
Мідзьені
Мідзье́ні (сапраўднае Мілаш Дзьердзь Нікола; 1911–1938) – класік албанскай літаратуры, лёс якога шмат у чым падобны да лёсу нашага Максіма Багдановіча. У зборнік уключаныя ўсе без вынятку яго паэтычныя творы, а таксама выбраныя лірычныя мініяцюры.
Багдановіч Максім
Максім Багдановіч (1891–1917) — класік беларускае паэзіі, які, творачы ў рэчышчы сімвалізму, неарамантызму і дэкадансу, вярнуў яе ўніверсальнае еўрапейскае аблічча Жывучы вялікую частку жыцця далёка па-за межамі Бацькаўшчыны (Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Ялта), ён здолеў выхаваць ў сабе любоўю да беларускага слова, беларускай міфалогіі, гісторыі, культуры. Зборнік уключае не толькі вядомыя творы школьнай праграмы, а і ўзоры самай глыбокай, інтымнай лірыкі вялікага паэта.
Байран Джордж Гордан
Джордж Гордан Байран (1788-1824) - выдатны англійскі паэт-рамантык і драматург. Імя Байрана дало назву цэламу кірунку еўрапейскае думкі.
Бухтуры Абу Убада аль
Абу Убада аль-Ўалід аль-Бу́хтуры (821–897), родам з Сірыі, – адзін з самых значных прадстаўнікоў сярэдневечнай арабскай літаратуры, у творчасці якога своеасаблівым чынам спалучыліся традыцыі даўнейшай бедуінскай і пазнейшай ісламскай паэзіі.
Бялік Хаім Нахман
Хаім Нахман Бялік (1873–1934), родам з украінскай Жытоміршчыны, яшчэ пры жыцці здабыў славу безумоўнага класіка габрэйскай паэзіі. Пісаў у асноўным на іўрыце, але аддаваў належнае і сваёй роднай мове, ідыш. У 1921 г. атрымаў пашпарт грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1924 г. жыў у Тэль-Авіве.
Кэмпбэл Рой
Рой Кэмпбэл (1901 — 1957) — паўднёваафрыканскі паэт, які пісаў па-англійску і значную частку сваю жыцця пражыў у Еўропе. Дзякуючы, у т. л., гэтаму яго творчасць атрымала высокую ацэнку ад такіх паэтаў, як Т. С. Эльёт або Дылан Томас. Яго, аднаго з творцаў, познерамантычнай традыцыі, называлі нават “Байранам таго часу”.
Ленау Нікалаус
Нікалаус Ленау (1802 – 1850) – нямецкамоўны паэт, народжаны на славянска-вугорска-румынскім памежжы колішняй Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў. Яго творчасць, з аднаго боку, абапіралася на традыцыі еўрапейскага рамантызму, а з другога, у ёй знайшла увасабленне эстэтыка плыні «бідэрмаер», якая імкнулася адрадзіць асобныя дарамантычныя мастацкія каштоўнасці.
Петэфі Шандар
Шандар Петэфі (1823-1849) — нацыянальны паэт Венгрыі, пачынальнік рамантычнай паэзіі на венгерскай мове. Для Венгрыі яго творчасць мела такое самае значэнне, як творчасць Янкі Купалы для Беларусі.
Обстфельдэр Сігбʼёрн
Сігб'ёрн Обстфельдэр (1866-1900) - нарвежскі паэт, пражыў нядоўгае жыццё, але паспеў здабыць сабе вядомасць як адзін з пачынальнікаў скандынаўскага мадэрнізму ў інтымнай і філасофскай лірыцы. У яго творчай спадчыне найбольш значнае месца займаюць верлібры і вершы ў прозе.
Сарбеўскі Мацей Казімір
Мацей Казімір Сарбеўскі (1595-1640) – новалацінскі паэт польскага паходжання. Лічыцца ці не самым знакамітым паэтам лацінскай мовы ў XVII ст., бо яшчэ пры жыцці займеў у Еўропе мянушку «хрысціянскага» або «сармацкага» Гарацыя. Істотная частка жыцця Сарбеўскага-паэта, а таксама выкладчыка рыторыкі і паэтыкі, звязана з Вільняй, Полацкам, Нясвіжам.
Стэйнар Стэйн
Стэйн Стэйнар (1908-1958) – ісландскі паэт, які, пачаўшы з вострасацыяльных традыцыйных вершаў, пад уплывам сюррэалізму перайшоў да эксперыментаў з абстрактнымі стылямі і фактычна стаў пачынальнікам мадэрнізму ў паэзіі Ісландыі.
Хікмет Назым
Назым Хікмет (1902–1963) – адзін з самых знакамітых паэтаў Турцыі, у творчасці якога адбылося мастацкае пераасэнсаванне традыцый усходняй паэзіі на карысць вобразаў і сімвалаў еўрапейскай лірычнай класікі. Камуніст-рамантык, шматгадовы вязень турэцкіх турмаў, ён пасля выхаду на свабоду ў пачатку 1950-х гг. прыняў польскае грамадзянства пад прозвішчам Ран-Бажэнцкі.
Эмінэску Міхай
Міхай Эмінэску (1850 – 1889) – самы вялікі паэт у гісторыі румынскай літаратуры. На яго творчасць велізарны ўплыў мелі нацыянальная міфалогія і фальклор, а таксама філасофскія сістэмы Артура Шапенгаўэра і асобных мысляроў Усходу.
Гёльдэрлін Фрыдрых
Не зразуметы і належным чынам не ацэнены сучаснікамі нямецкі паэт Ёган Крысціян Фрыдрых Гёльдэрлін (1770–1843) быў асобай унікальнага светаадчування, творчасць якой моцна паўплывала на паэзію ХХ стагоддзя.
Эльёт Томас Стэрнз
Томас Стэрнз Эльёт (1888-1965) — англійскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў ХХ ст., лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1948).
Вырхліцкі Яраслаў
Яраслаў Вырхліцкі (або Врхліцкі; 1853-1912) – чэшскі паэт; быў адным з лідараў чэшскай паэтычнай суполкі «Лумір», якая сваёй мэтай ставіла прышчапленне на нацыянальным грунце досведу найбуйнейшых еўрапейскіх літаратур таго часу.
Бгартрыгары
Бгартрыгары (570?–651?) – індыйскі мовазнаўца і паэт, аўтар знакамітага філасофска-лінгвістычнага трактата "Пра словы ды сказы". Традыцыйна лічыцца і аўтарам зборніка "Тры сотні" – нізкі паэтычных выслоўяў пра правільныя паводзіны, каханне ды аскетызм, – выбраныя вершы з якога прапануюцца ў гэтай кнізе.
Бачыньскі Кшыштаф Каміль
Кшыштаф Каміль Бачыньскі (1921–1944) – самы значны польскі паэт з «пакалення калумбаў», што сталеў у часы Другой сусветнай вайны і загінуў на чацвёрты дзень Варшаўскага паўстання. Шукаў новыя паэтычныя формы для апісання досведу жыцця пад акупацыяй, і яго апакаліптычныя вершы адлюстроўваюць лёс асобы, якой давялося сутыкнуцца з вялікай гісторыяй.
Катул Гай Валерый
Гай Валерый Катул (каля 84 да н. э. – каля 54 да н. э.) – рымскі паэт часоў позняй рэспублікі, найважнейшы з неатэрыкаў. Вершы Катула – далікатныя прызнанні ў каханні, кпіны з сяброў, надзвычай вынаходлівая лаянка н ворагаў – высока цаніліся ў антычнасці. Усе пераклады ў зборніку друкуюцца ўпершыню.
Вянцлава Томас
Томас Вянцлава (нар. у 1937) – на сёння самы вядомы ў свеце паэт з ліку тых, што пішуць па-літоўску. У 1960–1970‑х гг. быў актыўным удзельнікам дысідэнцкага руху ў савецкай імперыі, уваходзіў у літоўскую Хельсінкскую групу, за што быў арыштаваны і ў 1977 г. высланы з СССР. Цяпер зноў жыве на радзіме. Быў добра знаёмы з паэтамі-нобелеўскімі лаўрэатамі Чэславам Мілашам, Шэймусам Хіні, Іосіфам Бродскім.
Паўлікоўска-Яснажэўска Марыя
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска (1891–1945) – польская паэтка, звязаная з колам скамандрытаў, яскравая прадстаўніца міжваеннага дзесяцігоддзя. У яе вершах, іранічных, пачуццёвых і афарыстычных, увасоблены дух часу – вера ў прагрэс, цікавасць да навукі і табуяванай на той час тэмы жаночай цялеснасці, з якой паэтка абыходзілася скандальным, на думку тагачасных крытыкаў, чынам. У пазнейшай творчасці звярталася да асэнсавання Другой сусветнай вайны.
Сасюра Валадымір
Валадымір Сасюра (1898-1965) — выдатны ўкраінскі паэт і перакладчык, аўтар больш як 40 паэтычных зборнікаў. Быў шчырым сябрам Беларусі, якую называў сінявокай сястрой Украіны. Сябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі, асабліва былымі маладнякоўцамі Уладзімірам Дубоўкам і Андрэем Александровічам.
Марцыял Марк Валерый
Марк Валерый Марцыял (каля 40 - паміж 102 і 104) – адзін з найбольш значных паэтаў срэбнага веку старажытнарымскай літаратуры, незраўнаны майстар эпіграмы і, магчыма, найлягчэйшы для сучаснага чытача антычны класік.
Ласкер-Шулер Эльза
Эльза Ласкер-Шулер (1869-1945) – нямецкая паэтка габрэйскага паходжання, знаходзілася пад моцным уплывам нямецка-аўстрыйскага экспрэсіянізму, еўрапейскага неарамантызму і псіхалагізму. Яе творчасць у выніку падзей няпростага часу эвалюцыянавала ад непахіснай жыццярадаснасці да змрочнай замкнёнасці ў сабе, ад захаплення гісторыяй Зямлі Абяцанай да расчаравання сучасным ёй ладам жыцця блізкаўсходніх габрэяў.
Брусаў Валерый
Валерый Брусаў (1873-1924) — рускі паэт, які належаў да пакалення «старэйшых сімвалістаў», «самы культурны пісьменнік на Русі» (М. Горкі), творы якога да 1918 г. вызначаюцца пэўнымі дэкадэнцкімі настроямі, пазбаўленыя імкнення да палітычнай, рэлігійнай, філасофскай барацьбы. У жніўні 1914 г. у Вільні пазнаёміўся з Янкам Купалам, у выніку чаго стаў адным з першых перакладчыкаў яго паэзіі на рускую мову.
Чакс Аляксандр
Аляксандр Чакс – латышскі паэт і празаік. Друкаваўся з 1925 г. Прызнаны урбаніст, пясняр прадмесцяў, дзе жыў звычайны працоўны люд; майстар вольнага верша. Найбольш плённы перыяд яго творчасці – 30-я гады ХХ стагоддзя, эпоха першай латвійскай незалежнасці. Вершы і паэмы Чакса публікуюцца ў перакладзе выбітнага беларускага творцы Васіля Сёмухі.
Стральцоў Міхась
Міхась Стральцоў (1937–1987) – аўтар знакамітых «Сена на асфальце» і «Смалення вепрука», раптам перастаў пісаць прозу, але зрабіўся адным з найлепшых беларускіх паэтаў. Парадаксальнасць і спавядальнасць, «дзіцячая» шчырасць захаплення і «дарослая» трагічная іронія, пільная ўвага да жыцця і глыбокая абазнанасць у культуры - усё згаданае пазначае «пячаткай майстра» вершы, сабраныя ў гэтай кнізе.
Шленгель Уладыслаў
Уладыслаў Шленгель (1912 або 1914–1943) – польскі паэт, публіцыст, сатырык габрэйскага паходжання. Да пачатку Другой сусветнай вайны быў вядомы як аўтар шэрагу папулярных песень, якія пісаў для варшаўскіх тэатраў-кабарэ дзе і сам выступаў як эстрадны артыст. Яго вершы перыяду Халакосту сталі каштоўнай хронікай жыцця габрэяў варшаўскага гета падчас паўстання, у якім паэт быў забіты.
Косавел Срэчка
Срэчка Косавел (1904–1926) – славенскі паэт-авангардыст, які гарнуўся да дадаізму, але асабліва – да канструктывізму, адкуль і пайшла назва шэрагу яго вершаў-кансаў. Лічыцца адным з найбольш значных мадэрнісцкіх паэтаў не толькі Славеніі, але ўсёй Цэнтральнай Еўропы.
Мандэльштам Восіп
Восіп Мандэльштам (1891–1938) – народжаны ў Варшаве ў габрэйскай сям'і (яго маці паходзіла з Вільні), справядліва лічыцца адным з найлепшых паэтаў рускай мовы ў ХХ стагоддзі. У яго творчасці можна бачыць уплывы паэтыкі неакласіцызму, сімвалізму, акмеізму. Ахвяра сталінскага тэрору (памёр на турэмным перасыльным пункце Уладзівастока).
Вала Катры
Катры Вала (псеўданім Карын Алісы Хейкель, 1901–1944) – адна з самых вядомых паэтак у гісторыі фінскай літаратуры. Уваходзіла ў літаратурныя групоўкі «Носьбіты агню» і «Клін». Аўтарка некалькіх невялікіх зборнікаў вершаў, якія сталі знакавымі для нацыянальнай літаратуры. З мовы арыгінала яе творы пераклаў Якуб Лапатка, вядомы таксама як перакладчык неўміручай «Калевалы».
Саба Умбэрта
Умбэрта Саба (1883 – 1957) – італьянскі паэт, які ўмеў знайсці ў будзённай празаічнасці звычайнага гарадскога жыцця крыніцу лірычнага натхнення і першасную мой. якая адкрываецца толькі ў сапраўдным творчым пошуку.
Містраль Габрыэла
Габрыэла Містраль – псеўданім чылійскай паэткі Люсілы Гадой Алькаяга (Lucila de María Godoy Alcayaga, 1889–1957), лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Беларускія пераклады яе найлепшых вершаў выкананыя класікам нашай паэзіі Рыгорам Барадуліным у цесным супрацоўніцтве з Карласам Шэрманам.
Бядуля Змітрок
Змітрок Бядуля (сапраўднае Шмул Плаўнік, 1886–1941) – класік беларускай літаратуры, габрэй з паходжання. Аўтар адметных паэтычных твораў, у тым ліку лірычных імпрэсій і абразкоў.
Леапардзі Джакама
Джакама Леапардзі (1798 – 1837) – адна з самых значных постацяў шматвяковай італьянскай паэзіі. Лірычны герой яго рамантычнай, з элементамі эстэтыкі, лірыкі – асоба, якая пастаянна знаходзіцца ў разладзе з сабою і імкнецца да ўцёкаў ад самае сябе.
Бабур Захірыддзін Мухамад
Захірыддзін Мухамад Бабур (1483–1530) - вялікі дзяржаўны дзеяч, вайскавод, заснавальнік імперыі Бабурыдаў - быў адным з самых значных паэтаў, якія пісалі на стараўзбецкай (цюркскай-чагатайскай) мове. Яго ўнікальны « Дыван» - зборнік рукапісаў вершаваных твораў розных жанраў (газэлі, рубаі, туюгі, мэснэві, фарды).
Вальеха Сэсар
Сэсар Вальеха (1892–1938) нарадзіўся і гадаваўся ў Перу, пісаў на іспанскай мове. Значную частку жыцця правёў у Парыжы, што не перашкодзіла яму зрабіцца адным з самых знакамітых лацінаамерыканскіх паэтаў ХХ стагоддзя.
Тагор Рабіндранат
Рабіндранат Тагор (1861-1941) — індыйскі паэт, драматург, філосаф, мастак, кампазітар, грамадскі і палітычны дзеяч. Пісаў на бенгалі. У 1912 годзе, плывучы параходам у Вялікабрытанію, перастварыў зборнік сваіх ахвярных песнаспеваў («Гітанджалі») на англійскай мове, і ў тым самым годзе яны былі выдадзеныя ў Лондане. А ўжо ў 1913 годзе Раіндранат Тагор стаў першым нееўрапейцам-лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
Лоўсан Генры
Генры Лоўсан (1867–1922) -- паэт і аўтар кароткай прозы, належыць да безумоўны класікаў літаратуры Аўстраліі каланіяльнага перыяду і першых дзесяцігоддзяў яе незалежнага існавання. Яго творчасць адметная сваёй асаблівай шчырасцю і прастатою.
Секунд Ян
Ян Секунд з Гаагі (прозвішча пры нараджэнні: Эверартс; 1511–1536) – новалацінскі паэт эпохі Адраджэння, жыццё якога было звязана з Галандыяй, Фландрыяй і Іспаніяй. Найбольш вядомы сваёй любоўнай лірыкай, натхнёнай яго ўласнымі пачуццямі да зямлячкі Юліі і іспанкі Неэры. Сапраўды сусветную славу ён здабыў цыклам «Пацалункі», перакладзеным на шматлікія мовы.
Бараташвілі Нікалоз
Нікалоз Бараташвілі (1817–1845) – вялікі паэт-рамантык, чалавек складанага лёсу. Цяпер яго лічаць класікам грузінскай літаратуры, аднак пры жыцці не было надрукавана ніводнага яго паэтычнага радка. Некалькі вершаў пабачылі свет праз сем гадоў пасля паэтавай смерці, а па выданні зборніка ў 1876 годзе Бараташвілі стаўся найпапулярнейшым паэтам у Грузіі, ці не другім следам за Шата Руставэлі.
Анакрэон
Анакрэон (каля 572 – каля 485 гг. да н. э.) – старагрэцкі паэт, жыццялюбная лірыка якога, дайшоўшы да нашчадкаў у невялікіх фрагментах, натхняла новыя і новыя пакаленні паэтаў у самых розных краінах свету. У дадатку змешчаны ўзоры іншай грэцкай анакрэантычнай паэзіі.
Энхедуанна
Энхедуанна (даслоўна: «найвышэйшая жрыца бога Ану», каля 2285 - каля 2250 г. да н. э.) дачка заснавальніка дынастыі Саргона Акадскага, якая лічыцца першым гіста-рычна вядомым аўтарам, чые творы дайшлі да нас у пісьмо-вым выглядзе. У кнігу ўвайшлі ўпершыню перакладзеныя на беларускую мову гімны і паэмы Энхедуанны.
Няма на складзе
Барадулін Рыгор
Рыгор Барадулін (1935–2014) унікальны майстар беларускага слова, бліскучы паэт і перакладчык, аўтар больш як ста кніжак. Яго паэтычныя творы перакладзены на дзясяткі моваў свету.